European Union External Action

ЕС і Беларусь

11/05/2016 - 14:51
EU relations with Country

Адносіны паміж ЕС і Беларуссю

У апошнія гады адносіны паміж Еўрапейскім саюзам і Беларуссю прайшлі праз некалькі этапаў. Жорсткія дзеянні ўладаў Беларусі пасля выбараў у снежні 2010 года і заключэнне пад варту лідэраў апазіцыі прывялі да ўвядзення Еўрапейскім саюзам шэрагу абмежавальных мер, а таксама да пашырэння палітыкі крытычнага ўзаемадзеяння.

Палітычныя адносіны

Аднак за апошнія два гады ў адносінах паміж ЕС і Беларуссю быў дасягнуты прагрэс. Беларусь больш ініцыятыўна ўдзельнічае ва Усходнім партнёрстве, у прыватнасці ў яго шматбаковых фарматах, завяршыліся перамовы аб Партнёрстве ў сферы мабільнасці і вядуцца перамовы па Пагадненнях аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі. Адчувальныя крокі, што прымаюцца Беларуссю для захавання ўніверсальных свабод, вяршэнства закона і абароны правоў чалавека, у тым ліку асноўных працоўных правоў, застануцца фундаментальным фактарам пры фармаванні будучай палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі, як адзначана ў Высновах Савета па замежных справах ад 15 лютага 2016 года.

Па ініцыятыве Беларусі ў ліпені 2015 года аднавілася правядзенне штогадовага Дыялога ЕС-Беларусь па правах чалавека. Апошняе пасяджэнне ў рамках дыялогу прайшло ў ліпені 2018 года. 22 жніўня 2015 года апошнія палітвязні былі вызваленыя з беларускіх турмаў. ЕС вітаў той доўгачаканы крок, які стаў важнай вехай у адносінах паміж ЕС і Беларуссю. У лютым 2016 года ЕС зняў большасць абмежавальных мер у дачыненні да Беларусі, а таксама прывёў у дзеянне ключавы пакет эканамічных і іншых мер, звязаных з супрацоўніцтвам. У гэты пакет ўваходзіць супрацоўніцтва з міжнароднымі фінансавымі інстытутамі, такімі як Еўрапейскі інвестыцыйны банк (ЕІБ) і Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР), а таксама актывізацыя падрыхтоўкі да ўступлення ў Сусветную гандлёвую арганізацыю (СГА) і зняццё квот на экспарт тэкстылю. Астатнія абмежавальныя меры (эмбарга на пастаўкі зброі і абмежавальныя меры ў дачыненні да чатырох асоб, якія знаходзяцца пад санкцыямі ў сувязі з нераскрытымі справамі аб знікненнях) у цяперашні час дзейнічаюць да 28 лютага 2019 года. Усе рашэнні, якія датычацца абмежавальных мер ЕС, патрабуюць аднадушнай згоды 28 дзяржаў-членаў ЕС.

Еўрапейскі саюз вельмі сур'ёзна ставіцца да сітуацыі ў галіне правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі, асабліва сітуацыі са свабодай сходаў і асацыяцый, асновапакладальными працоўнымі стандартамі, свабодай слова і сродкаў масавай інфармацыі. Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, дзе ўсё яшчэ ўжываецца смяротнае пакаранне. Еўрапейскі саюз прытрымліваецца адназначнай пазіцыі ў дачыненні да смяротнага пакарання, якое парушае права на жыццё і з'яўляецца жорсткім, бесчалавечным і зневажаючым годнасць пакараннем. ЕС неаднаразова ўздымаў пытанні правоў чалавека, у тым ліку смяротнага пакарання, перад беларускімі ўладамі на ўсіх узроўнях. Неабходна замяніць астатнія смяротныя прысуды на больш мяккія і ўвесці мараторый ў якасці першага кроку да адмены смяротнага пакарання.

Каардынацыйная група ЕС-Беларусь была створана ў 2016 годзе для таго, каб служыць пляцоўкай для палітычнага дыялога на ўзроўні высокапастаўленых службовых асоб. Каардынацыйная група рэгулюе супрацоўніцтва паміж ЕС і Беларуссю і сочыць за далейшым развіццём адносін. Першае пасяджэнне Каардынацыйнай групы, якая сустракаецца два разы на год, адбылося ў красавіку 2016 года ў Бруселі. Цягам кожнай сустрэчы ў рамках палітыкі Еўрапейскага саюза па забеспячэнні супрацоўніцтва і ўдзелу грамадзянскай супольнасці ЕС заклікае беларускія ўлады праводзіць шырокія кансультацыі з усімі зацікаўленымі бакамі. Асаблівая ўвага таксама надаецца прасоўванню асноўных правоў і свабод, у прыватнасці адмене смяротнага пакарання, барацьбе з катаваннямі і жорсткім абыходжаннем, а таксама свабодзе выказвання меркаванняў і сходаў. Нацыянальны план дзеянняў у галіне правоў чалавека ў Беларусі, прыняты ў кастрычніку 2016 года, ляжыць у аснове працэсу ўнутраных рэформ і змены заканадаўства. ЕС гатовы падтрымліваць гэты працэс.

Тэхнічная і фінансавая падтрымка

У цяперашні час Еўрапейскі інструмент суседства (ENI) з'яўляецца ключавым фінансавым інструментам ЕС на перыяд з 2014 па 2017 год. З 2014 па 2017 год аб'ём дапамогі ЕС Беларусі ў рамках функцыянавання Еўрапейскага інструмента суседства склаў 91,5 млн. еўра. Гэта з'яўляецца вынікам прынятага ў верасні 2016 года рашэння павялічыць першапачаткова выдзеленую суму.

Дапамога ЕС Беларусі ў асноўным прадастаўляецца ў рамках рэалізацыі краінавых Праграм дзеянняў, што фінансуюцца штогод з дапамогай ENI. У адпаведнасці са Шматгадовай індыкатыўнай праграмай на 2014-2017 год прыярытэтнымі сферамі з'яўляюцца сацыяльная інтэграцыя, навакольнае асяроддзе і мясцовае/рэгіянальнае эканамічнае развіццё.

Аператыўныя кіруючыя прынцыпы двухбаковага супрацоўніцтва ЕС з Беларуссю на перыяд з 2017 па 2020 год будуць выкладзены ў Адзінай рамачнай праграме падтрымкі ў адпаведнасці з Прыярытэтамі партнёрства, якія ў цяперашні час знаходзяцца ў фінальнай стадыі распрацоўкі ў якасці праграмна-нарматыўнай асновы для супрацоўніцтва. У Адзінай рамачнай праграме падтрымкі асноўная ўвага будзе нададзена эканамічнаму развіццю і рынкавым магчымасцям, умацаванню інстытутаў і эфектыўнаму дзяржаўнаму кіраванню, пытанням спалучанасці, энергаэфектыўнасці, навакольнага асяроддзя і змяненняў клімату, мабільнасці і кантактам паміж людзьмі.

Пашырэнне мабільнасці і кантактаў паміж Еўрапейскім саюзам і грамадзянамі Беларусі

Беларусь удзельнічае ў флагманскай праграме мабільнасці Еўрапейскага саюза Erasmus+. З 2015 па 2017 год 1000 студэнтаў і выкладчыкаў з Беларусі атрымала магчымасць навучацца альбо выкладаць у ЕС, а 420 студэнтаў і выкладчыкаў навучаліся альбо выкладалі ў Беларусі. Дванаццаць стыпендый Erasmus Mundus былі прысуджаны студэнтам-магістрантам з Беларусі. Трынаццаць праектаў па нарошчванні патэнцыялу садзейнічаюць мадэрнізацыі і інтэрнацыяналізацыі вышэйшых навучальных устаноў у Беларусі. Шэсць праектаў Жана Манэ спрыяюць удасканаленню выкладання і даследаванням у галіне вывучэння Еўрапейскага саюза. Беларускія моладзевыя арганізацыі і амаль 2300 маладых людзей з Беларусі актыўна ўдзельнічаюць у моладзевай праграме абмену і валанцёрства Erasmus+.

Мабільнасць таксама забяспечваецца дзеючым праектам MOST (Схема мабільнасці для мэтавых кантактаў паміж людзьмі), які прапануе магчымасці для кароткатэрміновай мабільнасці і культурны абмен для прафесіяналаў.

Праграма EU4Youth прынясе карысць маладым беларусам дзякуючы падтрымцы развіцця навыкаў, творчасці і прадпрымальніцтва, а таксама нарошчванню патэнцыялу моладзевых арганізацый. Мэта складаецца ў тым, каб пашырыць магчымасці маладых людзей і павялічыць іх удзел у прыняцці рашэнняў.

Падтрымка грамадзянскай супольнасці застаецца неад'емнай часткай палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі. Рэгулярныя сустрэчы праводзяцца для каардынацыі працы міжнародных донараў. ЕС таксама будзе працягваць ўзаемадзейнічаць з апазіцыяй і грамадскасцю ў цэлым.

Гандлёвыя адносіны

Еўрапейскі саюз з'яўляецца другім асноўным гандлёвым партнёрам Беларусі. На долю ЕС даводзіцца амаль адна траціна ад агульнага аб'ёму гандлю краіны. Апошнія гады аб'ёмы двухбаковага гандлю таварамі паміж ЕС і Беларуссю няўхільна расце. У беларускім экспарце ў ЕС дамінуюць выкапневыя віды паліва, у той час як ЕС у асноўным экспартуе ў Беларусь абсталяванне, транспартныя сродкі і хімікаты.

За апошнія два гады ЕС і Беларусь наладзілі афіцыйны Дыялог па гандлі, які праводзіцца два разы на год для рэгулярнага абмену інфармацыяй, у тым ліку па ўнутраных нормах і іншых гандлёвых пытаннях. Гэты дыялог таксама прадастаўляе платформу для абмеркавання адпаведных магчымасцяў па паляпшэнню сітуацыі ва ўзаемным гандлі, напрыклад, скасавання ў 2017 годзе квот на тэкстыль. ЕС лічыць, што працэс уступлення ў СГА павінен быць галоўным пунктам парадку дня. Уступленне Беларусі ў СГА будзе спрыяць стварэнню ў краіне больш прадказальнага і стабільнага дзелавога асяроддзя, што з'яўляецца неабходнай умовай для прыцягнення інвестараў і дыверсіфікацыі беларускай эканомікі. Еўрапейскі саюз аказвае тэхнічную дапамогу для спрыяння гэтаму працэсу з дапамогай твінінг-інструмента TAIEX.

У апошнія гады крэдытны мандат Еўрапейскага інвестыцыйнага банка (ЕІБ) распаўсюдзіўся на Беларусь. Фінансавая дзейнасць Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) у Беларусі таксама была пашырана.

Мытны дыялог ЕС-Беларусь быў пачаты ў 2016 годзе. Ён накіраваны на вызначэнне магчымасцяў для супрацоўніцтва і прадастаўлення дапамогі з мэтай спрашчэння ўмоў гандлю, забеспячэння бяспекі ланцужку паставак і барацьбы з махлярствам. Яшчэ адна важная мэта — забеспячэнне бесперабойнага руху тавараў праз пункты перасячэння мяжы, уключаючы канвергенцыю мытных і пагранічных працэдур.

Паскарэнне ўстойлівага разіцця і зялёнага росту

ЕС таксама актывізуе рэалізацыю шэрагу мер, якія стымулююць адносіны паміж ЕС і Беларуссю ў некалькіх сферах, звязаных з эканомікай, гандлем і прадастаўленнем дапамогі. Праграма «Стымуляванне развіцця прыватнай ініцыятывы ў Беларусі» (SPRING) накіравана на падтрымку прыватных эканамічных ініцыятыў на месцах у мэтах развіцця прыватнага сектару, стымулявання працы па стварэнні працоўных месцаў і спрыяння эканамічнаму росту ў Беларусі. Падтрымка ЕС таксама ўключае ў сябе шырокамаштабную праграму дзелавога кансультавання, што рэалізуецца ЕБРР, і праект, які стымулюе распрацоўку стратэгій спрыяння занятасці і экасістэм для падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу і прадпрымальніцтва на мясцовым узроўні, якія рэалізуюцца ПРААН.

Іншыя ініцыятывы ЕС, такія як Пагадненне мэраў Усход - Этап II і Мэры за эканамічны рост, прапануюць грантавую падтрымку мясцовым органам улады, якія найбольш актыўна ўдзельнічаюць у прыняцці пілотных мер па павышэнні энергаэфектыўнасці і стварэнні працоўных месцаў, што ўзмацняе ролю мясцовых органаў улады ў эканамічным развіцці.

19 чэрвеня 2017 года Беларусь далучылася да Усходнееўрапейскага партнёрства па энергаэфектыўнасці і навакольным асяроддзі (E5P). Гэты Мэтавы фонд, кіраваны ЕБРР, падтрымлівае крэдытаванне праектаў муніцыпальнага сектара па пытаннях энергаэфектыўнасці і навакольнага асяроддзя ва ўсіх краінах Усходняга партнёрства.

Беларусь мае адныя з лепшых паказчыкаў сярод краін Усходняга партнёрства ў рамках праграмы Horizon 2020 у галіне даследаванняў і інавацый. У верасні 2017 года ў Мінску прайшла канферэнцыя «Ад інавацыйных ідэй да паспяховага бізнесу: прасоўванне нацыянальных сістэм ранняга фінансавання інавацыйных кампаній у краінах Усходняга партнёрства». У рамках Працоўнай праграмы Horizon 2020 амаль 200 млн. еўра былі выдзелены на шэраг ініцыятыў, накіраваных на павелічэнне энергаэфектыўнасці і рэсурсаэфектыўнасці ў перапрацоўчай прамысловасці (SPIRE) з асаблівым геаграфічным акцэнтам на краінах Усходняга партнёрства.

У гэтым кантэксце дасягненне найвышэйшых стандартаў у сферы ядзернай бяспекі з'яўляецца ключавым прыярытэтам для ЕС, асабліва ў сувязі з размяшчэннем новых аб'ектаў, якія будуюцца, так блізка да межаў ЕС. Для Еўрапейскага саюза важна, каб ядзерная бяспека забяспечвалася і за яго межамі, таму Беларусь павінна канструктыўна супрацоўнічаць з адпаведнымі міжнароднымі органамі. Такое супрацоўніцтва мае асаблівае значэнне ў дачыненні да атамнай электрастанцыі, якая будуецца ў горадзе Астравец (Беларусь). ЕС ужо займаецца нарошчваннем патэнцыялу беларускага ведамства ядзернай бяспекі, выкарыстоўваючы Інструмент супрацоўніцтва ў галіне ядзернай бяспекі ў шчыльным супрацоўніцтве з Міжнародным агенцтвам па атамнай энергетыцы.

Languages:
Рэдакцыйныя раздзелы: