Беларусь: ЕС працягнуў абмежавальныя меры яшчэ на год

28.02.2024 EEAS Press Team

Сёння Савет вырашыў працягнуць абмежавальныя меры, звязаныя з унутранымі рэпрэсіямі ў Беларусі і падтрымкай рэжымам вайны Расіі супраць Украіны, яшчэ на год, да 28 лютага 2025 года. Рашэнне было прынята ў рамках штогадовага агляду абмежавальных мер і ў святле рэпрэсій, якія працягваюцца, і сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, якая радыкальна пагаршаецца, а таксама далейшага ўдзелу краіны ў незаконнай ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны.

Са жніўня 2020 года ЕС увёў некалькі пачарговых пакетаў індывідуальных і сектаральных санкцый супраць асоб, адказных за ўнутраныя рэпрэсіі і парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, а таксама ў кантэксце ўдзелу Беларусі ў вайне Расіі супраць Украіны. Гэтымі мерамі ЕС сігналізуе адказным палітычным і эканамічным суб'ектам, што іх дзеянні і падтрымка рэжыму і Расіі маюць сваю цану.

Індывідуальныя абмежавальныя меры ўключаюць замарожванне актываў і забарону на прадастаўленне сродкаў. У адносінах да фізічных асоб дадаткова ўводзіцца забарона на паездкі. У санкцыйным спісе зараз 233 фізічныя асобы, уключаючы Аляксандра Лукашэнку, і 37 юрыдычных асоб.

На Беларусь таксама распаўсюджваюцца мэтавыя эканамічныя санкцыі, у тым ліку абмежаванні датычна фінансавага сектару, гандлю, тавараў двайнога прызначэння, тэхналогій і тэлекамунікацый, энергетыкі, транспарту і іншых сфер.

У сваіх Заключэннях ад 19 лютага 2024 года Савет пацвярджае актуальнасць Заключэнняў ад 12 кастрычніка 2020 года і зноў выказвае сваю непахісную падтрымку імкнення беларускага народа да свабоднай, дэмакратычнай, суверэннай і незалежнай Беларусі, якая з'яўляецца часткай мірнай і квітнеючай Еўропы. Савет таксама выказаў глыбокую занепакоенасць сітуацыяй з правамі чалавека ў краіне, якая пагаршаецца, і рашуча асудзіў далейшы пераслед беларускага грамадства, далейшую падтрымку беларускім рэжымам агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны, заклікаўшы Беларусь устрымлівацца ад такіх дзеянняў і выконваць свае міжнародныя абавязальніцтвы. Савет пацвердзіў сваю рашучасць прыцягнуць да адказнасці вінаватых у парушэннях правоў чалавека. У рамках свайго паэтапнага падыходу ЕС гатовы прыняць далейшыя абмежавальныя і мэтавыя меры, пакуль беларускія ўлады працягваюць гэтыя дзеянні.