St Pierre and Miquelon

Беларусь: Высокі прадстаўнік ЕС, намеснік Старшыні Еўрапейскай камісіі Барэль паразмаўляў з Міністрам замежных спраў Макеем

Брюссель, 10/10/2020 - 08:35, UNIQUE ID: 201010_8
Press releases

У пятніцу ўвечары Высокі прадстаўнік ЕС, намеснік Старшыні Еўрапейскай камісіі Жазэп Барэль патэлефанаваў Міністру замежных спраў Беларусі Уладзіміру Макею, каб абмеркаваць тое, што адбылося ў Беларусі з дня прэзідэнцкіх выбараў, якія прайшлі 9 жніўня.

Высокі прадстаўнік зноў пацвердзіў пазіцыю ЕС, выражаную неаднаразова, у тым ліку зусім нядаўна лідарамі ЕС на пасяджэнні Еўрапейскага савета 1 кастрычніка.

Высокі прадстаўнік нагадаў пра тое, што ЕС чакае ад уладаў Беларусі спынення гвалту і рэпрэсій у дачыненні да грамадзян, а таксама вызвалення ўсіх затрыманых і палітычных зняволеных і павагі свабоды СМІ і грамадзянскай супольнасці, і заклікаў улады Беларусі пачаць усёабдымны нацыянальны дыялог. У гэтай сувязі Высокі прадстаўнік ЕС, намеснік Старшыні Еўрапейскай камісіі Барэль падкрэсліў, што Еўрапейскі саюз падтрымлівае прапанову албанскага Дзеючага старшынства ў АБСЕ і наступнага шведскага Дзеючага старшынства ў АБСЕ аб арганізацыі сумеснага візіту для садзейнічання дыялогу ў Беларусі і заклікаў Беларусь прыняць гэтую прапанову.

Высокі прадстаўнік ЕС, намеснік Старшыні Еўрапейскай камісіі выказаў поўную салідарнасць Еўрапейскага саюза з Польшчай і Літвой у адносінах да неабгрунтаванага і вартага жалю патрабавання ўладаў Беларусі, каб гэтыя краіны адклікалі сваіх паслоў і значна скарацілі сваю дыпламатычную прысутнасць у Мінску. Ён падкрэсліў, што Еўрапейскі саюз адзіны ў сваёй пазіцыі па сітуацыі ў Беларусі. Спробы ўладаў Беларусі выбіраць у якасці мішэні асобныя краіны ЕС не прывядуць да паслаблення адзінства Саюза.

Высокі прадстаўнік ЕС, намеснік Старшыні Барэль зноў пацвердзіў, што Еўрапейскі саюз рашуча выступае ў падтрымку незалежнасці і суверэнітэту Беларусі, законных патрабаванняў і правоў народа Беларусі і яго дэмакратычнага выбару як фундаментальнага фактару, а таксама падкрэсліў важнасць захавання каналаў камунікацыі.