European Union External Action

ЕС імкнецца да поўнага выканання ядзернага пагаднення: заява Федэрыкі Магерыні пасля сустрэчы ЕС/Eўратройка-Іран

11/01/2018 - 18:33
News stories

«Еўрапейскі cаюз па-ранейшаму імкнецца падтрымліваць поўнае і эфектыўнае выкананне ядзернага пагаднення», – заявіла Высокі прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Федэрыка Магерыні пасля сустрэчы ЕС/Еўратройка-Іран па пытаннях рэалізацыі СУПДз (Сумеснага ўсёабдымнага плана дзеянняў), на якой прысутнічалі міністры замежных спраў Францыі, Германіі, Вялікабрытаніі і Ірана.

Па словах Федэрыкі Магерыні, пагадненне дае магчымасці для паглыбленага ўзаемадзеяння і бесперапыннага дыялогу з Іранам па ўсіх пытаннях. ЕС мае намер пераканацца, што зняцце санкцый, звязаных з ядзерным пытаннем, акажа станоўчы ўплыў на гандаль і эканамічныя адносіны з Іранам, а таксама на насельніцтва краіны.

«Хоць мы выказалі заклапочанасць і іншымі пытаннямі, такімі як распрацоўка балістычных ракет і рост напружанасці ў рэгіёне, іх няма сярод пунктаў ядзернага пагаднення. Гэтыя пытанні вырашаюцца і працягнуць вырашацца ў адпаведных фарматах на форумах», - заявіла высокі прадстаўнік ЕС. Таксама абмяркоўваліся падзеі, якія адбыліся нядаўна на тэрыторыі Ірана.

Падчас сустрэчы з міністрамі замежных спраў Францыі, Германіі, Вялікабрытаніі і Ірана асноўная ўвага была нададзена бягучай працы над забеспячэннем поўнай і бесперапыннай рэалізацыі ўсімі бакамі Сумеснага ўсёабдымнага плана дзеянняў (СУПДз), ядзернага пагаднення з Іранам.

«Гэтае пагадненне працуе, яно выконвае галоўную мэту, трымаючы ядзерную праграму Ірана пад кантролем і пад пільным наглядам», – заявіла высокі прадстаўнік ЕС.

У кастрычніку мінулага года міністры 28 дзяржаў-членаў Еўрапейскага саюза выказалі выразную пазіцыю па дадзеным ядзерным пагадненні з Іранам. Яны адзначылі ў сумеснай заяве, што СУПДз – «кульмінацыя дванаццаці гадоў дыпламатычных намаганняў ЕС» – стаў «ключавым элементам глабальнай архітэктуры нераспаўсюджвання ядзернай зброі, вельмі важным для бяспекі рэгіёну».

«Гэта надзвычай важна не толькі для бяспекі рэгіёна, але і для бяспекі Еўропы. Гэта ключавы стратэгічны інтарэс у сферы бяспекі для нас, еўрапейцаў», – заявіла высокі прадстаўнік ЕС.

«Еўрапейскі саюз па-ранейшаму мае намер падтрымліваць поўнае і эфектыўнае выкананне пагаднення, у тым ліку, каб пераканацца, што зняцце санкцый, звязаных з ядзерным пытаннем, акажа станоўчы ўплыў на гандаль і эканамічныя адносіны з Іранам, уключаючы перавагі для насельніцтва краіны», – заявіла Федэрыка Магерыні.

Пагадненне па ядзернай праграме з'яўляецца шматбаковым пагадненнем, ухваленым Саветам Бяспекі ААН шляхам прыняцця рэзалюцыі 2231. МАГАТЭ (Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі) пацвердзіла ў сваіх дзевяці справаздачах, што Іран цалкам выконвае абавязацельствы ў рамках пагаднення.

«Неабходна адзінства міжнароднай супольнасці, каб захаваць пагадненне, якое працуе, робіць свет больш бяспечным і прадухіляе патэнцыйную гонку ядзерных узбраенняў у рэгіёне. І мы разлічваем, што ўсе бакі працягнуць цалкам выконваць дадзенае пагадненне», – падвяла вынік Федэрыка Магерыні.

Tags: