European Union External Action

Еўрапейскае супрацоўніцтва ў сферы абароны не азначае стварэнне арміі ЕС – гэта нешта значна большае

12/02/2018 - 18:22
News stories

Супрацоўніцтва ЕС у галіне абароны хутка развіваецца, ствараючы працоўныя месцы, а таксама новыя магчымасці для інавацый і павышэння бяспекі нашага кантынента. Выступаючы на мерапрыемстве, арганізаваным аналітычным цэнтрам Italia Decide ў Рыме 12 лютага 2018 года, Высокі прадстаўнік ЕС Федэрыка Магерыні распавяла пра тое, як еўрапейскі падыход да паглыблення супрацоўніцтва ва ўсіх накірунках і ўсёабдымны падыход да пытанняў бяспекі дэманструюць наяўнасць амбіцый, якія адпавядаюць сённяшнім выклікам.

security, defence, EU defence, EU army, Italia Decide, Mogherini, EEAS, European Union

Еўрапейская абарона часам успрымаецца як сінонім стварэння еўрапейскай арміі. Аднак гэта не той шлях, які абраў ЕС і яго дзяржавы-члены, заявіла Высокі прадстаўнік ЕС Федэрыка Магерыні ў сваім выступе ў Рыме.

«Тое, што мы ствараем, яшчэ больш амбіцыйнае, чым еўрапейская армія», –  сказала Федэрыка Магерыні. «Мы хочам мець еўрапейскую сістэму абароны, якая б абапіралася на еўрапейскую прамысловую сістэму, на еўрапейскія тэхналогіі, на еўрапейскі рынак абароны. Мы хочам, каб нашы дзяржавы-члены разам інвеставалі, разам прымалі рашэнні і разам дзейнічалі. І зараз у нас нарэшце ёсць інструменты, якія дапамогуць нам ажыццявіць гэта разам».

У падыходзе ЕС выкарыстоўваюцца як ваенныя, так і грамадзянскія інструменты. «Адметнай асаблівасцю нас, еўрапейцаў, з'яўляецца тое, што мы знаходзім разумны баланс паміж  жорсткай і мяккай сілай, таму што мы, еўрапейцы, добра ведаем з нашай гісторыі, што ў гэтым свеце няма крызісаў альбо пагроз, якія мы маглі б вырашыць толькі ваеннымі сродкамі», — адзначыла высокі прадстаўнік ЕС.

Дзякуючы гэтаму падыходу, сказала Магерыні, будзе створана «еўрапейская сістэма абароны, адрозная ад таго, што ўяўлялі сабе ў пяцідзесятыя гады ці нават у дзевяностыя гады, проста таму, што за гэты час свет змяніўся».

З часу прадстаўлення Глабальнай стратэгіі ЕС у галіне бяспекі і абароны ў чэрвені 2016 года было дасягнута нямала. Былі створаны новыя інструменты для развіцця супрацоўніцтва ў сферы абароны паміж дзяржавамі-членамі і актываваны дзеючыя прававыя рамкі. Нягледзячы на ​​тое, што паглыбленне ўцягнутасці з боку дзяржаў-членаў ЕС адпавядае надзённым патрэбам у павышэнні бяспекі і абароны Еўропы, гэта ў той жа час выдатная магчымасць для ЕС і яго дзяржаў-членаў, падкрэсліла Магерыні. Гэта магчымасць інвеставаць разам, укараняць інавацыі і ствараць працоўныя месцы, падтрымліваць эканоміку і прадастаўляць самае сучаснае абсталяванне еўрапейскім ваенным.

Еўрапейскі фонд абароны служыць прыкладам таго, як узмацненне супрацоўніцтва прыносіць канкрэтны плён. Фонд будзе каардынаваць, дапаўняць і павялічваць нацыянальныя інвестыцыі ў абарону. Дзякуючы сумесным інвестыцыям дзяржавы-члены змогуць распрацоўваць абаронныя тэхналогіі і абсталяванне, што ў адваротным выпадку не было б магчымым. Фонд таксама будзе заахвочваць інавацыі і эфект маштабу, каб абаронная прамысловасць ЕС магла стаць больш эфектыўнай і канкурэнтаздольнай.

У перспектыве еўрапейская інтэграцыя ў галіне абароны служыць прыкладам таго, як Еўрапейскі саюз залежыць ад спалучэння «амбіцый і прагматызму», дазваляючы «марам аб аб'яднанай Еўропе [...] ўвасабляцца ў канкрэтныя ідэі і праекты».

«У гэтай працы няма нічога абстрактнага», –  сказала Магерыні. «Наша аб'яднаная Еўропа складаецца з маладых навукоўцаў, якія дапамогуць нам прадухіліць наступную кібератаку. Наша аб'яднаная Еўропа складаецца з нашых ваенных, якія абараняюць гуманітарны канвой у зоне ваенных дзеянняў. Наша паліцыя навучае іракскія сілы ў раёнах, вызваленых ад ДАІШ, і дапамагае стабілізаваць сітуацыю ў нашым рэгіёне».

«Але мы павінны быць асцярожныя, – перасцерагла высокі прадстаўнік ЕС, – наша аб'яднаная Еўропа не можа быць проста Еўропай абароны. Еўрапейская інтэграцыя таксама павінна зноў распачацца ў іншых сферах, у тым ліку ў эканамічнай і сацыяльнай палітыцы».

Магерыні зрабіла наступную выснову: «Праца, праведзеная намі ў сферы абароны, паказвае, што змены магчымыя і яны залежаць ад нас. Еўропа – гэта тое, што мы вырашылі зрабіць, мы і ёсць Еўропа».