Беларусь: заява Высокага прадстаўніка Жазэпа Барэля з нагоды Міжнароднага дня салідарнасці з палітвязнямі і народам Беларусі

21.05.2023 EEAS Press Team

Сёння мы адзначаем Міжнародны дзень салідарнасці з палітычнымі зняволенымі ў Беларусі, у памяць аб палітвязні Вітольдзе Ашурку, які памёр у папраўчай калоніі № 17 у Шклове 21 мая 2021 года. На жаль, прычына і абставіны яго смерці не расследаваны.

З лета 2020 года рэжым Лукашэнкі ажыццявіў больш за 40 000 палітычна матываваных затрыманняў і распачаў не менш за 12 000 палітычна матываваных крымінальных справаў. Цяпер у Беларусі амаль 1500 палітвязняў.

Паводле справаздачы, падрыхтаванай у рамках Маскоўскага механізма АБСЕ ў дачыненні да Беларусі ад 11 мая 2023 года, многія палітычныя зняволеныя ўтрымліваюцца ў жахлівых умовах і зазнаюць жорсткае абыходжанне і катаванні. Людзям з сур'ёзнымі расстройствамі здароўя і небяспечнымі для жыцця захворваннямі адмаўляюць у належнай медыцынскай дапамозе. 7 мая ў турме памёр блогер Мікалай Клімовіч, які пакутаваў на цяжкое захворванне сэрца. Яго «злачынства» заключалася ў публікацыі карыкатуры на Лукашэнку ў сацыяльных сетках.

Прастора для грамадзянскай супольнасці была надзвычай абмежавана рэжымам Лукашэнкі, і на сённяшні дзень больш за 1283 няўрадавыя арганізацыі былі прымусова ліквідаваны.

Гэта, поруч з узмацненым рэпрэсіямі з боку рэжыму, зрабіла немагчымымі любыя палітычныя дэбаты і любое выражэнне палітычнай нязгоды.

Як сцвярджаецца ў апошняй апублікаванай справаздачы Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, у Беларусі здзяйсняліся і здзяйсняюцца сістэматычныя, масавыя і грубыя парушэнні правоў чалавека, якія могуць уяўляць сабой злачынствы супраць чалавечнасці.

Лукашэнка таксама працягвае падрываць незалежнасць і суверэнітэт Беларусі, падпарадкоўваючы краіну Расіі і супрацоўнічаючы з Расіяй у яе незаконнай агрэсіі супраць Украіны. Ён жорстка пераследуе беларусаў за антываенныя заявы і за падтрымку Украіны.

У гэты дзень салідарнасці ЕС патрабуе, каб Беларусь выконвала свае міжнародныя абавязальніцтвы, і зноў заяўляе аб сваім патрабаванні неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных. ЕС цвёрда стаіць на баку беларускага народа і будзе працягваць дабівацца справядлівасці для ахвяр і прыцягнення вінаватых да адказнасці.

Peter Stano
Lead Spokesperson for Foreign Affairs and Security Policy
+32 (0)460 75 45 53