Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, трансфобіяй і біфобіяй, 17 мая 2021 года: Заява Высокага прадстаўніка ад імя Еўрапейскага саюза

16.05.2021

Усе людзі нараджаюцца свабоднымі і роўнымі у сваёй годнасці і правах. У Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, трансфобіяй і біфобіяй (IDAHOT) Еўрапейскі саюз пацвярджае свой цвёрды намер паважаць, абараняць і садзейнічаць поўнаму і роўнаму ажыццяўленню чалавечых правоў лесбіянак, геяў, бісексуалаў, трансгендэраў і інтэрсэксуалаў (ЛГБТІ).

Ва ўсім свеце людзі па-ранейшаму штодня сутыкацца з гвалтам, ізаляцыяй і дыскрымінацыяй з-за сваёй рэальнай альбо меркаванай сэксуальнай арыентацыі і гендэрнай ідэнтычнасці альбо полавых асаблівасцяў. ЕС па-ранейшаму асабліва занепакоены тым, што ў 69 краінах крыміналізаваныя аднаполыя адносіны па ўзаемнай згодзе, прычым у 11 з іх смяротнае пакаранне з'яўляецца законным пакараннем за гомасэксуалізм.

У выніку пандэміі COVID-19 вырасла колькасць праяваў гвалту і дыскрымінацыі ў дачыненні да ЛГБТІ, у тым ліку хатняга гвалту, выказванняў нянавісці ў Інтэрнэце і ў рэальным жыцці і злачынстваў на глебе нянавісці. Пры зваротах па медыцынскія паслугі яны часта сутыкаюцца са стыгмай і дыскрымінацыяй. Больш за тое, пандэмія прывяла да скарачэння грамадзянскай прасторы і павелічэння колькасці адвольных арыштаў і затрыманняў, фізічных нападаў і псіхалагічных траўм, аб'ектамі якіх робяцца праваабаронцы, што абараняюць правы ЛГБТІ. Гэтыя дзеянні непрымальныя, і ЕС падкрэслівае важнасць таго, каб яны не заставаліся беспакаранымі.

ЕС будзе рабіць захады ва ўсім свеце, каб прадухіліць і асудзіць усе формы дыскрымінацыі ЛГБТІ, у тым ліку гамафобны, біфобны і трансфобны гвалт, і адначасова будзе спрыяць таму, каб такія асобы атрымлівалі роўныя магчымасці ва ўсіх сферах жыцця. Важна, каб ва ўсім свеце змагаліся з дыскрымінацыйнымі законамі, палітыкай і практыкай, у тым ліку з крыміналізацыяй аднаполых адносін. Такая практыка таксама вядзе да таго, што ЛГБТІ непрапарцыйна шмат сярод беспрацоўных, сярод тых, хто пакутуе ад сацыяльнай ізаляцыі і беднасці.

ЕС будзе заставацца ў авангардзе намаганняў па забеспячэнні поўнага і роўнага ажыццяўлення чалавечых правоў ЛГБТІ. Дзякуючы абноўленым унутраным і знешнім палітычным дакументам, у прыватнасці, Плану дзеянняў ЕС па правах чалавека і дэмакратыі (2020-2024 гг.) і першай у гісторыі стратэгіі Еўрапейскай камісіі для забеспячэння роўнасці ЛГБТІК (2020-2025 гг.), ЕС забяспечвае роўнасць ва ўсіх сферах жыцця як унутры ЕС, так па-за яго межамі.

У адпаведнасці з сёлетняй тэмай IDAHOT "Разам: супрацьстаім, падтрымліваем, аднаўляемся!", ЕС будзе і надалей змагацца супраць дыскрымінацыі па прыкмеце сэксуальнай арыентацыі і гендэрнай ідэнтычнасці, асвятляючы ўразлівае становішча ЛГБТІ у працэсе аднаўлення пасля пандэміі COVID-19 і заклікаючы да больш справядлівага, больш інклюзіўнага і ўстойлівага грамадства. Мы будзем весці палітычны дыялог з краінамі-партнёрамі і працягваць аказваць падтрымку арганізацыям грамадзянскай супольнасці і праваабаронцам у абароне і садзейнічанні поўнаму і роўнаму карыстанню правамі ЛГБТІ і павазе да разнастайнасці.

Забеспячэнне права ўсіх людзей на свабоду быць тымі, хто яны ёсць, і любіць таго, каго яны выбіраюць, патрабуе сумесных намаганняў кожны дзень.