European Economic and Trade Office in Taiwan

У рамках праекта “Занятасць, прафесійная адукацыя і навучанне ў Беларусі” у Мінску адкрыты вучэбны цэнтр FACT

11/12/2019 - 13:20
Навіны

9 снежня ў Мінску на базе філіяла “Каледж сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе” установы адукацыі “Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі” адбылося адкрыццё першага сертыфікаванага навучальнага цэнтра Festo (FACT) па тэхналогіях “Індустрыя 4.0” і мехатроніцы. Падобны навучальны цэнтр – першы і ў СНД.

У цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел Міністр адукацыі Ігар Карпенка, Кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Рэспубліцы Беларусь Дзірк Шубель, віцэ-прэзідэнт Festo Didactic SE Андрэас Хёрст, рэктар “Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі” Валерый Галубоўскі.

“Безумоўна, неабходна развіваць прафесійныя і лічбавыя кампетэнцыі на працягу ўсяго жыцця. Таксама вельмі важна, каб на працягу ўсяго жыцця развіваліся сацыяльныя і грамадзянскія навыкі: міжасобасныя і грамадзянскія кампетэнцыі становяцца ўсё больш важнымі ў наш век імклівага росту лічбавых тэхналогій”, – адзначыў Дзірк Шубель.

Вучэбны цэнтр FACT накіраваны як на навучанне моладзі, так і на перападрыхтоўку дарослага насельніцтва па тэхналогіях лічбавай вытворчасці “Індустрыя 4.0”. Дзякуючы адзінай шматфункцыянальнай сістэме, магчыма мадэляваць розныя вытворчыя працэсы ў залежнасці ад задач вучэбнага цыклу. Прадстаўленае ў цэнтры абсталяванне аналагічна таму, якое выкарыстоўваюць у сучасны момант сусветныя вытворцы.

У цэнтры будуць праводзіцца семінары для выкладчыкаў і менеджэраў у сферы адукацыі, плануецца арганізаваць сеткавае навучанне і абмен вопытам у арганізацыі і правядзенні спаборніцтваў па стандартах Wordskills. Будуць праходзіць заняткі ў тым ліку для студэнтаў іншых каледжаў – навучанне аўтамабілебудаванню, абслугоўванню аўтамабіляў.

У будучыні плануецца выдаваць міжнародныя сертыфікаты Festo (FACT), якія прызнаюцца больш чым 200 000 прадпрыемствамі па ўсім свеце. Пяць выкладчыкаў каледжа ўжо атрымалі такія сертыфікаты для працы з навучэнцамі на базе цэнтра.

Праект “Занятасць, прафесійная адукацыя і навучанне ў Беларусі” рэалізуецца ў вядучых сектарах эканомікі, сярод якіх машынабудаванне, будаўніцтва, сфера абслугоўвання. Мэта праекта – стварэнне большай сувязі паміж прапанаваннем сістэмы прафесійнай адукацыі і патрэбамі рынку працы. Чакаецца, што гэта палепшыць перспектывы працаўладкавання моладзі і дарослага насельніцтва краіны і павысіць якасць і прывабнасць сістэмы прафадукацыі ў Беларусі.

Асноўнымі бенефіцыярамі праекта выступаюць Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі. Агульны бюджэт праекта складае 11,5 мільёна еўра.

Рэдакцыйныя раздзелы: