ЕС прыняў 13-ты пакет санкцый супраць Расіі пасля двух гадоў вядзення ёй агрэсіўнай вайны супраць Украіны

14.03.2024 EEAS Press Team

Камісія вітае прыняцце Саветам 13-га пакета санкцый супраць Расіі. Праз два гады з таго часу, як Расія па-варварску ўварвалася ва Украіну, падтрымка Еўрапейскім саюзам Украіны і яе народа застаецца магутнай, як ніколі. Еўропа захоўвае адзінства і поўная рашучасці працягваць абарону сваіх каштоўнасцяў і асноўных прынцыпаў.

Гэты пакет засяроджаны на далейшым абмежаванні доступу Расіі да ваенных тэхналогій, такім як беспілотныя лятальныя апараты, і на ўнясенні ў санкцыйныя спісы новых кампаній і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да ваенных дзеянняў Расіі. З гэтым новым пакетам колькасць індывідуальных санкцый дасягнула больш за 2000, што з'яўляецца цяжкім ударам па тых, хто стварае магчымасці для неправамернай вайны Расіі супраць Украіны.

Тым не менш, няма месца для бестурботнасці. Паўнавартаснае ўкараненне санкцый з'яўляецца вырашальным для таго, каб пазбавіць Маскву даходаў, тавараў і тэхналогій, неабходных для вядзення вайны. Камісія працягне аказваць падтрымку дзяржавам-членам, каб забяспечваць эфектыўнае ўкараненне гэтых мер, а таксама шчыльна супрацоўнічаць з трэцімі краінамі ў барацьбе са спробамі абыходу.

13-ы пакет змяшчае наступныя ключавыя складнікі:

ДАДАТКОВЫЯ СПІСЫ

Гэты беспрэцэдэнтны пакет змяшчае 194 асобы, у тым ліку 106 фізічных і 88 юрыдычных асоб. Пры гэтым ЕС перавышае агульны парог у 2000 санкцыйных пазіцый. А менавіта:

  • Накіраванасць на ваенны і абарончы сектар Расіі: у новыя спісы ўключаны больш за 140 кампаній і фізічных асоб з расійскага ваенна-прамысловага комплексу, якія, сярод іншага, вырабляюць ракеты, беспілотнікі, зенітна-ракетныя комплексы, ваенныя транспартныя сродкі, высокатэхналагічныя кампаненты для ўзбраення і іншую ваенную тэхніку.
  • Магутны сігнал тым, хто падтрымлівае ваенныя намаганні Расіі: новыя спісы накіраваны на 10 расійскіх кампаній і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да паставак у Расію ўзбраення з Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі (КНДР). Яны таксама накіраваны на міністра абароны КНДР, гэтак жа як і на некаторыя беларускія кампаніі і на беларускіх фізічных асоб, якія аказваюць падтрымку расійскім узброеным сілам.
  • Барацьба з абыходам: у новыя спісы ўключана расійская лагістычная кампанія і яе дырэктар, якія маюць дачыненне да паралельнага імпарту ў Расію забароненых тавараў, а таксама трэці расійскі суб'ект, уцягнуты ў іншую схему закупак.
  • Узмацненне мер ЕС супраць расійскай часовай акупацыі і неправамернай анэксіі тэрыторый Украіны: у новыя спісы ўключаны шэсць суддзяў і 10 службовых асоб на акупаваных тэрыторыях Украіны.
  • Санкцыі за парушэнні правоў дзяцей: У новыя спісы таксама ўключаны 15 фізічных і 2 юрыдычныя асобы, якія маюць дачыненне да прымусовага перамяшчэння, дэпартацыі і ваеннай ідэалагічнай апрацоўкі ўкраінскіх дзяцей, у тым ліку ў Беларусі.

ГАНДЛЁВЫЯ МЕРЫ

Гэты пакет яшчэ больш паглыбляе нашыя дзеянні па спыненні набыцця Расіяй заходніх абароненых тэхналогій для расійскіх узброеных сіл. Беспілотныя лятальныя апараты, альбо дроны, маюць вырашальнае значэнне ў вайне Расіі супраць Украіны. У гэтым пакеце асобна пералічаны кампаніі, якія пастаўляюць у Расію ключавыя кампаненты для беспілотных лятальных апаратаў, а таксама ўведзены некаторыя галіновыя санкцыі, каб закрыць шчыліны і ўскладніць вядзенне баявых дзеянняў з дапамогай беспілотнікаў.

На аснове пераканаўчых доказаў з розных крыніц, падмацаваных гандлёва-мытнымі дадзенымі, у рамках пакета да спісу суб'ектаў, звязаных з абаронна-прамысловым комплексам Расіі (дадатак IV да рэгламенту 833/2014), дададзена 27 кампаній з Расіі і трэціх краін. Адносна гэтых кампаній ЕС увядзе экспартныя абмежаванні, якія датычацца тавараў і тэхналогій двайнога прызначэння, а таксама тавараў і тэхналогій, якія могуць садзейнічаць тэхналагічнаму ўдасканаленню расійскага сектара абароны і бяспекі. У пакет дададзена:

  • 17 расійскіх кампаній, якія займаюцца распрацоўкай, вытворчасцю і пастаўкай электронных кампанентаў, асабліва тых, якія выкарыстоўваюцца ў сувязі з вытворчасцю дронаў.
  • 4 кампаніі, створаныя ў Кітаі, і па адной са створаных у Казахстане, Індыі, Сербіі, Тайландзе, Шры-Ланцы і Турцыі, якія таксама гандлююць электроннымі кампанентамі, у тым ліку тымі, што паходзяць з ЕС.

Акрамя таго, у гэтым пакеце пашыраны пералік тавараў перадавых тэхналогій, якія могуць спадарожнічаць ваеннаму і тэхналагічнаму ўзмацненню Расіі, альбо развіццю яе галіны абароны і бяспекі. У яго ўключаны кампаненты, якія выкарыстоўваюцца для распрацоўкі і вытворчасці дронаў, напрыклад, электронныя трансфарматары, статычныя пераўтваральнікі і індуктары, выяўленыя, у прыватнасці, у беспілотных лятальных апаратах, а таксама алюмініевыя кандэнсатары, якія маюць ваеннае прымяненне, напрыклад, у ракетах, дронах і сістэмах сувязі для лятальных апаратаў і суднаў. Гэта яшчэ больш аслабіць ваенны патэнцыял Расіі.

МЕРЫ ПА РАЗВІЦЦІ МІЖНАРОДНАГА СУПРАЦОЎНІЦТВА

У новым пакеце ў спіс краін-партнёраў па імпарце жалеза і сталі ўключана Злучанае Каралеўства. Гэтыя краіны-партнёры прымяняюць шэраг абмежавальных мер адносна імпарту жалеза і сталі і комплекс мер па кантролі імпарту, у значнай ступені эквівалентных тым, якія прадугледжаны ў рэгламенце ЕС (ЕС) 833/2014.

Дадатковая інфармацыя

Прайшло два гады пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну, і Еўропа захоўвае адзінства і поўная рашучасці працягваць абарону сваіх каштоўнасцяў і асноватворных прынцыпаў. ЕС няўхільна падтрымлівае Украіну і яе народ, а таксама будзе і ў далейшым рашуча падтрымліваць эканоміку, грамадства, узброеныя сілы і будучую рэканструкцыю Украіны да таго часу, пакуль патрабуецца, пакуль Украіна не пераможа.

Каб пазбавіць расійскую ваенную машыну крыніц даходу, а таксама ключавых тавараў і тэхналогій, ЕС ужо прыняў 13 санкцыйных пакетаў супраць Расіі. Санкцыі значна паўплывалі на замежныя даходы Расіі. Санкцыі ЕС таксама падарвалі ланцужкі паставак у Расіі і абмежавалі яе доступ да заходніх тэхналогій у важных прамысловых галінах. Наступствы санкцыі паглыбяцца з цягам часу.

Пакуль Расія спрабуе знайсці спосабы абысці нашы санкцыі, Камісія пастаянна ацэньвае эфектыўнасць прынятых мер, вывучаючы іх прымяненне, выяўляючы і ліквідуючы любыя патэнцыйныя шчыліны. У дадзены момант акцэнт робіцца на ўкараненні, у прыватнасці на абходзе санкцый ЕС праз трэція краіны.

Пасланнік ЕС па пытаннях санкцый Дэвід О'Саліван працягвае інфармацыйна-тлумачальную працу з ключавымі трэцімі краінамі з мэтай барацьбы з абыходам санкцый. Гэта ўжо дае бачныя вынікі. У некаторых краінах ствараюцца сістэмы маніторынгу, кантролю і блакавання рээкспарту. Працуючы з партнёрамі-аднадумцамі, мы таксама ўзгаднілі агульны высокапрыярытэтны спіс тавараў, якія трапілі пад санкцыі, да якіх прадпрыемствы павінны прымяняць асаблівую абачлівасць і якія трэція краіны не павінны рээкспартаваць у Расію. Нядаўна мы дадалі пяць вырабаў. Акрамя таго, у рамках ЕС мы таксама склалі спіс тавараў пад санкцыямі, якія крытычна важныя для эканомікі, і ў дачыненні да якіх прадпрыемствы і трэція краіны павінны праяўляць асаблівую пільнасць.

Больш падрабязна

Спасылка на “Афіцыйны журнал”

Інфармацыйны бюлетэнь пра наступствы санкцый

Дадатковая інфармацыя пра санкцыі