European Union External Action

Беларусь: дэкларацыя Высокага прадстаўніка ад імя Еўрапейскага саюза наконт сітуацыі ля мяжы ЕС

10/11/2021 - 19:47
News stories

Спланаванае выкарыстанне беларускім рэжымам уразлівых людзей у якасці інструмента для дасягнення палітычных мэт за апошнія дні набыло новае трывожнае вымярэнне. Групы мігрантаў у суправаджэнні ўзброеных супрацоўнікаў сілавых структур Беларусі прасоўваюцца да межаў дзяржаў-членаў ЕС для таго, каб незаконна праз іх прарывацца.

Гэта сведчыць аб цынізме беларускага рэжыму, які, распальваючы крызіс на знешніх межах ЕС, спрабуе адцягнуць увагу ад сітуацыі ў краіне, дзе жорсткія рэпрэсіі і парушэнні правоў чалавека працягваюцца і нават пагаршаюцца.

ЕС рашуча асуджае рэжым Лукашэнкі за тое, што ён свядома падвяргае небяспецы жыццё і дабрабыт людзей. Гэтым ён не толькі парушае міжнароднае права, але і ігнаруе фундаментальныя правы чалавека, у адносінах да якіх Беларусь узяла на сябе абавязкі. Такія бесчалавечныя дзеянні патрабуюць рашучай міжнароднай рэакцыі і супрацоўніцтва з мэтай прыцягнення рэжыму ў Беларусі да адказнасці за гэтыя парушэнні. Міжнародным арганізацыям неабходна прадаставіць неадкладны і бесперашкодны доступ да людзей для дастаўкі ім гуманітарнай дапамогі.

Мы цалкам салідарныя з дзяржавамі-членамі, якія пацярпелі ад гэтага гібрыднага нападу, і працягнем аказваць дапамогу тым, хто перажыў яго найбольш непасрэднае ўздзеянне. Фундаментальныя каштоўнасці будуць і надалей кіраваць нашымі дзеяннямі, асабліва ў пытанні абароны правоў чалавека мігрантаў.

Мы шчыльна ўзаемадзейнічаем з краінамі паходжання і транзіту, каб пакласці канец дзеянням рэжыму Лукашэнкі. Гэта таксама адпавядае інтарэсам грамадзян краін паходжання. Мы вітаем намаганні такіх краін, як Ірак, якія робяць канкрэтныя крокі ў гэтым напрамку.

ЕС будзе працягваць супрацьдзейнічаць нелегальнай міграцыі, якая спансуецца дзяржавай, уключаючы незаконны ўвоз мігрантаў, арганізаваны беларускім рэжымам, у тым ліку шляхам пашырэння нашага рэжыму санкцый, каб уздзейнічаць на ўдзельнікаў альбо саўдзельнікаў дзейнасці рэжыму Лукашэнкі па спрыянню незаконнаму перасячэнню знешніх межаў Еўрапейскага саюза. Да выкарыстання мігрантаў у якасці інструмента для дасягнення палітычных мэт нельга ставіцца талерантна.

Мы таксама працягнем асуджаць парушэнні правоў чалавека, якія здзяйсняюцца рэжымам супраць сваіх уласных грамадзян, разглядаць далейшыя абмежавальныя меры супраць вінаватых і падтрымліваць народ Беларусі.

Рэдакцыйныя раздзелы:

Аўтару