European Union External Action

Адносіны ЕС-Беларусь

Брюссель, 10/05/2019 - 10:38, UNIQUE ID: 171114_17
Factsheets

У апошнія гады адносіны паміж Еўрапейскім саюзам і Беларуссю прайшлі праз некалькі этапаў. Жорсткія дзеянні ўладаў Беларусі пасля выбараў у снежні 2010 года і заключэнне пад варту лідараў апазіцыі прывялі да ўвядзення Еўрапейскім саюзам шэрагу абмежавальных мер, а таксама да пашырэння палітыкі крытычнага ўзаемадзеяння.

Аднак за апошнія два гады ў адносінах паміж ЕС і Беларуссю быў дасягнуты прагрэс. Беларусь больш ініцыятыўна ўдзельнічае ва Усходнім партнёрстве, у прыватнасці ў яго шматбаковых фарматах, завяршыліся перамовы аб Партнёрстве ў сферы мабільнасці і вядуцца перамовы па Пагадненнях аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі. Адчувальныя крокі, якія прымаюцца Беларуссю для захавання ўніверсальных свабод, вяршэнства права і правоў чалавека, у тым ліку асноватворных працоўных правоў, застануцца фундаментальным фактарам пры фармаванні будучай палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі, як адзначана ў Высновах Савета по замежных справах ад 15 лютага 2016 года.

Па ініцыятыве Беларусі ў ліпені 2015 года аднавілася правядзенне штогадовага  Дыялогу ЕС-Беларусь по правах чалавека. Апошняе пасяджэнне ў рамках дыялогу прайшло ў ліпені 2018 года. 22 жніўня 2015 года апошнія палітвязні былі вызвалены з беларускіх турмаў. ЕС вітаў той доўгачаканы крок, які стаў важнай вяхой у адносінах паміж ЕС і Беларуссю. У лютым 2016 года ЕС зняў большасць абмежавальных мер у дачыненні да Беларусі, а таксама прывёў у дзеянне ключавы пакет эканамічных і іншых мер, звязаных з супрацоўніцтвам. У гэты пакет уваходзіць супрацоўніцтва з міжнароднымі фінансавымі інстытутамі, такімі як Еўрапейскі інвестыцыйны банк (ЕІБ) і Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР), а таксама актывізацыя падрыхтоўкі да ўступлення ў Сусветную гандлёвую арганізацыю (СГА) і зняцце квот на экспарт тэкстылю. Астатнія абмежавальныя меры (эмбарга на пастаўкі зброі і абмежавальныя меры ў дачыненні да чатырох асоб, якія знаходзяцца пад санкцыямі ў сувязі з нераскрытымі справамі аб знікненнях), у цяперашні час дзейнічаюць да 28 лютага 2020 года. Усе рашэнні, якія датычацца абмежавальных мер ЕС, патрабуюць аднадушнай згоды 28 дзяржаў-членаў ЕС.

Еўрапейскі саюз вельмі сур'ёзна ставіцца да сітуацыі ў галіне правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі, асабліва сітуацыі са свабодай сходаў і асацыяцый, асноватворнымі працоўнымі стандартамі, свабодай слова і сродкаў масавай інфармацыі. Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе, дзе ўсё яшчэ прымяняецца смяротнае пакаранне. У 2018 годзе былі прыведзены ў выкананне чатыры смяртныя прысуды. У студзені 2019 года быў вынесены новы смяротны прысуд, і ў цяперашні час тры чалавекі знаходзяцца ў камерах смяротнікаў. Еўрапейскі саюз прытрымліваецца адназначнай пазіцыі ў дачыненні да смяротнага пакарання, якое парушае права на жыццё і з'яўляецца жорсткім, бесчалавечным і зневажальным для годнасці пакараннем. ЕС неаднаразова ўздымаў пытанні правоў чалавека, у тым ліку смяротнага пакарання, перад беларускімі ўладамі на ўсіх узроўнях. Неабходна замяніць пазасталыя смяротныя прысуды на больш мяккія і ўвесці мараторый ў якасці першага кроку да адмены смяротнага пакарання.

Каардынацыйная група ЕС-Беларусь была створана ў 2016 годзе для таго, каб служыць пляцоўкай для палітычнага дыялогу на ўзроўні высокапастаўленых службовых асоб. Каардынацыйная група рэгулюе супрацоўніцтва паміж ЕС і Беларуссю і сочыць за далейшым развіццём адносін. Першае пасяджэнне Каардынацыйнай групы адбылося ў красавіку 2016 года ў Бруселі. З тых часоў адбылося яшчэ шэсць пасяджэнняў, пачаргова ў Мінску і Бруселі. Апошняя сустрэча прайшла 24-25 красавіка 2019 года ў Мінску. Цягам кожнай сустрэчы ў рамках палітыкі Еўрапейскага саюза па забеспячэнні супрацоўніцтва і ўдзелу грамадзянскай супольнасці ЕС заклікае беларускія ўлады праводзіць шырокія кансультацыі з усімі зацікаўленымі бакамі. Асаблівая ўвага таксама надаецца прасоўванню асноўных правоў і свабод, у прыватнасці адмене смяротнага пакарання, барацьбе супраць катаванняў і жорсткага абыходжання, а таксама свабодзе выказвання і сходаў.