Еўрапейская абарона часам успрымаецца як сінонім стварэння еўрапейскай арміі. Аднак гэта не той шлях, які абраў ЕС і яго дзяржавы-члены, заявіла Высокі прадстаўнік ЕС Федэрыка Магерыні ў сваім выступе ў Рыме.
«Тое, што мы ствараем, яшчэ больш амбіцыйнае, чым еўрапейская армія», – сказала Федэрыка Магерыні. «Мы хочам мець еўрапейскую сістэму абароны, якая б абапіралася на еўрапейскую прамысловую сістэму, на еўрапейскія тэхналогіі, на еўрапейскі рынак абароны. Мы хочам, каб нашы дзяржавы-члены разам інвеставалі, разам прымалі рашэнні і разам дзейнічалі. І зараз у нас нарэшце ёсць інструменты, якія дапамогуць нам ажыццявіць гэта разам».
У падыходзе ЕС выкарыстоўваюцца як ваенныя, так і грамадзянскія інструменты. «Адметнай асаблівасцю нас, еўрапейцаў, з'яўляецца тое, што мы знаходзім разумны баланс паміж жорсткай і мяккай сілай, таму што мы, еўрапейцы, добра ведаем з нашай гісторыі, што ў гэтым свеце няма крызісаў альбо пагроз, якія мы маглі б вырашыць толькі ваеннымі сродкамі», — адзначыла высокі прадстаўнік ЕС.
Дзякуючы гэтаму падыходу, сказала Магерыні, будзе створана «еўрапейская сістэма абароны, адрозная ад таго, што ўяўлялі сабе ў пяцідзесятыя гады ці нават у дзевяностыя гады, проста таму, што за гэты час свет змяніўся».
З часу прадстаўлення Глабальнай стратэгіі ЕС у галіне бяспекі і абароны ў чэрвені 2016 года было дасягнута нямала. Былі створаны новыя інструменты для развіцця супрацоўніцтва ў сферы абароны паміж дзяржавамі-членамі і актываваны дзеючыя прававыя рамкі. Нягледзячы на тое, што паглыбленне ўцягнутасці з боку дзяржаў-членаў ЕС адпавядае надзённым патрэбам у павышэнні бяспекі і абароны Еўропы, гэта ў той жа час выдатная магчымасць для ЕС і яго дзяржаў-членаў, падкрэсліла Магерыні. Гэта магчымасць інвеставаць разам, укараняць інавацыі і ствараць працоўныя месцы, падтрымліваць эканоміку і прадастаўляць самае сучаснае абсталяванне еўрапейскім ваенным.
Еўрапейскі фонд абароны служыць прыкладам таго, як узмацненне супрацоўніцтва прыносіць канкрэтны плён. Фонд будзе каардынаваць, дапаўняць і павялічваць нацыянальныя інвестыцыі ў абарону. Дзякуючы сумесным інвестыцыям дзяржавы-члены змогуць распрацоўваць абаронныя тэхналогіі і абсталяванне, што ў адваротным выпадку не было б магчымым. Фонд таксама будзе заахвочваць інавацыі і эфект маштабу, каб абаронная прамысловасць ЕС магла стаць больш эфектыўнай і канкурэнтаздольнай.
У перспектыве еўрапейская інтэграцыя ў галіне абароны служыць прыкладам таго, як Еўрапейскі саюз залежыць ад спалучэння «амбіцый і прагматызму», дазваляючы «марам аб аб'яднанай Еўропе [...] ўвасабляцца ў канкрэтныя ідэі і праекты».
«У гэтай працы няма нічога абстрактнага», – сказала Магерыні. «Наша аб'яднаная Еўропа складаецца з маладых навукоўцаў, якія дапамогуць нам прадухіліць наступную кібератаку. Наша аб'яднаная Еўропа складаецца з нашых ваенных, якія абараняюць гуманітарны канвой у зоне ваенных дзеянняў. Наша паліцыя навучае іракскія сілы ў раёнах, вызваленых ад ДАІШ, і дапамагае стабілізаваць сітуацыю ў нашым рэгіёне».
«Але мы павінны быць асцярожныя, – перасцерагла высокі прадстаўнік ЕС, – наша аб'яднаная Еўропа не можа быць проста Еўропай абароны. Еўрапейская інтэграцыя таксама павінна зноў распачацца ў іншых сферах, у тым ліку ў эканамічнай і сацыяльнай палітыцы».
Магерыні зрабіла наступную выснову: «Праца, праведзеная намі ў сферы абароны, паказвае, што змены магчымыя і яны залежаць ад нас. Еўропа – гэта тое, што мы вырашылі зрабіць, мы і ёсць Еўропа».