Заява Высокага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Федэрыкі Магерыні з нагоды Міжнароднага дня памяці ахвяр Халакоста
Халакост і Другая сусветная вайна як нішто іншае паўплывалі на сучасную гісторыю Еўропы. Асновай Еўрапейскага саюза стала жаданне заявіць: «Ніколі больш». Нацысцкі рэжым і яго саюзнікі спрабавалі знішчыць разнастайнасць Еўропы, забіваючы яўрэяў, рома, сінці, гомасексуалістаў, людзей з абмежаванымі магчымасцямі, усіх, хто не падзяляў ідэалогію нацыстаў. Пасля гэтай трагедыі – найвялікшай у гісторыі чалавецтва – мы прынялі ўласную разнастайнасць і зрабілі яе асновай ЕС.
Але нават праз 70 гадоў у Еўропе нарастае хваля антысемітызму, дыскрымінацыі і распальвання нянавісці. Лепшае проціяддзе супраць гэтага вар'яцтва – веданне. Вельмі важна, каб нашы дзеці ведалі пра Шоа і наведвалі Асвенцым і іншыя канцэнтрацыйныя лагеры, каб разумець, што адбылося, і ніколі не дапускаць паўтарэння гэтага.
Але яшчэ больш важна, каб яўрэйская культура заставалася неад'емнай часткай агульнай культуры Еўропы, як гэта было заўсёды. Гісторыя ЕС звязана з гісторыяй яўрэйскага народа. Без памяці пра Шоа, без еўрапейскіх яўрэяў не было б і Еўрапейскага саюза.
Захоўваць і перадаваць гэтыя ўспаміны – доўг у адносінах да загінулых і да нашых дзяцей. Успаміны не могуць працаваць толькі на мінулае: яны павінны фармаваць нашу сучаснасць і будучыню. Словы, якія мы прамаўляем у Дзень памяці ахвяраў Халакосту, павінны ператварацца ў палітыку, якая праводзіцца штодня. І кожны дзень разам з нашымі партнёрамі мы прыкладаем намаганні, каб змагацца з тэрарызмам, антысемітызмам, ксенафобіяй і распальваннем нянавісці на ўсёй тэрыторыі нашага рэгіёну. Мы працуем над захаваннем не толькі ўспамінаў пра Халакост, але і культурнай і рэлігійнай разнастайнасці нашага кантынента. Адзіны спосаб ушанаваць памяць ахвяраў Халакосту – ператварыць успаміны ў абяцанне лепшай будучыні.