27 студзеня – Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту: заява Высокага прадстаўніка ЕС Жазэпа Барэля

27.01.2022

«Забыцца было б не толькі небяспечна, але і абразліва; забыцца мёртвых – гэта было б усё роўна, што забіць іх у другі раз», – сказаў лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Элі Візель, які перажыў Халакост.

У Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту Еўрапейскі саюз аддае даніну памяці шасці мільёнам яўрэяў, а таксама прадстаўнікам іншых груп, якія пераследаваліся, людзей, якіх жорстка і сістэматычна забівалі падчас Шоа – найвялікшай трагедыі ў гісторыі чалавецтва.

Ніхто ніколі не павінен забывацца на зверствы, учыненыя нацыстамі. Ахвяры ніколі не павінны быць забытыя. Усе дзяржавы свету павінны шанаваць памяць усіх ахвяр Халакосту, асуджаць адмаўленне Халакосту і скажэнне яго гісторыі і распрацоўваць адукацыйныя праграмы, каб больш ніколі не дапусціць генацыду.

У той час як распаўсюджваецца ілжывая інфармацыя і дэзінфармацыя і многія сусветныя лідары робяць меншасці крайнімі, інфармаванне маладога пакалення пра Халакост паслужыць найлепшым проціяддзем. Гэта найлепшы інструмент барацьбы з нецярпімасцю, прадузятасцю і гарантыя таго, што пасланне "ніколі больш" будзе рэзаніраваць у свядомасці будучых пакаленняў.

Гэта тым важней сёння, калі сыходзяць з жыцця людзі, якія перажылі Халакост. Большасці з тых, хто стаў сведкам Другой сусветнай вайны і перажыў яе жахі, у каго былі самыя яркія ўспаміны пра Халакост, ужо няма з намі.

Антысемітызм і адмаўленне Халакосту несумяшчальныя з агульначалавечымі каштоўнасцямі. Першая ў гісторыі Стратэгія ЕС па барацьбе з антысемітызмам, абароне і падтрымцы ладу жыцця яўрэяў (2021-2030 гг.) утрымлівае некалькі палажэнняў аб барацьбе з антысемітызмам унутры ЕС і за яго межамі і аб захаванні памяці пра Халакост, у тым ліку праз стварэнне еўрапейскага цэнтра даследаванняў сучаснага антысемітызму. Мы працягнем нашую працу па барацьбе з адмаўленнем Халакосту як унутры ЕС, так і за яго межамі і на шматбаковых форумах: 20 студзеня 2022 года ААН прыняла рэзалюцыю аб адмаўленні Халакосту і скажэнні яго гісторыі, сумесна прапанаваную ўсімі краінамі ЕС.

Сёння мы больш рашуча, чым раней, настроены ніколі не забывацца. Мы абавязаны захаваць памяць аб усіх ахвярах і іх пакутах – абавязаны тым, хто загінуў падчас Халакосту, мы абавязаны тым, хто выжыў, і мы абавязаны будучым пакаленням.

Nabila Massrali
Spokesperson for Foreign Affairs and Security Policy
+32 (0) 2 29 88093
+32 (0) 460 79 52 44
Xavier Cifre Quatresols
Press Officer for Foreign Affairs and Security Policy
+32 (0)2 29 73582
+32 (0)460 75 51 56