Saba

Усходняе партнёрства: абноўлены парадак дня дзеля эканамічнага аднаўлення, устойлівасці і рэформ пры падтрымцы Эканамічнага і інвестыцыйнага плана

04/07/2021 - 00:20
News stories

Сёння Еўрапейская камісія і Высокі прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі выступілі з прапановай што да выканання прыярытэтаў супрацоўніцтва з нашымі ўсходнімі партнёрамі на працягу наступных гадоў. Гэты парадак дня заснаваны на пяці доўгатэрміновых задачах, арыентаваных на забеспячэнне ўстойлівасці, як і было вызначана ў рамках дыскусій пра будучыню Усходняга партнёрства ў сакавіку 2020 года. Прапанова будзе падмацавана Эканамічным і інвестыцыйным планам, які прадугледжвае фінансаванне ў аб’ёме 2,3 млрд еўра ў выглядзе грантаў, спалучэння грантаў і займаў, а таксама гарантый з патэнцыялам мабілізацыі да 17 млрд еўра дзяржаўных і прыватных інвестыцый. Гэтая прапанова будзе садзейнічаць абмеркаванню будучай палітыкі Усходняга партнёрства, у тым ліку падчас саміта Усходняга партнёрства, запланаванага на снежань 2021 года.

Усеахопны парадак дня скіраваны на павелічэнне гандлю, эканамічны рост і стварэнне працоўных месцаў, укладанні ў забеспячэнне інфраструктурнай узаемазвязанасці, умацаванне дэмакратычных інстытутаў і вяршэнства права, падтрымку пераходу да зялёнай і лічбавай эканомікі і садзейнічанне развіццю справядлівых, гендарна роўных і інклюзіўных грамадстваў.

Высокі прадстаўнік ЕС, віцэ-прэзідэнт Жазэп Барэль сказаў: "Усходняе партнёрства застаецца на важным месцы ў парадку дня Еўрапейскага саюза. Мы хочам сфармаваць парадак дня, які будзе адказваць на беспрэцэдэнтныя выклікі (і магчымасці) сённяшняга дня, пры гэтым адпавядаючы патрабаванням будучыні. Асновай нашай працы будзе садзейнічанне развіццю дэмакратыі, належнага кіравання і вяршэнства права, што жыццёва неабходна, каб дасягнуць праз наша супрацоўніцтва станоўчых і канкрэтных вынікаў. Гэта тычыцца ў тым ліку Беларусі, дзе мы хочам працягваць падтрымліваць грамадства ў рамках Усходняга партнёрства.

Камісар па палітыцы суседства і пашырэння Олівер Вархеі сказаў: "Мы прапануе амбітны Эканамічны і інвестыцыйны план, які дапаможа стымуляваць стварэнне працоўных месцаў ды эканамічны рост і забяспечыць дабрабыт у рэгіёне Усходняга партнёрства. План уключае флагманскія ініцыятывы для кожнай краіны Усходняга партнёрства, у тыму ліку прадугледжвае падтрымку для будучай дэмакратычнай Беларусі. Гэты новы парадак дня дазволіць падтрымліваць сацыяльна-эканамічнае аднаўленне пасля пандэміі COVID-19, умацоўваць эканамічныя адносіны і будаваць гандлёвыя шляхі паміж ЕС і краінамі-партнёрамі”.

Усеахопны парадак дня, прысвечаны пытанням аднаўлення, устойлівасці і рэформ, прадугледжвае дзесяць галоўных мэтавых паказчыкаў на перыяд да 2025 года і канкрэтныя абавязальніцтвы па ўсіх прыярытэтных галінах супрацоўніцтва. Яны ахопліваюць такія сферы, як дадатковая падтрымка 500 000 малых і сярэдніх прадпрыемстваў, будаўніцтва або мадэрнізацыя 3000 км прыярытэтных аўтамабільных дарог і чыгуначных шляхоў у адпаведнасці са стандартамі ЕС, супрацьдзеянне гібрыдным пагрозам і кіберпагрозам, барацьба з карупцыяй, скарачэнне спажывання энергіі прынамсі на 20% у 250 000 хатніх гаспадарках, пашырэнне доступу да якаснага і бяспечнага водазабеспячэння, паляпшэнне якасці паветра, пашыраны доступ да хуткаснага Інтэрнэту ў 80% хатніх гаспадарак, дапамога ў вакцынацыі медыцынскіх работнікаў, дадатковая падтрымка грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ, магчымасці для мабільнасці для 70 000 студэнтаў, даследчыкаў і моладзі.

У новым парадку дня таксама прапануецца перагледзець шматбаковую архітэктуру Усходняга партнёрства, каб адаптаваць рамкі нашага супрацоўніцтва да новых прыярытэтаў і зрабіць іх адпаведнымі новым задачам.

Рэгіянальны Інвестыцыйны і эканамісны план будзе падтрымліваць сацыяльна-эканамічнае аднаўленне пасля COVID і доўгатэрміновую ўстойлівасць з улікам парадку дня па прынцыпу "Адбудаваць лепш, чым было". Праграма акрэслівае прыярытэтныя інвестыцыі і пералічвае асноўныя ініцыятывы, вызначаныя супольна з краінамі-партнёрамі з улікам іх прыярытэтаў, патрэб і амбіцый.

Для даведкі

Ініцыятыва Усходняе партнёрства была распачатая ў 2009 годзе з мэтай умацавання і паглыблення палітычных і эканамічных адносін паміж ЕС, яго краінамі і шасцю краінамі-партнёрамі ва Усходняй Еўропе і на Паўднёвым Каўказе: Арменіяй, Азербайджанам, Беларуссю, Грузіяй, Рэспублікай Малдова і Украінай. Партнёрства развівалася ў адпаведнасці з інтарэсамі, амбіцыямі і прагрэсам кожнай краіны-партнёра, дазваляючы дыферэнцыяваць яго гнутка і інклюзіўна, вырашаць агульныя і глабальныя праблемы і супольна садзейнічаць рэгіянальнай інтэграцыі.

Праз выкананне амбітнага плана "20 канкрэтных задач на 2020 год", узгодненага на Пятым саміце Усходняга партнёрства ў 2017 годзе, ініцыятыва прынесла адчувальныя вынікі і дазволіла палепшыць жыццё людзей. Праца над наступным парадкам дня пачалася ў 2019 годзе з шырокіх і ўсёахопных кансультацый. Выніковае сумеснае камюніке “Палітыка Усходняга партнёрства на перыяд пасля 2020 года: узмацненне ўстойлівасці - Усходняе партнёрства для ўсіх” і “Заключэнні Савета аб палітыцы Усходняга партнёрства на перыяд пасля 2020 года” вызначаюць новае бачанне партнёрства, дзе ўстойлівасць – гэта краевугольны камень і аснова пяці доўгатэрміновых прыярытэтаў (эканоміка і ўзаемазвязанасць, належнае кіраванне і вяршэнства права, устойлівасць навакольнага асяроддзя і клімату, падтрымка лічбавых пераўтварэнняў і справядлівае і інклюзіўнае грамадства), абраных падчас відэаканферэнцыі лідэраў Усходняга парнёрства, якая адбылася ў чэрвені 2020 года.

Наступныя крокі

Гэтыя прапановы будуць абмеркаваная з краінамі-партнёрамі, краінамі ЕС, грамадзянскай супольнасцю ды іншымі ключавымі зацікаўленымі бакамі падчас 6-га саміта Усходняга партнёрства ў снежні 2021 года.

Languages:
Рэдакцыйныя раздзелы:

Аўтару