Сумесная заява Старшыні Еўрапейскага савета, Старшыні Еўрапейскай камісіі і Старшыні Еўрапейскага парламента

Сёння трагічная гадавіна пачатку поўнамаштабнай агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны, якая з'яўляецца несумнеўным парушэннем міжнароднага права і Статута ААН. Два гады гвалту, жорсткасці, тэрору і разбурэнняў. Мы ніколі не забудзем першае ўзрушэнне ад нападу, жахлівыя падзеі ў Барадзянцы, Бучы, Марыупалі.

І ўсё ж, нягледзячы на зверствы і пакуты, якія па-ранейшаму перажываюцца па ўсёй краіне, Украіна захоўвае стойкасць. Гераічны ўкраінскі народ дэманструе цвёрдасць і рашучасць, абараняючы сваю Радзіму і змагаючыся за сваю свабоду і нашыя агульныя еўрапейскія каштоўнасці.

Еўрапейскі саюз заўсёды будзе падтрымліваць незалежнасць, суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны ў межах яе міжнародна прызнаных меж. Незаконная анэксія Крыма і Севастопаля 10 гадоў таму паклала пачатак бесперапыннай агрэсіі Расіі супраць Украіны.

Расія і яе кіраўніцтва нясуць аднаасобную адказнасць за гэтую вайну і яе глабальныя наступствы, а таксама за ўчыненыя сур'ёзныя злачынствы. Мы па-ранейшаму поўныя рашучасці заклікаць іх да адказу, у тым ліку за злачынства агрэсіі.

Кожны дзень Украіна падвяргаецца бесперапынным жорсткім, безразборлівым атакам з боку агрэсара. Як ніколі, мы захоўваем адзінства і вернасць нашаму абяцанню падтрымліваць Украіну столькі, колькі спатрэбіцца. Дзеля народа Украіны, дзеля міру і бяспекі ў Еўропе і дзеля таго, каб перамог заснаваны на правілах міжнародны парадак.

Еўрапейскі саюз працягне аказваць актыўную і нязменную палітычную, ваенную, фінансавую, эканамічную, дыпламатычную і гуманітарную падтрымку, каб дапамагчы Украіне абараніць сябе, абараніць свой народ, свае гарады і крытычна важную інфраструктуру, аднавіць сваю тэрытарыяльную цэласнасць, вярнуць тысячы дэпартаваных дзяцей і пакласці канец вайне.

Еўрапейскі саюз вырашыў пачаць перамовы з Украінай аб уступленні ў ЕС і будзе дапамагаць ёй на шляху да членства ў ЕС. Будучыня Украіны – у Еўрапейскім саюзе. ЕС працягне аказваць Украіне рэгулярную, прадказальную фінансавую падтрымку. Пакет фінансавай дапамогі ў памеры 50 мільярдаў еўра на 2024-2027 гады дапаможа Украіне задаволіць надзённыя патрэбы, аднавіць эканоміку і жыццё грамадства, мадэрнізаваць інстытуты ўлады і ўмацаваць дэмакратыю і вяршэнства права.

Мы будзем і далей дапамагаць Украіне ў задавальненні яе надзённых ваенных і абарончых патрэб, у тым ліку пастаўляць тэрмінова неабходныя боепрыпасы і ракеты. Мы прынялі беспрэцэдэнтныя меры на ўзроўні ЕС па нарошчванні вытворчасці еўрапейскай абароннай прамысловасці і працягнем нарошчваць гэты патэнцыял, што дазволіць нам узмацніць ваенную падтрымку і супрацоўніцтва з Украінай і адначасова ўмацаваць нашу гатоўнасць да абароны і еўрапейскі суверэнітэт. Мы таксама працуем над будучымі абавязацельствамі ў сферы бяспекі, якія дапамогуць Украіне абараніць сябе, супрацьстаяць спробам дэстабілізацыі і стрымліваць акты агрэсіі ў будучыні (*).

Расія і яе лідары будуць плаціць усё большую цану за свае дзеянні. Разам з партнёрамі мы ўвялі беспрэцэдэнтныя санкцыі супраць Расіі і тых, хто стаў саўдзельнікам вайны, і па-ранейшаму гатовы ўзмацняць ціск на Расію, каб абмежаваць яе здольнасць весці вайну. Мы таксама зрабілі першыя канкрэтныя крокі па перанакіраванні надзвычайных даходаў, атрыманых ад імабілізаваных расійскіх актываў, на падтрымку Украіны. Мы працягнем рабіць мэтанакіраваныя крокі для далейшай ізаляцыі Расіі на міжнародных пляцоўках.

Мы падтрымліваем украінскую Формулу міру, мэта якой – устанаўленне справядлівага, усебаковага і трывалага міру, заснаванага на прынцыпах Статута ААН і міжнароднага права, а таксама ўсе намаганні па правядзенні Глабальнага Саміту Міру пры максімальна шырокай міжнароднай падтрымцы.

Сёння нашы сцягі будуць лунаць побач адзін з адным як сімвал нашай салідарнасці, прыхільнасці і рашучасці.

 

(*) - Ваенная падтрымка і абавязацельствы па забеспячэнні бяспекі будуць рэалізоўвацца ў поўнай адпаведнасці з палітыкай бяспекі і абароны пэўных дзяржаў-членаў і з улікам інтарэсаў бяспекі і абароны ўсіх дзяржаў-членаў.