Беларусь: заява Высокага Прадстаўніка ЕС з нагоды аб'яўленай адпраўкі расійскіх ядзерных боегаловак у Беларусь

26.05.2023 EEAS Press Team

ЕС асуджае пагадненне паміж Расіяй і Беларуссю, якое дазваляе размяшчэнне расійскіх ядзерных боегаловак на беларускай тэрыторыі. Гэты крок прывядзе да далейшай вельмі небяспечнай эскалацыі.

Гэтае рашэнне супярэчыць абавязацельствам, узятым на сябе Расіяй у адпаведнасці з Будапешцкім мемарандумам, па якім Беларусь ліквідавала ўсю ядзерную зброю на сваёй тэрыторыі, а таксама ў адпаведнасці з Сумеснай заявай лідараў пяці дзяржаў, якія валодаюць ядзернай зброяй, ад 3 студзеня 2022 года, у якой адзначаецца, што ядзерная вайна не можа быць выйграна і ніколі не павінна быць развязана. Мы заклікаем Расію выконваць гэтыя абавязацельствы.

Беларускі рэжым – саўдзельнік незаконнай і несправакаванай агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны. Мы заклікаем беларускія ўлады неадкладна спыніць падтрымку агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны і адмовіцца ад рашэнняў, якія могуць толькі садзейнічаць росту напружанасці ў рэгіёне і падрываюць суверэнітэт Беларусі.

Любая спроба далейшай эскалацыі сітуацыі пацягне за сабой рашучую і скаардынаваную рэакцыю.

Peter Stano
Lead Spokesperson for Foreign Affairs and Security Policy
+32 (0)460 75 45 53