Беларусь: пленарнае пасяджэнне Еўрапейскага парламента адносна абыходжання з лідарам апазіцыі Віктарам Бабарыкам

16.05.2023 EEAS Press Team

Прамова Камісара па пытаннях юстыцыі Дзідзье Рэйндэрса, вымаўленая ад імя Высокага прадстаўніка Жазэпа Барэля

Тэкст выступу можа адрознівацца ад гэтага варыянту.

Прамова Камісара па пытаннях юстыцыі Дзідзье Рэйндэрса, вымаўленая ад імя Высокага прадстаўніка Жазэпа Барэля

Дзякуй, Старшыня, паважаныя дэпутаты Еўрапейскага парламента. 

Тэма сённяшняга абмеркавання – яшчэ адзін прыклад недапушчальных парушэнняў фундаментальных правоў рэжымам Лукашэнкі.

Віктар Бабарыка быў затрыманы незадоўга да прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, у якіх ён збіраўся ўдзельнічаць. У чэрвені 2021 года ён быў асуджаны на 14 гадоў пазбаўлення волі па адзінай прычыне — за спробу рэалізаваць сваё палітычнае права балатавацца ў якасці кандыдата. У дадатак зараз ёсць доказы таго, што ён сур'ёзна пацярпеў ад неналежнага абыходжання ў турме. Мы робім усё магчымае, каб атрымаць інфармацыю, але беларускія ўлады не адказваюць нам.

На жаль, яго прыклад з'яўляецца ўсяго толькі адным з шматлікіх. Умовы ўтрымання ў Беларусі жахлівыя, асабліва для палітвязняў, шырока распаўсюджана ўжыванне катаванняў.

Некалькі палітычных зняволеных нядаўна былі шпіталізаваны пасля таго, як, паводле паведамленняў, зазналі гвалт у турме. 21 мая 2021 года Вітольд Ашурак памёр у турме. Мы зноў заклікаем да расследавання абставін і прычын яго смерці. Літаральна некалькі дзён таму, 7 мая, у турме памёр яшчэ адзін палітвязень, блогер Мікалай Клімовіч. Рэжым зробіць усё, каб заглушыць крытычныя галасы і заклікі да дэмакратыі.

Цяпер, амаль праз тры гады пасля сфальсіфікаваных выбараў жніўня 2020 года, у Беларусі больш за 1500 палітвязняў, і іх колькасць працягвае расці. 6 сакавіка 2023 года два іншыя ключавыя дзеячы апазіцыі, Святлана Ціханоўская, якой гэты парламент прысудзіў прэмію Сахарава за свабоду думкі, і Павел Латушка, былі завочна прыгавораны да 15 і 18 гадоў пазбаўлення волі, адпаведна. Іх пераследавалі толькі за тое, што яны адстойвалі дэмакратычныя правы і справядлівасць, патрабавалі правядзення свабодных і сумленных выбараў.

3 мая Раман Пратасевіч – журналіст, затрыманы пасля таго, як самалёт Ryanair, на якім ён знаходзіўся, быў вымушаны прызямліцца ў Мінску, – і яшчэ двое журналістаў былі прыгавораны да працяглых тэрмінаў зняволення. Гэта было дэманстрацыяй поўнай непавагі ў Сусветны дзень свабоды друку.

У нядаўняй справаздачы ААН зроблена выснова аб тым, што па ўсёй краіне здзяйсняюцца грубыя парушэнні правоў чалавека, і некаторыя з іх могуць быць прыроўнены да злачынстваў супраць чалавечнасці. Еўрапейскі саюз будзе і надалей самым рашучым чынам асуджаць гэтыя жорсткія рэпрэсіі і адстойваць правы чалавека.

ЕС цвёрда адрэагаваў на незаконныя дзеянні рэжыму Лукашэнкі, увёўшы жорсткія санкцыі супраць Беларусі ў адказ на парушэнні правоў чалавека і на яго падтрымку агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны. І дазвольце мне ўнесці яснасць: пагаршэнне сітуацыі прывядзе да далейшых рэакцый з боку ЕС.

У той жа час Еўрапейскі саюз працягвае падтрымліваць народ Беларусі і прадугледзеў прадастаўленне грамадзянскай супольнасці Беларусі прамой фінансавай падтрымкі аб'ёмам больш за 100 мільёнаў еўра.

Еўрапейскі саюз заклікае да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і спынення рэпрэсій.

Еўрапейскі саюз працягне свае намаганні па аднаўленні справядлівасці для ахвяр і прыцягненні вінаватых да адказнасці.

Мы і надалей будзем падтрымліваць народ Беларусі.

Дзякуй.

Спасылка на відэа (пачатак з 20:07): https://audiovisual.ec.europa.eu/en/video/I-240742

Peter Stano
Lead Spokesperson for Foreign Affairs and Security Policy
+32 (0)460 75 45 53
Zoi Muletier
Press Officer for Neighbourhood and Enlargement/Foreign Affairs and Security Policy
+32 (0)2 29-94306
+32 (0)460794306