Заява Высокага прадстаўніка ЕС у сувязі з атакай на незалежныя галасы ў Беларусі

15.07.2021

У сераду беларускі рэжым ажыццявіў новую шырокамаштабную атаку на незалежныя галасы ў краіне. Ператрусы па месцы жыхарства і ў офісах былі нацэлены на доўгі спіс праваабарончых, адукацыйных і палітычных груп і арганізацый, дабрачынных устаноў і аналітычных цэнтраў. Былі затрыманы праваабаронцы і іншыя актывісты.

Гэтая новая хваля рэпрэсій з'яўляецца яшчэ адным доказам таго, што рэжым Лукашэнкі вядзе сістэматычную і добра спланаваную кампанію, канчатковая мэта якой – прымусіць замаўчаць усю рэшту нязгодных і задушыць грамадзянскую дзейнасць у Беларусі. Рэпрэсуючы уласнае грамадства, рэжым Лукашэнкі яшчэ больш паглыбіў разрыў у сваіх адносінах з беларускім народам.

ЕС заклікае ўлады Беларусі прытрымлівацца міжнародных абавязацельстваў краіны па захаванні правоў чалавека і фундаментальных свабод. Мы патрабуем неадкладнага вызвалення затрыманых праваабаронцаў, а таксама іншых палітычных зняволеных, колькасць якіх пастаянна расце і зараз перавышае 550. Рэжым павінен спыніць рэпрэсіі і прыцягнуць вінаватых да адказнасці. ЕС працягне падтрымліваць міжнародныя ініцыятывы па забеспячэнні падсправаздачнасці, у тым ліку ў рамках Савета ААН па правах чалавека і Міжнароднай платформы для Беларусі па прыцягненні вінаватых да адказнасці.

Гэтыя цяжкія парушэнні правоў чалавека і фундаментальных свабод не застануцца беспакаранымі. ЕС гатовы разгледзець далейшыя абмежавальныя меры ў адпаведнасці са сваім паэтапным падыходам. ЕС будзе і надалей прымаць любыя неабходныя меры, каб падтрымаць народ Беларусі. Мы і далей будзем стаяць на баку ўсіх праваабаронцаў і незалежных галасоў і ўсіх людзей, якія церпяць прыгнёт у Беларусі.

 

Nabila Massrali
Spokesperson for Foreign Affairs and Security Policy
+32 (0) 2 29 88093
+32 (0) 460 79 52 44