Беларусь: заява Высокага прадстаўніка Жазэпа Барэля з нагоды апошніх атак рэжыму на дэмакратычныя сілы

29.11.2023
Belarus
EEAS Press Team

У аўторак улады ў Мінску распачалі новую хвалю пераследу прадстаўнікоў дэмакратычных сіл Беларусі. Атакі скіраваныя на тое, каб запалохаць і прыбраць патэнцыйных палітычных апанентаў, асабліва напярэдадні парламенцкіх выбараў, якія павінны адбыцца ў лютым наступнага года.

Службы Лукашэнкі правялі ператрусы ў кватэрах ключавых фігур дэмакратычных сіл Беларусі і іх родных, анансавалі арышт маёмасці і актываў.

Еўрапейскі саюз асуджае гэтыя атакі на прадстаўнікоў дэмакратычных сіл Беларусі ды іх сваякоў. Гэтыя напады з’яўляюцца новай ганебнай праявай рэпрэсій і злоўжывання ўладай, якія працягвае ажыццяўляць Лукашэнка і яго рэжым.

ЕС будзе і надалей падтрымліваць усіх, хто мужна выступае за незалежную і дэмакратычную Беларусь, і гатовы прыняць далейшыя меры ў адказ на сур'ёзныя парушэнні правоў чалавека, якія працягваюцца.

Мы заклікаем рэжым устрымацца ад любых далейшых рэпрэсій і гвалту ў дачыненні да народа Беларусі ды неадкладна і без умоў вызваліць усіх палітычных зняволеных.

Грамадзяне Беларусі заслугоўваюць, каб іх прадстаўлялі асобы, свабодна абраныя на празрыстых, свабодных і справядлівых выбарах.

Peter Stano
Lead Spokesperson for Foreign Affairs and Security Policy
+32 (0)460 75 45 53
Josephine MOREAU
Press Officer for Foreign Affairs and Security Policy