European Union External Action

Каардынацыйная група Беларусь-ЕС правяла сустрэчу ў Мінску

Мінск, 25/04/2019 - 11:37, UNIQUE ID: 190425_7
Press releases

Каардынацыйная група ЕС-Беларусь правяла сваю сёмую сустрэчу ў Мінску 24-25 красавіка 2019 года, каб ацаніць увесь спектр адносін паміж Беларуссю і ЕС.

Еўрапейскі саюз зноў пацвердзіў тое значэнне, якое ён надае адносінам з Беларуссю, і сваю прыхільнасць працы з Беларуссю для забеспячэння стабільнай, дэмакратычнай і квітнеючай будучыні на карысць яе народа.

Дэлегацыі абмеркавалі стан спраў у дачыненні да Прыярытэтаў партнёрства ЕС і Беларусі, якія, калі будуць падпісаныя, адзначаць новы этап ўзаемадзеяння паміж ЕС і Беларуссю і вызначаць будучыню супрацоўніцтва на аснове агульных інтарэсаў. ЕС выказаў сваю прыхільнасць хутчэйшаму завяршэнню перамоў па Прыярытэтах партнёрства ЕС-Беларусь. У дачыненні да ядзернай бяспекі ўлады Беларусі прадставілі абноўленую інфармацыю пра падрыхтоўку Нацыянальнага плана дзеянняў па выкананні рэкамендацый партнёрскай праверкі стрэс-тэстаў, і ЕС падкрэсліў важнасць працягу супрацоўніцтва з Еўрапейскай групай рэгулятараў ў галіне ядзернай бяспекі на наступных этапах працэсу.

Як і на папярэдніх пасяджэннях Каардынацыйнай групы, спецыяльная сесія была прысвечаная правам чалавека і дэмакратыі. ЕС прыняў да ўвагі пашырэнне супрацоўніцтва Беларусі ў рамках шматбаковых форумаў і працяг двухбаковага дыялогу па правах чалавека і пагадзіўся правесці наступны Дыялог ЕС-Беларусь па правах чалавека 18 чэрвеня 2019 года ў Бруселі. ЕС зноў пацвердзіў сваё непрыманне смяротнай кары пры любых абставінах і рэкамендаваў Беларусі ўвесці мараторый ў якасці першага кроку да яе адмены. Сітуацыя са свабодай выказвання і сходаў у Беларусі працягвае выклікаць занепакоенасць, і ЕС закрануў у абмеркаванні некалькі з апошніх падзей у гэтай сферы. Упершыню адбылося абмеркаванне перспектыў супрацоўніцтва ў галіне належнага кіравання ў працяг прэзентацыі праграмы Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (OECD) "Падтрымка ўдасканалення кіравання і менеджменту" (SIGMA), якая адбылася напярэдадні сустрэчы Каардынацыйнай групы. ЕС зноў пацвердзіў, што Беларусі неабходна правесці ўсебаковую рэформу выбарчага заканадаўства ў адпаведнасці з рэкамендацыямі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) і Венецыянскай камісіі.

У кантэксце 10-х угодкаў Ініцыятывы «Усходняе партнёрства» ЕС і Беларусь абмеркавалі рэалізацыю 20 канкрэтных задач на перыяд да 2020 года і падрыхтоўку да юбілейных мерапрыемстваў «Усходняга партнёрства». Адбыўся актыўны абмен меркаваннямі з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці пра дасягненні і будучыню Усходняга партнёрства.

ЕС прадставіў свае бягучыя і запланаваныя праграмы фінансавай дапамогі, аб'ём якіх з 2016 года павялічыўся ўдвая, прыкладна да 30 млн. еўра ў год. Дэлегацыі абмеркавалі, як узмацніць ўздзеянне розных інструментаў фінансавай дапамогі і як ЕС можа падтрымаць рэформы і мадэрнізацыю ў Беларусі для таго, каб забяспечыць канкрэтныя вынікі для грамадзян.

ЕС і Беларусь таксама абмеркавалі стан і перспектывы пашырэння галіновага супрацоўніцтва, у тым ліку ў галінах эканомікі і фінансаў, гандлю, лічбавай эканомікі, развіцця прыватнага сектара, мытні, транспарту, сельскай гаспадаркі, навакольнага асяроддзя, адукацыі і моладзі, працы, занятасці, сацыяльнай абароны, даследаванняў і інавацый. Упершыню ўдзельнікі таксама абмеркавалі супрацоўніцтва ў галіне статыстыкі, падкрэсліўшы яе важнасць у фарміраванні палітыкі, заснаванай на фактычных дадзеных.

У кантэксце далейшага прасоўвання кантактаў паміж людзьмі, моладзевых і дзелавых абменаў, ЕС і Беларусь віталі прагрэс у перамовах па пагадненнях аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі паміж ЕС і Беларуссю і абмеркавалі пытанні рэалізацыі свайго Партнёрства па мабільнасці.

На палях пасяджэння Каардынацыйнай групы дэлегацыя ЕС сустрэлася з беларускімі праваабаронцамі і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, а таксама з удзельнікамі  праграмы «Кансультацыі ЕБРР для малога бізнэсу», якая рэалізуецца на сродкі ЕС.

Дэлегацыю ЕС узначальваў Томас Майр-Хартынг, кіраўнічы дырэктар па пытаннях Еўропы і Цэнтральнай Азіі Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў (EEAS); у яе складзе былі прадстаўнікі Еўрапейскай камісіі, якія адказваюць за Еўрапейскую палітыку суседства, пытанні мытні, падаткаабкладання і статыстыкі. Дэлегацыю Беларусі ўзначальваў намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка; яна складалася з прадстаўнікоў галіновых міністэрстваў і ведамстваў. Як і раней, эксперты і прадстаўнікі беларускіх няўрадавых арганізацый таксама прымалі ўдзел у некаторых частках сустрэчы.

Было вырашана правесці наступнае пасяджэнне Каардынацыйнай групы да канца года ў Бруселі.


Падрабязней пра адносіны ЕС і Беларусі

Рэдакцыйныя раздзелы: