Дыялог дазволіў ажыццявіць шырокі абмен поглядамі на сітуацыю з правамі чалавека як у Беларусі, так і ў Еўрапейскім саюзе з акцэнтам, у прыватнасці, на свабодах выражэння, сходаў і асацыяцый; выбарчых правах; смяротным пакаранні, рэфармаванні пенітэцыярнай сістэмы, антыдыскрымінацыйнай палітыцы, гендэрнай роўнасці і барацьбе з гвалтам у сям'і. Еўрапейскі саюз цэніць удзел і ўнёсак шэрагу арганізацый грамадзянскай супольнасці ў дыскусію аб грамадзянскіх, палітычных, эканамічных, сацыяльных і культурных правах. Дыскусіі былі ў роўнай ступені прысвечаны развіццю нацыянальных інстытутаў Беларусі па абароне правоў чалавека і далейшай рэалізацыі Нацыянальнага плана дзеянняў у галіне правоў чалавека.
Акрамя таго, бакі абмеркавалі супрацоўніцтва ў прасоўванні правоў чалавека на міжнародных пляцоўках, у тым ліку супрацоўніцтва з такімі механізмамі ААН, як Універсальны перыядычны агляд. Быў разгледзены шэраг індывідуальных выпадкаў.
Дэлегацыю Еўрапейскага саюза ўзначальваў кіраўнічы дырэктар па пытаннях Еўропы і Цэнтральнай Азіі ў Еўрапейскай службе знешніх дзеянняў Томас Майер-Хартынг. У яе ўваходзілі прадстаўнікі Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў і Еўрапейскай камісіі. Беларускую дэлегацыю ўзначальваў намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка. У яе ўваходзілі прадстаўнікі міністэрства замежных спраў і міністэрства юстыцыі. Прадстаўнікі краін Еўрапейскага саюза прысутнічалі на абмеркаваннях у якасці назіральнікаў. Прадстаўнікі беларускіх арганізацый грамадзянскай супольнасці і недзяржаўных арганізацый актыўна ўдзельнічалі ў частках дыялогу.
Чакаецца, што наступная чарговая сустрэча ў рамках Дыялогу па правах чалавека паміж ЕС і Беларуссю адбудзецца ў 2018 годзе.