Беларусь: Пятая сустрэча Кансультатыўнай групы з дэмакратычнымі сіламі ды грамадзянскай супольнасцю адбылася ў Бруселі

12.06.2025
Брусэль
EEAS Press Team

11 чэрвеня ў Бруселі адбылася 5-я сустрэча Кансультатыўнай групы Еўрапейскага саюза і дэмакратычных сіл ды арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі. ЕС пацвердзіў сваю нязменную падтрымку народа Беларусі ды яго законных дэмакратычных памкненняў.

Кансультатыўная група абмеркавала крызіс у сферы правоў чалавека ў краіне, звярнуўшы асаблівую ўвагу на цяжкае становішча амаль 1200 палітычных зняволеных, якія павінны быць неадкладна і безумоўна вызваленыя, а таксама на адказнасць тых, хто ажыццяўляе сістэмныя рэпрэсіі.

Удзельнікі таксама абмеркавалі нарастанне супрацоўніцтва Беларусі з Расіяй і залежнасці Беларусі ад Расіі, у тым ліку ролю рэжыму ў падтрымцы агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны ды працяг інструменталізацыі міграцыі на межах ЕС.

На сустрэчы таксама ацанілі канкрэтныя захады дзеля спрыяння дэмакратычнай устойлівасці, у тым ліку пашырэнне падтрымкі грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ Беларусі, мабільнасці моладзі і доступу да адукацыі ў ЕС. Удзельнікі таксама абмяняліся меркаваннямі аб супрацьдзеянні прапагандзе і ўмацаванні падмуркаў для будучага дэмакратычнага пераходу ў краіне.

ЕС пацвердзіў свой падвойны падыход: падтрыманне ціску на рэжым, у тым ліку праз мэтанакіраваныя абмежавальныя меры, і адначасова працяг падтрымкі народа Беларусі. ЕС пацвердзіў сваю гатоўнасць актываваць комплексны план аб’ёмам тры мільярды еўра, як толькі Беларусь пачне пераход да дэмакратыі. З часу сфальсіфікаваных выбараў 2020 года ЕС мабілізаваў амаль 170 мільёнаў еўра для падтрымкі дэмакратычных памкненняў беларускага народа. ЕС па-ранейшаму адданы справе падтрымкі незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасці Беларусі, а таксама дасягнення справядлівасці для ахвяр прыгнёту і забеспячэння адказнасці вінаватых у парушэннях правоў чалавека.

Сустаршынямі сустрэчы былі кіруючы дырэктар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Міхаэль Зіберт і лідар дэмакратычных сіл Беларусі Святлана Ціханоўская.

Anitta Hipper
Lead Spokesperson for Foreign Affairs and Security Policy
+32 (0) 2 298 56 91
+32 (0) 460 76 14 21
Pedro FONSECA MONIZ
Press Officer for Foreign Affairs and Security Policy
+32 (0)2 291 38 76
+32 (0)460 76 14 96