Савет па замежных справах: каментарый для прэсы Высокага Прадстаўніка ЕС Жазэпа Барэля пасля пасяджэння

16.11.2022
Brussels
EEAS Press Team

Добры вечар,

Савет па замежных справах цягнуўся доўга. Мы знаходзімся ў Савеце з 8:30 раніцы – разам дзевяць гадзін пасяджэнняў.

Пасяджэнне Савета было доўгім, але прадуктыўным. Я вельмі рады вынікам.

Найперш, паколькі мы пацвердзілі наш галоўны прыярытэт. Гэты прыярытэт – працягнуць падтрымліваць Украіну. Я пакіну на заўтра ваенныя аспекты гэтага пытання. Заўтра ў нас Савет міністраў абароны, дзе мы працягнем абмеркаванне таго, што адбываецца ва Украіне з абароннага і вайсковага пункту гледжання. Але, канешне, Міністры замежных спраў таксама размаўлялі пра гэта.

Мы выслухалі Міністра замежных спраў Украіны Дзмітрыя Кулебу, які далучыўся да нас па відэасувязі, каб паведаміць пра апошнія падзеі. У нас была магчымасць яшчэ раз заявіць яму, што Еўрапейскі саюз падтрымлівае Украіну да яе перамогі. Гэта трэба разумець у адпаведнасці з параметрамі [перамогі] ва ўяўленні ўкраінскага боку. Да таго часу мы будзем падтрымліваць Украіну ў духу салідарнасці.

Добрым доказам гэтага служыць тое, што сёння мы запусцілі Місію ЕС па аказанні ваеннай дапамогі Украіне (EUMAM), мэта якой – падрыхтоўка не менш за 15 000 украінскіх салдат. Гэта было вырашана, гэта было ўзгоднена, гэта было рэалізавана ў рэкордна кароткія тэрміны. Я ўпершыню бачу, каб рэалізацыя місіі ваеннай дапамогі рухалася так хутка, як гэтая, на працягу ўсяго працэсу. Я спадзяюся, што да канца месяца яна пачне працаваць.

Дзяржавы-члены ЕС абмеркавалі аб'ём нашай ваеннай падтрымкі. Больш падрабязная інфармацыя будзе заўтра, але дазвольце мне сказаць, што мы не павінны блытаць 3,1 мільярда еўра з Еўрапейскага фонду міру з сукупнай ваеннай падтрымкай Украіны з боку Еўрапейскага саюза і яго краін-членаў. Часам вы можаце ўбачыць некаторыя лічбы, параўнанне намаганняў, якія прадпрымаюць ЗША і ЕС.

Я папрасіў сваіх ваенных спецыялістаў зрабіць максімальна дакладную ацэнку таго, якая сума нашай ваеннай падтрымкі Украіне, і я магу назваць лічбу, якая заўтра будзе абмяркоўвацца з міністрамі абароны.

Думаю, я магу сказаць, што прынамсі 8 мільярдаў еўра ў выглядзе ваеннага абсталявання ўжо былі прадастаўлены Украіне Еўрапейскім саюзам і дзяржавамі-членамі. Гэта прыкладна 45% ад намаганняў, зробленых Злучанымі Штатамі, так што гэта не так ужо і мала. Мы гаворым не пра 3,1 млрд еўра, а пра 8 млрд еўра на ваенную падтрымку.

Заўтра, як я ўжо сказаў, я працягну абмеркаванне гэтых лічбаў з Міністрамі абароны і вывучу, як гэтыя рэсурсы былі выкарыстаны, на закупку якога ваеннага абсталявання яны пайшлі і якая яго эфектыўнасць.

У цэлым наш падыход да Расіі застаецца ясным. Мы дамовіліся з міністрамі аб агульным пасланні наступнага зместу.

Па-першае, мы будзем і надалей ізаляваць Расію на міжнародным узроўні. Мы будзем і надалей уводзіць абмежавальныя меры супраць расійскай эканомікі. Мы гатовыя і надалей узмацняць жорсткасць абмежавальных мер і ўжываць іх у дачыненні да трэціх краін, уцягнутых [у вайну], асабліва тых, якія, як нам вядома, пастаўляюць зброю і ваенную дапамогу, – у дачыненні да Ірана і Беларусі.

Сёння раніцай мы правялі перамовы з лідарам беларускіх Аб'яднаных дэмакратычных сіл Святланай Ціханоўскай. Мы зноў выказалі ёй нашу салідарнасць з народам Беларусі, і мы будзем і надалей падтрымліваць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.

Як я ўжо сказаў, заўтра я больш падрабязна разгледжу вайсковыя аспекты сітуацыі.

Цалкам зразумела, што нашыя санкцыі аслабляюць расійскую эканоміку. Яны аслабляюць здольнасць Расіі купляць і мадэрнізаваць тэхналогіі. Мы ніколі не чакалі, што санкцыі прывядуць да заканчэння вайны, але, безумоўна, яны зніжаюць здольнасць расійскага войска абнаўляць матэрыяльную базу, асабліва на фоне вялізных страт, якія Расія нясе на поле бою. Гэта аслабіла яе здольнасць весці вайну, у аснове якой ляжыць тэрор супраць украінскага народа.

Пуцінская Расія хоча асудзіць украінцаў на цемру і холад. Яна разбурае сістэмы электразабеспячэння Украіны: мільёны ўкраінцаў засталіся без электрычнасці. Мэта заключаецца ў тым, каб зімой людзі ў гарадах апынуліся ў бесчалавечных умовах.

Мы працягнем падтрымліваць украінскі народ і дамагацца прыцягнення да адказнасці вінаватых у парушэннях міжнароднага права і ваенных злачынствах, учыненых ва Украіне. Навіны, якія паступаюць з вызваленых гарадоў, вельмі важныя, каб ведаць, што там адбылося. Разам з Еўрапейскай камісіяй мы вывучаем наяўныя ў нашым распараджэнні спосабы таго, як прыцягнуць вінаватых да адказнасці, і абмеркаванне гэтага пытання працягнецца.

Мы цесна супрацоўнічаем з нашымі партнёрамі па НАТА і ва ўсім свеце, з усімі, хто гатовы абараняць міжнародны парадак, заснаваны на правілах.

Мы падвышаем нашу ўстойлівасць, асабліва ў тым, што тычыцца энергетычнай бяспекі і крытычнай інфраструктуры, змагаемся з гібрыднымі пагрозамі з боку Расіі і маніпуляваннем інфармацыяй. Мы падтрымліваем грамадзянскую супольнасць, праваабаронцаў і незалежныя СМІ ўнутры Расіі і за яе межамі. Наша непасрэдная падтрымка засяроджана на аказанні дапамогі Украіне, каб яна магла супрацьстаяць сістэматычным атакам Расіі супраць мірных жыхароў і грамадзянскай інфраструктуры, якія ўзмацняюцца.

Пуцін не ў стане заваяваць Украіну. Пуцін не ў стане перамагчы ўкраінскую армію, Пуцін адступае. Расійская армія адышла на іншы бераг Дняпра, і яна імкнецца кампенсаваць гэтыя ваенныя няўдачы, спрабуючы павялічыць чалавечыя пакуты ўкраінскага народа, – асабліва цяпер, калі набліжаецца зіма.

Як я ўжо сказаў, мы працуем з нашымі партнёрамі над рамонтам і заменай украінскай энергетычнай інфраструктуры. Гэта патрабуе вялікіх намаганняў.

Адначасова мы падвойваем нашыя намаганні па наладжванні кантактаў з трэцімі краінамі, асабліва па пытанні харчовай бяспекі. Хачу адзначыць, што літаральна сёння мы апублікавалі сумесную заяву Дзяржаўнага сакратара ЗША Энтані Блінкена, Міністра замежных спраў Вялікабрытаніі Джэймса Клеверлі і Высокага Прадстаўніка ЕС. Мы ўтрох выступілі з публічнай заявай, якая растлумачвае пытанне санкцый у дачыненні да расійскага экспарту прадуктаў харчавання і ўгнаенняў. Калі ласка, азнаёмцеся з гэтым паведамленнем ад нас траіх – ЗША, Вялікабрытаніі і ЕС – каб зразумець умовы, пры якіх кампаніі могуць удзельнічаць у экспарце прадуктаў харчавання і угнаенняў з Расіі.

Я хачу падкрэсліць, што з нашага боку дзякуючы "Палосам салідарнасці ЕС" мы змаглі падтрымаць экспарт 15 мільёнаў тон аграхарчовых тавараў у перыяд з мая па кастрычнік 2022 года. І сёння Камісія аб'явіла аб новым пакеце гуманітарнай дапамогі ў памеры 210 мільёнаў еўра для 15 дзяржаў, асабліва афрыканскіх краін, Афганістана і краін Лацінскай Амерыкі, каб задаволіць іх неадкладныя патрэбы.

Цяпер міжнароднай супольнасці неабходна забяспечыць аднаўляльную і практычную рэалізацыю Чарнаморскай збожжавай ініцыятывы пасля заканчэння тэрміну яе дзеяння, які прыпадае на 19 лістапада. Вельмі важна, каб гэтая ініцыятыва – якая стала магчымая дзякуючы пасярэдніцтву ААН і Турцыі – магла быць ажыццёўлена. Але не забывайце, чаму спатрэбілася гэтая ініцыятыва: не з-за стыхійнага бедства, не з-за цунамі ў Чорным моры, не з-за піратаў. Гэта праз тое, што расійскае войска блакуе ўкраінскі экспарт – выкарыстоўваючы голад як зброю.

У Расіі няма прычын, няма законных падстаў блакіраваць пастаўкі прадуктаў харчавання з Украіны на міжнародныя рынкі. Тое, што робіць Расія, незаконне і закранае, перш за ўсё, жыццё людзей з уразлівых краін. Расія павінна перастаць выкарыстоўваць харчаванне ў якасці зброі.

Вось рашучае пасланне, з якім выступіла сёння Савет па міжнародных справах: Расія павінна спыніць выкарыстоўваць харчаванне ў якасці зброі.

 

Спасылка на відэа: https://audiovisual.ec.europa.eu/en/video/I-233001

Peter Stano
Lead Spokesperson for Foreign Affairs and Security Policy
+32 (0)460 75 45 53
Nabila Massrali
Spokesperson for Foreign Affairs and Security Policy
+32 (0) 2 29 88093
+32 (0) 460 79 52 44