Заключэнні Еўрапейскага савета адносна Украіны, 30 мая 2022 года

 

 

Украіна

1. Еўрапейскі савет рашуча асуджае агрэсіўную вайну Расіі супраць Украіны. Ён заклікае Расію неадкладна спыніць безразборлівыя атакі на мірных жыхароў і грамадзянскую інфраструктуру, а таксама неадкладна і безумоўна вывесці ўсе свае войскі і ваенную тэхніку з усёй тэрыторыі Украіны ў межах яе міжнародна прызнаных межаў. Немагчыма апісаць словамі зверствы, якія здзяйсняюць расійскія войскі, і пакуты і разбурэнні, якія яны нясуць за сабой. Еўрапейскі савет заклікае Расію даць неадкладны гуманітарны доступ і забяспечыць бяспечны калідор для ўсіх грамадзянскіх асоб. Еўрапейскі савет чакае поўнага захавання міжнароднага гуманітарнага права, уключаючы Жэнеўскую канвенцыю аб абыходжанні з ваеннапалоннымі. Ён таксама заклікае Расію неадкладна прадаставіць украінскім грамадзянам, гвалтоўна вывезеным у Расію, магчымасць без рызыкі для жыцця вярнуцца дадому.

2. Еўрапейскі cавет захапляецца мужнасцю і рашучасцю ўкраінскага народа і кіраўніцтва краіны, якія ваююць, каб абараніць суверэнітэт, тэрытарыяльную цэласнасць і свабоду Украіны. ЕС застаецца адданым узятаму на сябе абавязацельству дапамагчы Украіне ў рэалізацыі яе неад'емнага права абараняць сябе ў барацьбе з расійскай агрэсіяй і будаваць мірную, дэмакратычную і квітнеючую будучыню. Для гэтага ЕС працягне шчыльна супрацоўнічаць з міжнароднымі партнёрамі.

Міжнароднае правасуддзе

3. Еўрапейскі савет выказвае ўдзячнасць усім, хто дапамагае збіраць доказы і расследаваць ваенныя злачынствы і іншыя цяжкія злачынствы, і падтрымлівае актыўную працу Пракурора Міжнароднага крымінальнага суда. ЕС таксама высока шануе працу Генеральнага пракурора Украіны. Еўрапейскі саюз і яго краіны-члены для гэтага аказваюць Украіне фінансавую падтрымку і дапамогу ў нарошчванні патэнцыялу. ЕС вітае стварэнне Сумеснай следчай групы, якую каардынуе Еўраюст, чыя роля была ўзмоцнена, і пастаянную аператыўную падтрымку, якую аказвае Еўрапол. Расія, Беларусь і ўсе вінаватыя будуць прыцягнуты да адказнасці за свае дзеянні ў адпаведнасці з міжнародным правам.

Санкцыі

4. Еўрапейскі савет мае намер узмацніць ціск на Расію і Беларусь, каб спыніць вайну Расіі супраць Украіны. Еўрапейскі савет заклікае ўсе краіны далучыцца да санкцый ЕС. Неабходна спыняць любыя спробы абысці санкцыі ці дапамагчы Расіі іншымі спосабамі.

5. Еўрапейскі савет згодны з тым, што шосты пакет санкцый супраць Расіі будзе распаўсюджвацца на сырую нафту, а таксама нафтапрадукты, якія пастаўляюцца з Расіі ў краіны-члены ЕС. Часовае выключэнне робіцца для сырой нафты, якая паступае па нафтаправодзе.

6. Еўрапейскі савет заклікае Савет ЕС дапрацаваць і прыняць яго [шосты пакет санкцый] без прамаруджвання, забяспечваючы добрае функцыянаванне адзінага рынку ЕС, сумленную канкурэнцыю, салідарнасць паміж дзяржавамі-членамі Еўрапейскага саюза і роўныя ўмовы гульні ў пытанні паступовага пераадолення залежнасці ад расійскага выкапнёвага паліва. У выпадку раптоўных перабояў з пастаўкамі будуць уведзены надзвычайныя меры для забеспячэння стабільнасці паставак. Камісія будзе ажыццяўляць маніторынг і рэгулярна даваць справаздачу перад Саветам аб рэалізацыі мер для забеспячэння роўных умоў на адзіным рынку ЕС і надзейнасці паставак.

7. Еўрапейскі савет як мага хутчэй вернецца да пытання аб часовым выключэнні для сырой нафты, якая пастаўляецца па нафтаправодзе.

Гуманітарная і фінансавая падтрымка

8. Еўрапейскі саюз працягне аказваць падтрымку Украіне, каб задаволіць яе гуманітарныя патрэбы і патрэбы ў ліквіднасці і аднаўленні.

9. З пачатку расійскай агрэсіі Еўрапейскі саюз узмацняе сваю падтрымку Украіне, каб забяспечыць агульную эканамічную, сацыяльную і фінансавую ўстойлівасць краіны, у тым ліку дзякуючы аказанню гуманітарнай дапамогі. У сувязі з гэтым Еўрапейскі савет высока ацэньвае вынікі Міжнароднай канферэнцыі донараў, якая прайшла на высокім узроўні і была арганізавана сумесна з Польшчай і Швецыяй.

10. Еўрапейскі саюз і яго краіны-члены прадаставілі абарону мільёнам бежанцаў, якія ратуюцца ад вайны ва Украіне, і па-ранейшаму гатовы прымаць іх і гарантаваць іх бяспеку, у тым ліку аказваючы дапамогу суседнім дзяржавам. Еўрапейскі савет прапануе Камісіі прадставіць новыя ініцыятывы ў рамках Шматгадовай фінансавай рамачнай праграмы, каб падтрымаць гэтыя намаганні.

11. Еўрапейскі саюз разам з партнёрамі па G7 («Вялікай сямёрцы») будзе і надалей падтрымліваць украінскі ўрад, каб задаволіць усе тэрміновыя патрэбы краіны ў ліквіднасці. ЕС пацвярджае гатоўнасць аказваць дапамогу, абвешчаную ў рамках G7. Еўрапейскі саюз гатовы прадаставіць Украіне новую выключную макрафінансавую дапамогу ў памеры да 9 млрд. еўра ў 2022 годзе. У гэтым кантэксце Еўрапейскі савет заклікае разгледзець прапанову Камісіі адразу ж пасля таго, як яна будзе прадстаўлена.

12. Аднаўленне Украіны запатрабуе ўсебаковай падтрымкі, каб можна было зноў адбудаваць краіну, гледзячы ў будучыню. Еўрапейскі саюз і яго дзяржавы-члены гатовы адыграць у гэтай справе важную ролю. Варта разгледзець магчымасць стварэння платформы па аднаўленні Украіны. Яна павінна аб'яднаць украінскі ўрад, Еўрапейскі саюз і яго краіны-члены, Еўрапейскі інвестыцыйны банк, а таксама міжнародных партнёраў, фінансавыя ўстановы, арганізацыі, экспертаў і зацікаўленыя бакі. Падтрымка ЕС у аднаўленні краіны будзе звязана з рэалізацыяй рэформ і антыкарупцыйных мер, якія адпавядаюць яе еўрапейскаму шляху. Грунтуючыся на гэтым, Еўрапейскі савет прапануе Камісіі ўнесці свае прапановы.

13. Еўрапейскі савет вітае намаганні краін-членаў ЕС, накіраваныя на замацаванне ў нацыянальным заканадаўстве мер па канфіскацыі, і заклікае Савет аператыўна вывучыць нядаўнюю прапанову Камісіі па крымінальна-прававых мерах у выпадку парушэння санкцый ЕС. Еўрапейскі савет падтрымлівае актыўнае вывучэнне далейшых варыянтаў у адпаведнасці з заканадаўствам ЕС і міжнародным правам, у тым ліку варыянты, якія прадугледжваюць выкарыстанне замарожаных расійскіх актываў для аднаўлення Украіны.

Ваенная падтрымка

14. Еўрапейскі саюз адданы абавязацельству і далей умацоўваць здольнасць Украіны абараняць сваю тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт. Еўрапейскі савет вітае нядаўняе рашэнне Савета ЕС аб павелічэнні ваеннай падтрымкі Украіне ў рамках Еўрапейскага фонду міру.

Эканамічная падтрымка

15. Еўрапейскі савет вітае рашэнне аб скасаванні на год імпартных пошлін на ўсе тавары, якія экспартуюцца з Украіны ў Еўрапейскі саюз.

Палітычная падтрымка

16. Еўрапейскі савет прымае да ўвагі падрыхтоўку заключэнняў Камісіі па заяўцы на членства ў ЕС ад Украіны, а таксама Рэспублікі Малдова і Грузіі і вернецца да гэтага пытання падчас чэрвеньскага пасяджэння.

17. Еўрапейскі саюз і краіны-члены будуць нарошчваць намаганні па ўстанаўленні кантактаў з трэцімі краінамі, каб падтрымаць Украіну ва ўсіх сферах, даць адпор ілжываму расійскаму наратыву і маніпуляванню інфармацыяй, а таксама прадухіліць ухіленне ад санкцый і іх абход.

Наступствы для суседніх краін

18. Еўрапейскі савет уважліва сочыць за тым, як вайна Расіі супраць Украіны адбіваецца на суседніх краінах і Заходніх Балканах. Еўрапейскі савет акцэнтуе ўвагу на неабходнасці аказаць усю патрэбную дапамогу Рэспубліцы Малдова, якая змагаецца з узаемазвязанымі энергетычным і эканамічным крызісамі, а таксама з міграцыйным ціскам, выкліканым вайной. Еўрапейскі савеі зноў заклікае спыніць рэпрэсіі ў Беларусі і нагадвае аб дэмакратычным праве беларускага народа на новыя, свабодныя і справядлівыя выбары.