Беларусь: заява Высокага прадстаўніка Жазэпа Барэля з нагоды Дня салідарнасці з Беларуссю

25.03.2023 EEAS Press Team

Сёння народ Беларусі адзначае Дзень Волі – дзень абвяшчэння незалежнасці Беларусі ў 1918 годзе. Мы адзначаем яго як Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю. Сёлета ён набывае асаблівае значэнне ў кантэксце ўсё больш моцных унутраных рэпрэсій з боку нелегітымнага рэжыму Лукашэнкі і дзеянняў па падрыву незалежнасці і суверэнітэту Беларусі шляхам падпарадкавання яе Расіі і садзейнічання яе незаконнай агрэсіі супраць Украіны.

Пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў жніўня 2020 года сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі працягвае радыкальна пагаршацца. Дзясяткі тысяч беларусаў затрымліваліся за мірныя акцыі пратэсту ці проста за выказванне свайго меркавання. Амаль 1500 з іх зараз з'яўляюцца палітычнымі зняволенымі. Дзейнасць соцень арганізацый грамадзянскай супольнасці была задушана. І без таго вельмі абмежаваная прастора для дэмакратычнай дзейнасці была яшчэ мацней звужана заканадаўствам, якое парушае стандарты ў галіне правоў чалавека і дазваляе злоўжыванні і парушэнні правоў чалавека. ААН задакументавала шматлікія выпадкі катаванняў і іншых відаў жорсткага, бесчалавечнага альбо прыніжальнага для годнасці абыходжання і пакарання. У справаздачы Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека ад 22 сакавіка паведамляецца аб працягу сістэматычных, шырока распаўсюджаных і грубых парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, некаторыя з якіх могуць быць кваліфікаваныя таксама як злачынствы супраць чалавечнасці.

Дзейнічае фактычная забарона апазіцыйных партый і палітычнай дзейнасці, масавая цэнзура і жорсткі ідэалагічны кантроль ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Беспакаранасць у адносінах да вялікага шэрагу парушэнняў правоў чалавека з'яўляецца абсалютнай, а сістэма правасуддзя выкарыстоўваецца як інструмент супраць апазіцыйных дзеячаў, блогераў, журналістаў, праваабаронцаў, прафсаюзных актывістаў і юрыстаў. Рэжым ігнаруе не толькі пажаданні пераважнай большасці насельніцтва, але і міжнародныя абавязацельствы самой Беларусі і ўзмацняе сваю міжнародную ізаляцыю.

Нягледзячы на гэты доўгі спіс жорсткіх рэпрэсіўных дзеянняў з боку рэжыму Лукашэнкі, беларускі народ працягвае дэманстраваць выключную мужнасць у барацьбе за свабоду і свае фундаментальныя правы.

Беларускі народ з'яўляецца крыніцай натхнення для ўсіх нас, і Еўрапейскі саюз цалкам яго падтрымлівае. Мы будзем і надалей захоўваць сваю салідарнасць і падтрымліваць беларускі народ, які імкнецца да свабоднай, дэмакратычнай і незалежнай Беларусі.

Peter Stano
Lead Spokesperson for Foreign Affairs and Security Policy
+32 (0)460 75 45 53