Еўрапейскі саюз дапамагае мадэрнізаваць водаачышчальныя збудаванні ў Беларусі

27.07.2020

Пасол Дзірк Шубель, кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі, прыняў удзел у цырымоніі падпісання сямі грантавых пагадненняў на агульную суму 5,8 мільёна еўра ў падтрымку праекта па ачыстцы вады і водных сцёкаў "Механізм фінансавання водагаспадарчага сектара Беларусі", які рэалізуецца Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця. Цырымонія падпісання адбылася ў Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. З боку Рэспублікі Беларусь у падпісанні грантавых пагадненняў прыняў удзел міністр Андрэй Хмель.

Праект падтрымліваецца грантамі са шматбаковых донарскіх фондаў – Экалагічнага партнёрства Паўночнага вымярэння (ЭППВ) і Усходнееўрапейскага партнёрства па энергаэфектыўнасці і экалогіі (E5P). ЭППВ і Е5P былі створаны, каб дапамагчы краінам палепшыць інвестыцыі ў муніцыпальную інфраструктуру, што таксама акажа станоўчы ўплыў на навакольнае асяроддзе і дазволіць захаваць энергарэсурсы.

"Еўрапейскі саюз дапамагае мадэрнізаваць ачышчальныя збудаванні ў Баранавічах, Бярозе, Клецку, Любані, Фаніпалі, Жлобіне і Шклове. Тым самым палепшыцца якасць базавых паслуг, якія прадстаўляюцца жыхарам гэтых гарадоў. Гэтыя праекты таксама маюць важнае прыродаахоўнае значэнне", – адзначыў Дзірк Шубель падчас цырымоніі падпісання грантавых пагадненняў.

У рамках ЭППВ грант у 1,5 млн еўра атрымае горад Баранавічы. Па лініі E5P прадастаўлены грант у памеры 4,3 млн еўра, які размеркаваны паміж шасцю гарадамі. Асноўным донарам дадзеных фондаў з'яўляецца Еўрапейскі саюз.

Гранты будуць выкарыстоўвацца для капітальнага рамонту дзеючых водаачышчальных збудаванняў і прывядзення іх у адпаведнасць з беларускімі прыродаахоўнымі патрабаваннямі, стандартамі ЕС і Канвенцыі па ахове марскога асяроддзя раёна Балтыйскага мора (HELCOM).


Глядзіце таксама