Equatorial Guinea and the EU

Беларусь: Дэкларацыя Высокага прадстаўніка ад імя Еўрапейскага саюза ў сувязі з эскалацыяй гвалту і запалохвання ў дачыненні да сябраў Каардынацыйнага савета

Брусэль, 12/09/2020 - 11:36, UNIQUE ID: 200912_13
Statements on behalf of the EU

Еўрапейскі саюз асуджае ўсё больш яўную знявагу права ў Беларусі, у прыватнасці, эскалацыю прымянення гвалту і прымусовага выгнання да сябраў Каардынацыйнага савета ў парушэнне нацыянальнага заканадаўства Беларусі ды яе міжнародных абавязацельстваў.

Усе сябры прэзідыума Каардынацыйнага савета, за выключэннем лаўрэата Нобелеўскай прэміі Святланы Алексіевіч, арыштаваныя альбо пакінулі краіну пад прымусам. На знак салідарнасці дыпламаты ЕС час ад часу наведваюць спадарыню Алексіевіч. Максім Знак, Марыя Калeснікава, Сяргей Дылеўскі, Лілія Уласава незаконна арыштаваныя. Раней Павел Латушка і Вольга Кавалькова былі вымушаныя выехаць з краіны.

Грамадзянская супольнасць і ўдзельнікі дыскусій пра будучыню Беларусі, у тым ліку сябры Каардынацыйнага савета, павінны быць абароненыя ад запалохвання, выгнання, адвольнага арышту і гвалту. Таму Еўрапейскі саюз настойліва заклікае беларускія ўлады неадкладна вызваліць усіх незаконна затрыманых асоб, у тым ліку палітычных зняволеных, і забяспечыць умовы для спынення і прадухілення такіх супрацьпраўных дзеянняў.

Еўрапейскі саюз нагадвае пра неабходнасць усеабдымнага нацыянальнага дыялогу з шырокімі коламі грамадства, у тым ліку з Каардынацыйным саветам, які прывядзе да мірнага вырашэння і станоўча адкажа на патрабаванне беларускага народа аб правядзенні новых, дэмакратычных выбараў. Акты пераследу, гвалту і прымусовага выгнання ў дачыненні да сябраў Каардынацыйнага савета ды іншых прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці супярэчаць гэтай мэце. Рашучасць беларускага народа ў адстойванні сваёй дэмакратычнай будучыні і асноўных правоў глыбока ўражвае і заслугоўвае іншай рэакцыі.

Еўрапейскі саюз зноў заяўляе пра свой рашучы намер увесці санкцыі ў дачыненні да асоб, адказных за гвалт, падаўленне мірных акцый пратэсту і фальсіфікацыі вынікаў выбараў, і гатовы прымаць дадатковыя абмежавальныя меры па меры неабходнасці.

Крыніца: Belarus: Declaration by the High Representative on behalf of the European Union on the escalation of violence and intimidation against members of the Coordination Council

Languages: