European Union External Action

Спрашчэнне візавага рэжыму і рэадмісія: пагадненні з Беларуссю ўжо ў сіле

30/06/2020 - 16:02
News stories

Сёння ўступаюць у сілу пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі паміж ЕС і Беларуссю. Гэтыя пагадненні ўяўляюць сабой важны крок ва ўмацаванні ўзаемадзеяння ЕС з беларускім народам і грамадзянскай супольнасцю. Яны пракладуць шлях для павышэння ўзроўню мабільнасці грамадзян, спрыяючы ўмацаванню сувязей паміж ЕС і Беларуссю.

Намеснік Старшыні Еўрапейскай камісіі па прасоўванні нашага еўрапейскага ладу жыцця Маргарыціс Шынас сказаў: «Сёння мы адзначаем дасягненне канкрэтнага выніку, які зблізіць еўрапейцаў і беларусаў. Пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму дазволіць грамадзянам ЕС і Беларусі падарожнічаць больш свабодна, а пагадненне аб рэадмісіі таксама будзе садзейнічаць вырашэнню пытання нерэгулярнай міграцыі на карысць як Беларусі, так і ЕС».

Камісар па ўнутраных справах Ілва Ёхансан сказала: «Гэтыя пагадненні павысяць узровень мабільнасці ў добра кіраваным і бяспечным асяроддзі. Як толькі здымуцца абмежаванні на паездкі, уведзеныя ў сувязі з каранавірусам, грамадзянам Беларусі будзе лягчэй прыязджаць у ЕС. Гэта азначае ўмацаванне сувязей і актывізацыя абменаў паміж нашымі людзьмі і нашымі грамадствамі».

Пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму спрашчае атрыманне беларускімі грамадзянамі кароткатэрміновых віз для ўезду ў Еўрапейскі саюз. У прыватнасці, візавы збор для ўсіх зніжаецца да 35 еўра і адмяняецца для пэўных катэгорый падарожнікаў. Акрамя таго, абмежаваны памер сервіснага збору і скарочаны максімальны тэрмін прыняцця консульствамі рашэнняў па хадайніцтвах аб выдачы візы. Некалькі катэгорый падарожнікаў, у тым ліку журналісты, студэнты і члены афіцыйных дэлегацый, могуць атрымліваць шматразовыя візы з усё больш працяглым тэрмінам дзеяння (да 5 гадоў). Пры гэтым ім прыйдзецца падаваць меншую колькасць дакументаў, якія пацвярджаюць мэту паездкі. Беларусь ужо ў аднабаковым парадку прыняла захады для спрыяння кароткатэрміновым бязвізавым паездкам грамадзян ЕС, якія прыбываюць у Мінск.

Асноўная мэта пагаднення аб рэадмісіі - устанавіць працэдуры для бяспечнага і ўпарадкаванага вяртання асоб, нерэгулярна прысутных у ЕС ці Беларусі, пры поўным завахаванні іх правоў у адпаведнасці з міжнароднымі нормамі, у прыватнасці, прынцыпам нявысылкі.

У пагадненнях Бакі прызнаюць важнасць абавязацельстваў і адказнасці, у тым ліку ў сферы забеспячэння правоў чалавека і дэмакратычных прынцыпаў, якія вынікаюць з адпаведных міжнародных дакументаў, прымяняльных да іх.

Для даведкі

ЕС і Беларусь падпісалі пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі 8 студзеня 2020 года. Затым была праведзена працэдура ратыфікацыі з беларускага боку: абодва пагадненні былі ўхвалены Палатай прадстаўнiкоў 2 красавiка 2020 года і зацверджаны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі. З боку ЕС Еўрапейскі парламент даў сваю згоду на заключэнне пагадненняў 13 мая 2020 года, а Савет афіцыйна завяршыў іх ратыфікацыю 27 мая 2020 года.

Акрамя Беларусі, ЕС заключыў дамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму з Албаніяй, Арменіяй, Азербайджанам, Босніяй і Герцагавінай, Каба-Вердэ, Паўночнай Македоніяй, Грузіяй, Малдовай, Чарнагорыяй, Сербіяй, Расійскай Федэрацыяй і Украінай. Афіцыйныя пагадненні аб рэадмісіі альбо практычныя дамоўленасці па вяртанні і рэадмісіі заключаны з 24 краінамі, у тым ліку з  Беларуссю.

Дадатковая інфармацыя

Падарожжы ў ЕС з Беларусі

Адносіны Беларусі і ЕС

Пагадненне паміж Еўрапейскім саюзам і Рэспублікай Беларусь аб спрашчэнні выдачы віз

Пагадненне паміж Еўрапейскім саюзам і Рэспублікай Беларусь аб рэадмісіі асоб, якія прыбываюць без дазволу

Прэс-рэліз: Спрашчэнне візавага рэжыму і рэадмісія: Еўрапейскі саюз і Беларусь падпісалі пагадненні, 8 студзеня 2020 г.

Рэдакцыйныя раздзелы: