9 жніўня 2020 года: мы на баку Беларусі

(З блогу Высокага прадстаўніка ЕС) Праз два гады пасля скрадзеных і сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў і жорсткіх рэпрэсій супраць апанентаў, якія распачаліся пасля іх, я хачу запэўніць народ Беларусі, што мы ніколі не перастанем асуджаць прыгнёт у гэтай краіне.  Мы будзем стаяць на баку народу Беларусі столькі, колькі спатрэбіцца, каб забяспечыць сваю агульную будучыню ў бяспечнай, суверэннай, дэмакратычнай і квітнеючай Еўропе.

Два гады таму мільёны беларусаў стаялі ў доўгіх чэргах, каб прагаласаваць за прэзідэнта краіны, бо хацелі перамен, хацелі, каб Беларусь стала сучаснай дэмакратычнай краінай. Але іх голас быў праігнараваны, і выбары былі сфальсіфікаваныя. Таму беларусы выйшлі на вуліцы пратэставаць. Рэжым у Мінску адказаў паўсюдным беззаконнем і жорсткасцю. Ён знішчыў грамадзянскую супольнасць, аб'явіў СМІ па-за законам і падверг пераследу тысячы людзей за мірныя пратэсты. Жорсткасць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў адносінах да ўласных грамадзян працягвае суправаджацца шырокамаштабнымі кампаніямі па дэзінфармацыі.

Рэжым Лукашэнкі – саўдзельнік расійскай агрэсіі супраць Украіны

У лютым гэтага года, калі Расія пачала вайсковую агрэсію супраць Украіны, рэжым Лукашэнкі зрабіўся саўдзельнікам гэтай агрэсіі, дазволіўшы сваёй тэрыторыі стаць пускавой пляцоўкай для расійскіх ракет і даўшы Маскве поўную палітычную і лагістычную падтрымку.

Сёння ў Беларусі амаль 1 300 палітзняволеных, з іх дваццаць дзевяць –  супрацоўнікі СМІ, а рэальна затрыманых па палітычных матывах яшчэ больш. Рэжым абвясціў многіх дэмакратычных актывістаў «тэрарыстамі», падвяргаючы іх дэзінфармацыі і запалохванню, а таксама пагражаючы смяротным пакараннем. Ён таксама ўзмацніў пераслед польскай супольнасці. Адначасова ніхто з вінаватых у гвалце супраць мірнага насельніцтва не прыцягнуты да адказнасці. Ліквідавана больш за 850 арганізацый грамадзянскай супольнасці. Незалежным прафсаюзам больш не дазваляюць існаваць. Сотні журналістаў пакінулі краіну, каб працаваць у выгнанні і нягледзячы ні на што якасна асвятляць падзеі для грамадскасці ў Беларусі. Штодня паступаюць паведамленні аб новых адвольных затрыманнях, здзеках і бесчалавечным абыходжанні ў месцах утрымання пад вартай.

 

За прымяненне жорсткай сілы, якая не паважае людзей, іх фундаментальныя свабоды і правы, павінна надысці адказнасць”.

 

За прымяненне жорсткай сілы, якая не паважае людзей, іх фундаментальныя свабоды і правы, павінна надысці адказнасць. Разам з міжнароднымі партнёрамі, няўрадавымі арганізацыямі і праваабаронцамі мы працуем над зборам і захаваннем доказаў парушэння правоў чалавека, здзейсненых рэжымам Лукашэнкі. Разам з партнёрамі-аднадумцамі ЕС таксама ўвёў шэсць пакетаў санкцый супраць 195 фізічных і 34 юрыдычных асоб, вінаватых у жорсткіх рэпрэсіўных і беззаконных дзеяннях супраць народу Беларусі.

Абмежавальныя меры таксама накіраваны супраць тых, хто мае дачыненне да інструменталізацыі мігрантаў, супраць так званых «кашалькоў» Лукашэнкі, супраць адказных за прымусовую пасадку рэйсу Ryanair у маі 2021 года і супраць тых, хто мае дачыненне да поўнамаштабнай ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны. Акрамя таго, мы ўвялі адрасныя эканамічныя санкцыі супраць беларускага рэжыму, якія датычацца, у тым ліку, гандлю пэўнымі таварамі і доступу да рынкаў капіталу. ЕС па-ранейшаму гатовы разгледзець дадатковыя санкцыі, калі сітуацыя ў Беларусі працягне пагаршацца.

 

Санкцыі будуць знятыя, калі беларускія ўлады спыняць рэпрэсіі, вызваляць усіх палітвязняў, распачнуць інклюзіўны нацыянальны дыялог і спыняць свой саўдзел у вайне Расіі супраць Украіны”.

 

У той жа час мы ясна далі зразумець, што санкцыі абарачальныя і будуць знятыя, калі беларускія ўлады спыняць рэпрэсіі, вызваляць і рэабілітуюць усіх палітвязняў, распачнуць сапраўдны інклюзіўны нацыянальны дыялог і спыняць свой саўдзел у вайне Расіі супраць Украіны. Мы гатовы мабілізаваць усеабдымны план эканамічнай падтрымкі коштам 3 мільярды еўра, як толькі ў Беларусі адбудзецца пераход да дэмакратыі. Гэта яскрава паказвае нашу доўгатэрміновую прыхільнасць міру, дэмакратычным памкненням і росквіту беларускага народа.

За апошнія два гады я сустракаўся з многімі беларусамі, і ў прыватнасці са Святланай Ціханоўскай і яе камандай з розных нагод. Я глыбока захапляюся іх стойкасцю, іх мужнасцю, іх імкненнем працягваць адстойваць годнасць, павагу фундаментальных правоў, іх бачанне свабоднай, суверэннай Беларусі – часткі шырэйшай еўрапейскай сям'і нацый. Са жніўня 2020 года ЕС выдзеліў каля 65 мільёнаў еўра на падтрымку народа Беларусі — ахвяр рэпрэсій, грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ, жанчын, моладзі і студэнтаў, малога бізнесу, аховы здароўя і культуры.

 

Я глыбока захапляюся стойкасцю беларускага народу, яго мужнасцю, янр імкненнем працягваць адстойваць годнасць, павагу фундаментальных правоў, яго бачанне свабоднай, суверэннай Беларусі - часткі шырэйшай еўрапейскай сям'і нацый".

У другую гадавіну 9 жніўня 2020 года я думаю пра палітычных зняволеных, у якіх былі скрадзеныя гады жыцця, і іх сем'і, якія могуць мець зносіны са сваімі блізкімі толькі пры дапамозе рэдкіх лістоў, якія прайшлі турэмную цэнзуру; зняволеных з сур'ёзнымі захворваннямі, якія могуць проста не дажыць да свайго вызвалення; пра бясцэнны чалавечы капітал, страчаны для Беларусі з-за пераследу і вымушанай эміграцыі, што не дазваляе такой колькасці людзей служыць свайму народу і сваёй зямлі.

Суверэнітэт і дэмакратыя непарыўна звязаны

У гэты паваротны момант еўрапейскай гісторыі, калі Расія вярнула вайну ў Еўропу, робіцца больш зразумела, чым калі-небудзь, што суверэнітэт і дэмакратыя непарыўна звязаныя: суверэнітэт можа быць абаронены толькі народам краіны, і толькі яго свабодная воля можа з'яўляцца яго абгрунтаваннем і падмуркам. Тыран, які парушае прынцып вяршэнства права і асноўныя правы і свабоды, здольны таксама і адмовіцца ад суверэнітэту сваёй краіны дзеля захавання свайго рэжыму. Як я афіцыйна пацвердзіў учора ад імя ЕС і яго 27 дзяржаў-членаў, мы будзем стаяць на баку народу Беларусі, як і народу Украіны столькі, колькі спатрэбіцца, каб забяспечыць нашу агульную будучыню ў бяспечнай, суверэннай, дэмакратычнай і квітнеючай Еўропе.