Беларусь: дэкларацыя Высокага прадстаўніка ад імя ЕС з нагоды другой гадавіны cфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі

Сёння мы адзначаем другую гадавіну cфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года, якія пазбавілі беларусаў магчымасці свабодна абіраць сваю будучыню. У гэты дзень мы зноў заяўляем пра сваю цвёрдую падтрымку іх дэмакратычных памкненняў і намаганняў па абароне фундаментальных правоў чалавека. Мы паўтараем, што ў Аляксандра Лукашэнкі няма ніякай дэмакратычнай легітымнасці.

Два гады таму рэжым у Мінску разгарнуў масавыя рэпрэсіі супраць народу Беларусі за мірнае імкненне да дэмакратычнага кіравання. З тых часоў рэжым ажыццяўляе жорсткі пераслед, які пастаянна ўзмацняецца. Палітычных зняволеных – праваабаронцаў, журналістаў, прафсаюзных дзеячаў, супрацоўнікаў СМІ, юрыстаў і звычайных грамадзян, якія выступаюць з любой крытыкай сістэмы, – зараз налічваецца больш за 1200, і гэтая лічба расце з кожным днём. Многія беларусы, у тым ліку прадстаўнікі дэмакратычнай апазіцыі, былі вымушаны пакінуць краіну, каб пазбегнуць беспадстаўнага пераследу. Рэжым навесіў цэтлік «тэрарыстаў» на многіх дэмакратычных актывістаў, пераследуючы іх з дапамогай дэзінфармацыі і запалохвання, а таксама пагражаючы ім смяротным пакараннем. Ён таксама актывізаваў пераслед польскай абшчыны.

У той жа час ніводны з вінаватых у гвалце ў дачыненні да грамадзянскага насельніцтва не быў прыцягнуты да адказнасці. Мы будзем працягваць падтрымліваць міжнародныя намаганні для Беларусі па прыцягненні вінаватых да адказнасці з мэтай збору і захавання доказаў парушэнняў правоў чалавека. Мы не забудземся на ахвяр рэжыму Лукашэнкі і яго мінулыя і цяперашнія злачынствы.

У лютым гэтага года, калі Расія пачала несправакаваную і беспадстаўную агрэсіўную вайну супраць Украіны, рэжым Лукашэнкі стаў яе саўдзельнікам супраць волі пераважнай большасці беларускага народу, дазволіўшы Расіі выкарыстаць беларускую тэрыторыю для ўварвання ва Украіну ў якасці пляцоўкі для запуску ракет і прадаставіўшы Маскве поўную палітычную падтрымку. Цяпер рэжым пераследуе і беларусаў за тое, што яны выступаюць супраць вайны.

Разам з нашымі партнёрамі-аднадумцамі мы ўвялі санкцыі ў адказ на працяг рэпрэсій, парушэнні міжнароднага права і авіяцыйных правілаў, якія таксама пацверджаны Саветам ІКАО, інструменталізацыю міграцыі і саўдзел Лукашэнкі ў вайне Расіі супраць Украіны.

Мы заклікаем улады Беларусі цалкам прытрымлівацца прынцыпаў дэмакратыі і вяршэнства права, паважаць правы чалавека і фундаментальныя свабоды, дзейнічаць у адпаведнасці з міжнародным правам і ўласнымі абавязацельствамі Беларусі, у тым ліку шляхам спынення саўдзелу ў агрэсіўнай вайне Расіі супраць Украіны. Мы заклікаем да неадкладнага і безумоўнага вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітвязняў і да спынення рэпрэсій. Улады Беларусі павінны распачаць сапраўдны і інклюзіўны дыялог з усімі пластамі грамадства, які вёў бы да свабодных і справядлівых выбараў пад міжнародным назіраннем і ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі.

Наша рашучасць падтрымліваць народ Беларусі застаецца нязменнай. Са жніўня 2020 года ЕС выдзеліў каля 65 мільёнаў еўра на падтрымку народу Беларусі – ахвяр рэпрэсій, грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ, жанчын, моладзі і студэнтаў, малога бізнесу, аховы здароўя і культуры. Мы гатовы прывесці ў дзеянне свой усёабдымны план эканамічнай падтрымкі на суму 3 мільярды еўра, як толькі ў Беларусі адбудзецца пераход да дэмакратыі. Гэта яскрава сведчыць аб нашай доўгатэрміновай прыхільнасці міру, дэмакратычным памкненням і квітненню беларускага народу.

Для Еўрапейскага саюза Беларусь і яе мужны народ з'яўляюцца важным еўрапейскім суседам. Мы цвёрда адданыя далейшаму выкарыстанню наяўных у нас інструментаў, у тым ліку далейшых санкцый і нарошчвання падтрымкі, для абароны дэмакратычных правоў беларускага народу. Мы будзем і надалей стаяць на баку народу Беларусі і падтрымліваць дэмакратычную, незалежную, суверэнную, квітнеючую і стабільную Беларусь.