EU Liaison Office in Turkmenistan

Заява Высокага прадстаўніка ЕC Федэрыкі Магерыні ад імя Еўрапейскага саюза з нагоды Сусветнага дня свабоды друку, 3 мая 2019 года

Bruxelles, 02/05/2019 - 12:00, UNIQUE ID: 190426_5
Statements on behalf of the EU

Заява Высокага прадстаўніка ЕC Федэрыкі Магерыні ад імя Еўрапейскага саюза з нагоды Сусветнага дня свабоды друку, 3 мая 2019 года

У Сусветны дзень свабоды друку мы аддаём належнае незалежнай прэсе, якая з'яўляецца не толькі правадніком праўдзівай і дакладнай навінавай інфармацыі, але і адной з апор дэмакратыі. Якасць дэмакратычных працэсаў залежыць ад узроўню павагі свабоды выказвання меркаванняў, а таксама ад узроўню павагі свабоды і плюралізму сродкаў масавай інфармацыі (СМІ). Без сапраўднай свабоды прэсы не бывае дэмакратыі.

Свабодныя, разнастайныя і незалежныя СМІ, якія выконваюць вельмі адказную функцыю данясення да грамадскасці праверанай і праўдзівай навінавай інфармацыі, з'яўляюцца таксама асновай асноў адкрытага плюралістычнага грамадства. Журналісцкія расследаванні неабходныя як механізм грамадскага кантролю, які дапамагае забяспечваць падсправаздачнасць дзеянняў урадаў і ўстаноў на ўсіх узроўнях і адсочваць выкананне іх абавязальніцтваў. Але зараз мы бачым усё больш спробаў абмежаваць прастору дзейнасці СМІ, у тым ліку шляхам сістэматычнай іх дыскрэдытацыі. Многія журналісты гінуць альбо рызыкуюць жыццём, раскрываючы «нязручныя» факты.

26-ы Сусветны дзень свабоды друку прысвечаны сучасным выклікам, з якімі сутыкаюцца сродкі масавай інфармацыі ў перыяд выбараў у эпоху дэзінфармацыі, а таксама патэнцыялу СМІ ў справе падтрымання дэмакратыі, міру і працэсаў прымірэння. Дэзінфармацыя можа мець моцны адмоўны ўплыў на дэмакратычныя працэсы і публічнае абмеркаванне ва ўсім свеце, і Еўрапейскі саюз не з'яўляецца выключэннем.

Менавіта таму мы пачалі рэалізацыю Плана дзеянняў ЕС па барацьбе з дэзінфармацыяй (*), каб актывізаваць меры ў адказ па ўмацаванні ўстойлівасці нашых грамадстваў да дэзінфармацыі. Планам прадугледжана ўдасканаленне метадаў распазнавання дэзінфармацыі, каардынацыя і аб'яднанне намаганняў ЕС і краін-членаў, забеспячэнне выкананне прыватным сектарам яго абавязальніцтваў, а таксама павышэнне дасведчанасці насельніцтва і пашырэнне магчымасці грамадзян. Адкрытае, свабоднае і сумленнае публічнае абмеркаванне з'яўляецца асновай моцнага дэмакратычнага ладу. І наш абавязак – абараніць гэтую прастору і не дапусціць распаўсюджвання дэзінфармацыі, якая спараджае нянавісць, рознагалоссі і недавер да дэмакратыі.

ЕС заахвочвае свабодныя і бесстароннія СМІ не толькі ўнутры Саюза, але і ва ўсім свеце ў рамках узаемадзеяння з іншымі краінамі. Гэта дасягаецца, у прыватнасці, шляхам фінансавання мэтавых праектаў, накіраваных на павышэнне якасці журналістыкі, умацаванне свабоды прэсы і пашырэнне доступу да публічнай інфармацыі. Ва ўмовах росту ціску на незалежную журналістыку ЕС зноў пацвярджае сваю гатоўнасць абараняць свабоду прэсы і СМІ ўнутры сваіх межаў і ва ўсім свеце.

(*) 5 снежня 2018 г. Еўрапейская камісія і Высокі прадстаўнік ЕС прынялі сумеснае камюніке «План дзеянняў па барацьбе з дэзінфармацыяй»

https://eeas.europa.eu/headquarters/headquarters-homepage/54866/action-plan-against-disinformation_en

                        

 

Рэдакцыйныя раздзелы: