European Union External Action

Беларусь: пазачарговая сустрэча высокапастаўленых службовых асоб ЕС і Беларусі

Брусэль, 23/07/2020 - 18:25, UNIQUE ID: 200723_20
Press releases

Пазачарговая сустрэча высокапастаўленых службовых асоб ЕС і Беларусі адбылася сёння ў Бруселі.

У цэнтры дыскусій была сітуацыя ў галіне правоў чалавека і дэмакратыі ў кантэксце прэзідэнцкіх выбараў, якія пройдуць у Беларусі 9 жніўня. ЕС зноў выказаў сваю занепакоенасць у сувязі з невыкананнем Беларуссю асноўных свабод і, як уяўляецца, адвольным выключэннем кандыдатаў з выбарчага працэсу. ЕС заклікаў Беларусь вызваліць усіх адвольна затрыманых палітычных актывістаў і забяспечыць іх доступ да юрыдычнай дапамогі, а таксама справядлівае, бесстаронняе і празрыстае расследаванне ва ўсіх выпадках. Бок ЕС выказаў шкадаванне з нагоды таго, што запрашэнне ў адрас Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (БДІПЧ АБСЕ) не было накіравана Беларуссю загадзя, і заклікаў Беларусь выконваць міжнародныя выбарчыя стандарты на працягу пазасталай часткі выбарчага працэсу.

ЕС узгадаў на сваю падтрымку Беларусі і яе грамадзян у рамках ініцыятывы Team Europe (Каманда «Еўропа») ва ўмовах пандэміі Covid-19, у тым ліку на першую пастаўку медыцынскіх матэрыялаў, якая адбылася 22 чэрвеня, а таксама на падтрымку ўразлівых слаёў насельніцтва і малых і сярэдніх прадпрыемстваў.

Бакі таксама абмеркавалі ход перамоваў пра Прыярытэты партнёрства ЕС і Беларусі – важны сродак умацавання двухбаковага супрацоўніцтва ў рамках Усходняга партнёрства.

Бок ЕС падкрэсліў важнасць працягу шчыльнага супрацоўніцтва Беларусі з Групай еўрапейскіх рэгулятараў у сферы ядзернай бяспекі ў выкананні рэкамендацый, дадзеных па выніках стрэс-тэстаў на Астравецкай АЭС. У гэтай сувязі ЕС вітае пагадненне аб правядзенні партнёрскай праверкі Нацыянальнага плана дзеянняў Беларусі з намерам завяршыць гэтую працу да канца бягучага года.

Дэлегацыю Еўрапейскага саюза ўзначальваў Люк Дэвінь, выконваючы абавязкі кіраўнічага дырэктара па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў. Дэлегацыю Беларусі ўзначальваў намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка.