European Union External Action

ЕС – асноўны донар грамадзянскай супольнасці ў краінах Усходняга партнёрства

24/10/2017 - 17:30
News stories

Канферэнцыя грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства разам з 9-й штогадовай Асамблеяй Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства пройдуць 25-27 кастрычніка 2017 года ў Таліне ў рамках старшынства Эстоніі ў Радзе Еўрапейскага Саюза.

federica mogherini, eap, eastern partnership, civil society forum, tallin

Трохдзённае мерапрыемства пад назвай «Рэальныя вынікі для людзей:  Усходняе партнёрства да 2020 году і пазней» засяродзіцца на будучыні палітыкі Усходняга партнёрства і на ролі грамадзянскай супольнасці для больш эфектыўнага кіравання ў краінах УП.

Высокі прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Федэрыка Магерыні сказала: «Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці – найлепшыя аўтары і дарадцы па рэформах, якія даўно наспелі ў краінах Усходняга партнёрства. Яны – голас супраць карупцыі і за празрыстасць, і важная сіла ў нашай паўсядзённай па розных пытаннях, ад барацьбы з гвалтам супраць жанчын да паляпшэння медыя-асяроддзя. Мы партнёры, мы патрэбныя адзін аднаму для дасягнення агульных мэт і для таго, каб праца Усходняга партнёрства прыносіла вынік».

Камісар па Еўрапейскай палітыцы суседства і перамовах аб пашырэнні ЕС Ёханес Хан падкрэсліў: «Мы выконваем сваё абяцанне спрыяць сацыяльна інавацыйным тэндэнцыям ў нашай пашыранай падтрымцы для грамадзянскай супольнасці. Партнёрства з ключавымі суб'ектамі грамадзянскай супольнасці, упэўненае лідарства і дастасаваныя інструменты для падтрымкі адмысловай ролі арганізацый грамадзянскай супольнасці ў кіраванні – гэта складнікі нашага удасканаленага і больш эфектыўнага набору сродкаў. Ва ўзаемадзеянні з ўрадамі  грамадзянская супольнасць краін-партнёраў УП наблізіць нас да грамадзян у сферах, якія маюць вялікае значэнне для насельніцтва».

Сустаршыня Кіруючага камітэта Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства Генадзь Максак сказаў: «Грамадзянская супольнасць верыць у еўрапейскую будучыню краін Усходняга партнёрства на грунце агульных каштоўнасцей, вяршэнства права і пашаны дэмакратычных прынцыпаў і грамадскай падсправаздачнасці. Стварэнне спрыяльных умоў для грамадзянскай супольнасці, каб яна мела магчымасць удзельнічаць у праграме рэформаў,  мае тут вырашальнае значэнне».

Канферэнцыя стане для ўдзельнікаў платформай для абмеркавання пытанняў больш эфектыўнага кіравання, дыялогу паміж урадамі і грамадзянскай супольнасцю, выкарыстання тэхналогій для забеспячэння большай празрыстасці дзяржаўнага кіравання і інклюзіўнага падыходу да эканамічнага развіцця. Увага таксама будзе засяроджаная на ролі грамадзянскай супольнасці ў барацьбе з дэзінфармацыяй і ў развіцці кампетэнтнасці сродкаў масавай інфармацыі.

Удзельнікі прымуць дэкларацыю грамадзянскай супольнасці, дзе вызначаць асноўныя перашкоды на шляху далейшага дэмакратычнага развіцця і прапануюць канкрэтныя рэкамендацыі, як ўлады і арганізацыі грамадзянскай супольнасці могуць працаваць разам у іх пераадоленні.

Падтрымка грамадзянскай супольнасці з боку ЕС мае важнае значэнне для ўсё большай грамадзянскай адказнасці, павагі правоў чалавека і мясцовага развіцця ў краінах Усходняга партнёрства. З 2014 па 2016 год, Еўрапейскі саюз падтрымаў у рэгіёне 260 новых праектаў, якія ахопліваюць больш за 600 арганізацый.

Арганізатары канферэнцыі грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства –  эстонскае старшынства ў Радзе ЕС, Эстонскі цэнтр Усходняга партнёрства і Форум грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, рэгіянальная платформа грамадзянскай супольнасці, якая ставіць на мэце спрыяць еўрапейскай інтэграцыі і садзейнічаць правядзенню рэформаў і дэмакратычным пераўтварэнням у рэгіёне.

Канферэнцыя праводзіцца раз на два гады ў якасці паралельнага мерапрыемства саміту Усходняга партнёрства, які ў гэтым годзе адбудзецца 24 лістапада ў Бруселі.