THIS CONTENT HAS BEEN ARCHIVED

Працягваючы глабальнае змаганне за захаванне клімату

23.06.2017
Teaser

Падпісаўшы Парыжскае пагадненне і абавязаўшыся захоўваць самую крыніцу жыцця: нашу планету і яе прыроду—наш свет узяў на сябе адказнасць за сваю сучаснасць і будучыню. Пагадненне аб прадухіленні кліматычных зменаў з'яўляецца беспрэцэдэнтным прыкладам шматбаковага партнёрства паміж амаль 200 краінамі, падтрыманага прадпрыемствамі і супольнасцямі па ўсім свеце і накіраванага на вырашэнне праблемы, якая стаіць перад усімі намі. Гэта задача, якую мы можам вырашаць толькі разам, і з самага пачатку Еўропа была ў авангардзе гэтага калектыўнага руху.

Text

Падпісаўшы Парыжскае пагадненне і абавязаўшыся захоўваць самую крыніцу жыцця: нашу планету і яе прыроду—наш свет узяў на сябе адказнасць за сваю сучаснасць і будучыню. Пагадненне аб прадухіленні кліматычных зменаў з'яўляецца беспрэцэдэнтным прыкладам шматбаковага партнёрства паміж амаль 200 краінамі, падтрыманага прадпрыемствамі і супольнасцямі па ўсім свеце і накіраванага на вырашэнне праблемы, якая стаіць перад усімі намі. Гэта задача, якую мы можам вырашаць толькі разам, і з самага пачатку Еўропа была ў авангардзе гэтага калектыўнага руху.

Тым часам усё часцей прызнаецца, што сумесным дзеянням няма альтэрнатывы. Сёння ў большай ступені чым калі-небудзь раней Еўропа застаецца вернай гэтаму эпахальнаму пагадненню, якое будзе рэалізоўвацца за кошт эфектыўнай палітыкі ў галіне клімату і ўмацавання супрацоўніцтва ў мэтах стварэння трывалых партнёрскіх адносін, а таксама далейшай падтрымкі самых бедных і ўразлівых груп насельніцтва. Мы бачым, як усё большая колькасць людзей вымушана пераязджаць, цярпець галечу з-за засухі ці паводкі, звязаных са змяненнем клімату. Для Еўропы барацьба са зменай клімату з'яўляецца пытаннем палітычнай адказнасці і шматбаковага ўзаемадзеяння, а таксама пытаннем бяспекі і перадумовай прадухілення канфліктаў і нават радыкалізацыі.

Менавіта таму Еўрапейскі саюз не будзе пераглядаць Парыжскае пагадненне. Мы патрацілі 20 гадоў на перамовы. Цяпер настаў час для дзеянняў, прыярытэтам для свету з'яўляецца рэалізацыя.І зараз, змагаючыся супраць кліматычных зменаў дзеля будучыні, мы ствараем безліч магчымасцяў дзеля сучаснасці шляхам распрацоўкі новых і больш эфектыўных падыходаў да вытворчасці і спажывання, інвеставання і гандлю і абароны жыцця, рэсурсаў і крыніц даходу на карысць усіх людзей, а таксама ўсёй планеты.

Для паскарэння ўсеагульнага пераходу да мадэлі развіцця, якое характарызавалася б нізкім ўзроўнем выкідаў і кліматычнай устойлівасцю, мы пачалі ўмацоўваць нашы існуючыя партнёрскія адносіны, шукаць і знаходзіць новых саюзнікаў—ад найбуйнейшых эканомік свету да найбольш уразлівых астраўных дзяржаў. І гэта правільна, бо ад Арктыкі да Сахель змяненне клімату з'яўляецца сучаснай рэальнасцю, а не аддаленай небяспекай у будучыні.

Мы чакаем, што ўсе краіны далучацца да Парыжскага пагаднення і рэалізуюць свае заявы на практыцы праз імплементацыю сваіх нацыянальных кліматычных планаў і паступовую актывізацыю сваіх намаганняў. Планы павінны быць неадкладна ператвораны ў канкрэтныя, дзейсныя праграмы і меры.

Еўрапейскі саюз ужо скончвае працу над заканадаўчай і нарматыўнай базай, неабходнай для выканання нашых абавязкаў па Парыжскім пагадненні, скарачэння выкідаў як мінімум на 40% да 2030 года ў параўнанні з 1990 годам. Нашы заканадаўчыя меры датычаць усіх галін эканомікі. Мы надаем першаснае значэнне энергаэфектыўнасці і павялічваем выкарыстанне аднаўляльных крыніц энергіі па ўсім блоку.

Змаганне са змяненнем клімату ідзе поруч з эканамічным ростам. Возьмем ЕС: нашы выкіды знізіліся на 22% у параўнанні з 1990 годам, у той час як агульны аб'ём ВУП ЕС вырас на 50%. За гэты перыяд мы стварылі новыя працоўныя месцы, прадпрыемствы і тэхналогіі. Мы рыхтуем нашы эканомікі да будучыні і адначасова інвестуем ў павелічэнне ўстойлівасці нашых грамадстваў да кліматычных зменаў дзеля зніжэння цяперашніх і будучых рызык.

Мы маем больш чым дваццацігадовы вопыт распрацоўкі і рэалізацыі маштабных праграм у кліматычнай сферы, і мы гатовы падзяліцца сваім вопытам і вынесенымі ўрокамі. Не выпадкова, што мы ўжо шырока супрацоўнічаем па пытаннях кліматычнай палітыкі з ключавымі партнёрамі па ўсім свеце. Мы таксама будзем працягваць прадастаўленне значных сродкаў для падтрымкі захадаў па прадухіленні кліматычных зменаў у краінах-партнёрах. Толькі ў 2015 годзе падтрымка ЕС склала 17,6 мільярдаў еўра.

Праз некалькі месяцаў, у лістападзе гэтага года, краіны збяруцца ў Боне на наступную канферэнцыю ААН па клімаце – COP23, – каб працягваць распрацоўку праграмы дзеянняў па рэалізацыі  Парыжскага пагаднення. У наступным годзе дапаможны дыялог, які адбудзецца ў рамках кліматычнага працэсу ААН, будзе першай магчымасцю з часоў падпісання Парыжскага пагаднення для таго, каб прааналізаваць нашыя калектыўны намаганні па стрыманні глабальнага пацяплення і ацаніць тое, што мы канкрэтна зрабілі для выканання ўзятых абавязальніцтваў. Гэта ключавыя крокі для ажыццяўлення на практыцы палітычнага пагаднення, дасягнутага ў Парыжы.

Тым не менш, гэта задача, якую мы можам вырашыць толькі з максімальным адначасовым прыцягненнем грамадзянскай супольнасці, бізнесу, мясцовых супольнасцяў, гарадоў і рэгіёнаў. І мы бачым беспрэцэдэнтную шырыню і маштаб дзеянняў з боку ўсіх гэтых суб'ектаў. Як інстытуты можам ствараць і падтрымліваць стратэгіі, неабходныя для захавання навакольнага асяроддзя, але менавіта яны іграюць вырашальную ролю ў ператварэнні палітыкі ў канкрэтныя дзеянні і вынікі на месцах. Наш новы Кансэнсус ЕС па развіцці актыўна спрыяе ім у выкананні гэтай ролі. Пашырэнне супрацоўніцтва і каардынацыі паміж усімі зацікаўленымі бакамі з'яўляюцца ключавой ці, мы б сказалі, галоўнай умовай поспеху. Бо толькі сумеснымі намаганнямі мы зможам дасягнуць пастаўленых перад сабой амбіцыйных мэт і скарыстацца шматлікімі перавагамі ўзгодненых дзеянняў: змяншэннем аб'ему выкідаў, павышэннем энергетычнай бяспекі і энергаэфектыўнасці, ростам за кошт інавацый, стварэннем працоўных месцаў, павелічэннем устойлівасці грамадства і паляпшэннем стану навакольнага асяроддзя.

Падпісанне Парыжскага пагаднення было вырашальным момантам у кантэксце глабальнага выкліку захаванню планеты для цяперашняга і будучых пакаленняў. ЕС поўны рашучасці не толькі рэалізаваць Парыжскае пагадненне, але і ўсталяваць моцныя глабальныя партнёрскія сувязі для атрымання людзьмі рэальных, адчувальных вынікаў ад дыпламатыі і плюралізму. Наш свет, наша планета могуць разлічваць на Еўрапейскі саюз.

 

Федэрыка Магерыні

Высокі прадстаўнік Еўрапейскага саюза па замежных справах і палітыцы бяспекі і намеснік старшыні Еўрапейскай камісіі

 

Мігель Арыяс Каньетэ

Камісар па пытаннях клімату і энергетыкі

Category
Joint Statements
Location

Bruxelles

Topics
EU information in Russian
Editorial sections
Armenia
Kosovo*
Belarus
EU information in Russian