Vanuatu and the EU

Беларусь: заява прэс-сакратара Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў у сувязі з эскалацыяй рэпрэсій у дачыненні да журналістаў

Брусэль, 19/02/2021 - 16:35, UNIQUE ID: 210219_8
Statements by the Spokesperson

Еўрапейскі саюз рашуча асуджае рэпрэсіі, што ажыццяўляюцца ўладамі Беларусі пасля сфальсіфікаваных выбараў, якія адбыліся ў жніўні 2020 года. Апошнім часам узмацніўся недапушчальны пераслед праваабаронцаў, работнікаў СМІ, прадстаўнікоў прафсаюзаў і адвакатаў. Учора дзве журналісткі тэлеканала «Белсат», Дар'я Чульцова і Кацярына Андрэева, былі асуджаныя на два гады пазбаўлення волі па беспадстаўных абвінавачаннях. Такі лёс пагражае таксама іншым работнікам СМІ. Падобныя прысуды накіраваны на тое, каб запалохаць і прымусіць замаўчаць журналістаў і работнікаў СМІ, якія проста выконваюць сваю працу, а таксама на тое, каб фактычная інфармацыя не магла быць данесеная да беларусаў і не толькі.

Еўрапейскі саюз таксама нагадвае, што дыпламатам павінна быць дазволена працаваць ва ўмовах, свабодных ад запалохвання, зневажальнага абыходжання і дэзінфармацыі з боку дзяржаўных СМІ, што мела месца апошнім часам.

ЕС заклікае ўлады Беларусі спыніць парушэнні правоў чалавека, фундаментальных свабод, у тым ліку свабоды СМІ, і прынцыпу вяршэнства права. Замест павелічэння маштабу рэпрэсій уладам Беларусі варта выконваць волю сваіх грамадзян і весці інклюзіўны агульнанацыянальны дыялог.