European Union External Action

Беларусь: Высокі Прадстаўнік ЕС Жазэп Барэль сустрэўся са Святланай Ціханоўскай

Brussels, 16/12/2020 - 12:16, UNIQUE ID: 201216_7
Press releases

Высокі Прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі - намеснік Старшыні Еўрапейскай камісіі Жазэп Барэль сустрэўся ў сераду раніцай з прадстаўніком беларускай апазіцыі Святланай Ціханоўскай. Разам з іншымі членамі беларускага прэзідыума Каардынацыйнага савета спадарыня Ціханоўская атрымае прэмію Сахарава 2020 года, прысуджаную Еўрапейскім парламентам беларускай дэмакратычнай апазіцыі.

Высокі Прадстаўнік - намеснік Старшыні Еўрапейскай камісіі Барэль назваў прэмію Сахарава прызнаннем іх мужнасці, стойкасці і рашучасці у прасоўванні дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі.

Высокі прадстаўнік - намеснік старшыні Еўрапейскай камісіі і спадарыня Ціханоўская абмяняліся ацэнкамі бягучай сітуацыі ў Беларусі. Жазэп Барэль паўтарыў, што Еўрапейскі саюз разам са сваімі міжнароднымі партнёрамі працягвае заклікаць да спынення затрыманняў і гвалту ў дачыненні да мірных пратэстуючых; да вызвалення ўсіх палітычных вязняў і несправядліва затрыманых; да судовага пераследу тых, хто санкцыянаваў і здзяйсняў акты гвалту і бесчалавечнага абыходжання; і да свабодных і справядлівых выбараў пад наглядам АБСЕ. Высокі Прадстаўнік - намеснік Старшыні Еўрапейскай камісіі Барэль таксама падкрэсліў, што Еўрапейскі саюз ужо наклаў санкцыі на 55 асоб, адказных за жорсткае падаўленне і запалохванне мірных дэманстрантаў, прадстаўнікоў апазіцыі і журналістаў, а таксама за неправамернае правядзенне выбарчага працэсу, і ў цяперашні час дапрацоўвае дадатковыя санкцыі, якія будуць накіраваны як на фізічных, так і на юрыдычных асоб.

Высокі прадстаўнік - намеснік старшыні Еўрапейскай камісіі падкрэсліў прыхільнасць ЕС падтрымцы беларускай грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ, а таксама моладзі і малых і сярэдніх прадпрыемстваў, у тым ліку ў кантэксце пандэміі каранавіруса. Ён падкрэсліў, што ЕС цалкам падтрымлівае законныя патрабаванні беларускага народа, і адзначыў гатоўнасць ЕС істотна актывізаваць сваё супрацоўніцтва і падтрымку дэмакратычнай Беларусі, калі там будуць выконвацца прынцыпы дэмакратыі, вяршэнства права і правоў чалавека.

Ён таксама паўтарыў, што ЕС гатовы падтрымаць любыя вартыя даверу пасрэдніцкія намаганні, у прыватнасці ў рамках АБСЕ. Сапраўдны, інклюзіўны нацыянальны дыялог, у тым ліку з Каардынацыйным саветам, – гэта адзіны шлях для забеспячэння мірнага вырашэння гэтага крызісу пры поўным павазе правоў беларускага народа.