Беларусь: Трэцяя сустрэча Кансультатыўнай групы з дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю адбылася ў Бруселі

26.06.2024
Брусэль
EEAS Press Team

25 чэрвеня ў Бруселі адбылася трэцяя сустрэча Кансультатыўнай групы ЕС з беларускімі дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю ў прысутнасці Святланы Ціханоўскай ды іншых выбітных дзеячаў беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці.

На палях сустрэчы Высокі прадстаўнік ЕС Жазэп Барэль правёў двухбаковую сустрэчу са Святланай Ціханоўскай. Ён высока ацаніў працу дэмакратычных сіл пад кіраўніцтвам спадарыні Ціханоўскай і зноў пацвердзіў, што ЕС салідарны з тымі, хто змагаецца за свабодную, незалежную і дэмакратычную Беларусь. Ён падкрэсліў, што ЕС вельмі выразна адрознівае нелегітымны рэжым Лукашэнкі, які заслугоўвае асуджэння, і рэпрэсаваны народ Беларусі, які Еўрапейскі саюз падтрымлівае. Было падкрэслена, што ЕС гатовы прыняць далейшыя захады для прыцягнення рэжыму да адказнасці, адпаведна апошнім Высновам Савета ЕС у дачыненні  да Беларусі.

На сустрэчы Кансультатыўнай групы прадстаўнікі ЕС і Беларусі абмеркавалі палітычную сітуацыю ў Беларусі, у тым ліку пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека, а таксама рост залежнасці Беларусі ад Расіі, саўдзел рэжыму ў агрэсіўнай вайне Расіі супраць Украіны ды інструменталізацыю ім міграцыі на знешніх межах ЕС.

ЕС салідарны з больш як 1400 палітычнымі зняволенымі, якія зараз незаконна ўтрымліваюцца за кратамі ў Беларусі, і працягвае заклікаць да іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення. ЕС па-ранейшаму адданы справе забеспячэння справядлівасці для тых, хто пакутуе ад прыгнёту, і адказнасці для вінаватых, і гатовы прымаць далейшыя абмежавальныя і мэтанакіраваныя меры, пакуль рэжым працягвае свае рэпрэсіўныя дзеянні.

З часу сфальсіфікаваных выбараў у жніўні 2020 года ЕС пастанавіў выдзеліць амаль 140 мільёнаў еўра на падтрымку народа Беларусі. ЕС па-ранейшаму гатовы актываваць комплексны план у падтрымку дэмакратычнай Беларусі ў памеры 3 мільярдаў еўра, як толькі Беларусь стане на шлях пераходу да дэмакратычнага кіравання.

Трэцяе пасяджэнне Кансультатыўнай групы прайшло пад старшынствам Кіраўнічага дырэктара Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў спадара Міхаэля Зіберта і лідара дэмакратычных сіл Беларусі Святланы Ціханоўскай з удзелам прадстаўнікоў шэрагу арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі ў выгнанні.

Peter Stano
Lead Spokesperson for Foreign Affairs and Security Policy
+32 (0)460 75 45 53
Pedro FONSECA MONIZ
Press Officer for Foreign Affairs and Security Policy
+32 (0)2 291 38 76
+32 (0)460 76 14 96