European Union External Action

Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ): заява прэс-сакратара аб перапрызначэнні найвышэйшага кіраўніцтва

20/07/2020 - 13:39
News stories

З'яўляючыся найбуйнейшай у свеце рэгіянальнай арганізацыяй па бяспецы, Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) уяўляе сабой краевугольны камень шматбаковага, заснаванага на правілах парадку і архітэктуры еўрапейскай бяспекі.

Эфектыўнае функцыянаванне АБСЕ мае цэнтральнае значэнне для пераўтварэння нашага еўрапейскага кантынента ў апору міру, росквіту і справядлівасці для астатняга свету.

Еўрапейскі саюз дзякуе албанскаму Дзейнаму старшынству ў АБСЕ за яго намаганні па паўторным прызначэнні Генеральнага сакратара АБСЕ і кіраўнікоў трох аўтаномных інстытутаў: прадстаўніка па пытаннях свабоды сродкаў масавай інфармацыі, дырэктара Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека і Вярхоўнага камісара па справах нацыянальных меншасцяў. Моцныя і гнуткія мандаты Генеральнага сакратара АБСЕ і яго трох аўтаномных інстытутаў іграюць ключавую ролю ў аказанні падтрымкі дзяржавам-удзельніцам АБСЕ ў выкананні абавязацельстваў у рамках АБСЕ.

Хоць пераважная большасць дзяржаў-удзельніц АБСЕ падтрымалі прапанову Дзейнага старшынства, кансенсусу па гэтых паўторных прызначэннях дасягнуць не атрымалася. Рашэнне абмежаванай колькасці дзяржаў-удзельніц выступіць супраць гэтай прапановы падрывае эфектыўнасць Арганізацыі і аслабляе такі неабходны шматбаковы падыход да гарантавання бяспекі ў Еўропе, які ўвасабляе сабой АБСЕ. Наяўнасць цалкам функцыянальнага, належнага і стабільнага кіраўніцтва яшчэ больш важна з улікам шматлікіх бягучых выклікаў на нашым агульным кантыненце, пераадоленне якіх стала яшчэ больш неадкладнай задачай у сувязі з пандэміяй каранавіруса.

У гэтым годзе адзначаецца 45-годдзе Хельсінкскага заключнага акта Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе і 30-годдзе Парыжскай хартыі для новай Еўропы. Захаванне інстытутаў і іх моцных мандатаў з'яўляецца абавязкам усіх дзяржаў-удзельніц. Таму важна, каб кансенсус у дачыненні да прызначэння кіраўніцтва АБСЭ быў дасягнуты без далейшых затрымак. Еўрапейскі саюз будзе працягваць падтрымліваць АБСЕ ў яе надзвычай важнай працы.

Languages:
Рэдакцыйныя раздзелы: