Delegation of the European Union to Somalia

Каронамарафон ЕС: забег па ўсіх дарожках

19/04/2020 - 16:22
From the blog

Ужо больш за месяц каранавірус трымае ў сваіх цісках Еўропу. Нягледзячы на тое, што кожны дзень мы прыкладаем усе намаганні, каб супрацьстаяць крызісу ва ўсіх яго праявах, карысна зрабіць крок назад і падумаць пра тое, што значыць жыць з COVID19 для нашага паўсядзённага жыцця, для Еўропы, для свету ў больш шырокім сэнсе і як гэта паўплывае на наша грамадства.

Як і многія іншыя, я правёў гэтыя тыдні за зачыненымі дзвярыма, дома альбо ў бязлюдных офісах у Бруселі, пераходзячы ад адной відэаканферэнцыі ці тэлефоннага званка да іншага. Такі фармат лепш, чым нічога, але адначасова ён выклікае і раздражненне, паколькі ў тэлефонных званках і нават відэаканферэнцыях адсутнічае ключавы інгрэдыент, дзякуючы якому дыпламатыя працуе – узаемадзеянне на чалавечым узроўні. Каб заключаць дамовы, трэба глядзець людзям у вочы, узаемадзейнічаць непасрэдна і мець спакойныя размовы ў кулуарах. Шматбаковая дыпламатыя, як унутры ЕС, так і ва ўсім свеце, складаная ў лепшыя часы. Цяпер гэта асабліва актуальна, паколькі давер - гэты магічны і неабходны інгрэдыент для знаходжання людзьмі кампрамісу - складаней выпрацаваць па відэасувязі з дрэнным гукам. З іншага боку, для некаторых сустрэч відэаканферэнцыі могуць быць дастаткова добрым фарматам. І ўжо дакладна мы эканомім шмат часу і грошай.

Выпрабавальныя часы

Няма сэнсу адмаўляць: гэта выпрабавальны час ці нават экзістэнцыяльны выклік для ЕС. Такім чынам, жыццёва важна, каб еўрапейцы бачылі і адчувалі карысць ад свайго саюзу. Мы ведаем, што гэта ўмова не заўсёды выконваецца, і каб выправіць становішча, еўрапейскія інстытуты павінны закранаць сэрцы людзей і іх розум. Старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляйен добра зрабіла, калі на гэтым тыдні папрасіла прабачэння ад імя ЕС у Еўрапейскім парламенце перад усімі тымі, у асноўным у Італіі і Іспаніі, хто адчуваў сябе пакінутым, з перапоўненымі бальніцамі, недахопам медыцынскага і ахоўнага абсталявання і амаль 1000 памерлых у дзень у кожнай краіне.

Улічваючы ўладкаванне ЕС, было не дзіўна, што на самым пачатку крызісу пераважала прыняццё рашэнняў на нацыянальным узроўні. Ахова здароўя знаходзіцца ў нацыянальнай кампетэнцыі, і здольнасць да хуткіх выканаўчых дзеянняў на нацыянальным узроўні значна большая, чым на еўрапейскім. Але для многіх еўрапейцаў гэта ўсё ж было расчараваннем. Склалася ўражанне, што Еўрапейскі саюз не проста марудны і падзелены, але і мала што канкрэтнага робіць для з’яўлення салідарнасці з людзьмі ў момант самай вострай патрэбы. Такія ўяўленні могуць быць несправядлівымі альбо не да канца абгрунтаванымі. Але яны рэальныя па сваіх наступствах. Некаторыя нядобразычліўцы Еўропы знутры і звонку накінуліся на ЕС, выкарыстоўваючы гэтую дынаміку першай фазы, а некаторыя без сораму спрабуюць раздзьмуць полымя.

Унутраная рэакцыя ЕС

Але потым, зусім неўзабаве, пачаўся другі этап, з сумесных рашэнняў па забеспячэнні руху тавараў праз зачыненыя межы і сумесных закупак медыцынскага абсталявання. Калі людзі абмяркоўваюць ці крытыкуюць "ЕС", мы павінны удакладняць, хто маецца на ўвазе. Камісія зрабіла ўсё магчымае з наяўнымі ў яе інструментамі, неадкладна спыніўшы прымяненне правілаў Пакта стабільнасці і росту і пашырыўшы магчымасці краін-членаў па выкарыстанні дзяржаўнай дапамогі. Еўрапейскі цэнтральны банк таксама адрэагаваў вельмі хутка – значна хутчэй, чым падчас крызісу еўразоны, выдзеліўшы больш за 750 мільярдаў еўра на пакупку даўгоў і засяродзіўшыся на набыцці найбольш неабходнага. Камісія таксама прапанавала адкрыць дзяржавам-членам доступ да крэдытаў на агульную суму 100 млрд еўра для дапамогі ў фінансаванні схем аховы працы. Гэта яшчэ не з’яўляецца дадатковым страхаваннем ад беспрацоўя на еўрапейскім узроўні, але гэта важны крок перад пагрозай масавага беспрацоўя.

У нашы дні многія кажуць пра неабходнасць “Плана Маршала" як крыніцы натхнення. Але зразумела, што з таго боку Атлантычнага акіяна не з’явіцца Джордж Маршал. Акрамя таго, яго план быў гістарычна накіраваны на аднаўленне кантынента, разбуранага вайной. Нават калі некаторыя параўноўваюць пандэмію з вайной, падчас пандэміі каранавірусу не адбываецца знішчэння фізічнага капіталу. Пасля землятрусу людзі аднаўляюць інфраструктуру і вытворчыя магутнасці. Але зараз сітуацыя іншая. Мы павінны засяродзіцца на непасрэдных патрэбах сістэм аховы здароўя, забеспячэнні даходаў тым, хто не можа працаваць, і пашырэнні гарантый і адтэрміноўкі плацяжоў кампаніям, каб яны пазбегнулі банкруцтва.

Еўрапейскі інвестыцыйны банк (ЕІБ) прапануе крэдыты на суму 200 млрд еўра, асабліва малому і сярэдняму бізнесу. Акрамя таго, у рамках функцыянавання Еўрапейскага механізма стабільнасці (ESM) будуць выдзелены крэдыты з працэнтнымі стаўкамі, блізкімі да нулявых і доўгімі тэрмінамі пагашэння, для фінансавання выдаткаў, якія прама ці ўскосна выкліканыя пандэміяй, без канкрэтных умоў. Да таго ж, мы сутыкаемся з пытаннем распрацоўкі новых, дадатковых інструментаў. Сутнасць пытання ў тым, як еўрапейцы наладзяць салідарнасць паміж сабой і якімі будуць межы гэтай салідарнасці. Тут важна не толькі казаць пра салідарнасць на макраузроўні, на ўзроўні агульнай палітыкі. Трэба яшчэ адзначаць канкрэтныя выпадкі салідарнасці ўнутры ЕС: Францыя, Аўстрыя, Чэхія і іншыя краіны накіравалі мільёны масак у Італію і Іспанію. Іх было значна больш, чым тых, якія былі атрыманы з Расіі ці Кітая, нягледзячы на тое, што любая дапамога вітаецца. Пацыенты лечацца ў бальніцах адзін у аднаго, пры гэтым медыцынскія брыгады прылятаюць з Румыніі і іншых краін. Такім чынам, гэта агульнаеўрапейскі крызіс у адчуваннях людзей, якія адлюстраваны таксама ў сацыяльных медыях, дзе людзі дзеляцца пазітыўнымі гісторыямі. Гэта паказвае, што еўрапейская свядомасць існуе, хоць нам і даводзіцца будаваць гэту канцэпцыю і больш і лепш тлумачыць тое, што мы робім.

Знешняя рэакцыя ЕС

На знешняй арэне падчас відэаканферэнцый з міністрамі замежных спраў, абароны і развіцця краін ЕС мы дамовіліся аб сумесных дзеяннях у некалькіх сферах: супрацоўніцтва з дзяржавамі-членамі ў правядзенні найбуйнейшай у гісторыі аперацыі па рэпатрыяцыі, у выніку якой на радзіму вярнулася больш за паўмільёна еўрапейцаў, якія апынуліся за мяжой. Мы пагадзіліся ў поўнай меры выкарыстоўваць нашыя ўзброеныя сілы для барацьбы з вірусам і яго наступствамі і сумеснага супрацьдзеяння дэзінфармацыі.

Асноўным прыярытэтам стала распрацоўка сумеснага еўрапейскага падыходу да аказання дапамогі ўразлівым і найбольш пацярпелым, асабліва ў Афрыцы, нашым рэгіёне суседства і іншых месцах. Нават калі ў нас саміх ёсць велізарныя патрэбы, жыццёва важна, каб мы дапамагалі іншым. Не толькі з пачуцця салідарнасці, але і таму, што поспех у барацьбе супраць COVID-19 ва ўсім свеце адпавядае нашым асабістым інтарэсам. Мы можам быць у бяспецы ад віруса толькі калі нашы суседзі таксама ў бяспецы.

Менавіта таму мы пераарыентавалі сродкі з бюджэту ЕС, якія разам з крэдытамі ЕІБ і ЕБРР і ўкладам дзяржаў-членаў складаюць пакет у памеры 20 мільярдаў еўра з мэтай аказання дапамогі партнёрам у змаганні з пандэміяй. Гэта не свежыя, не новыя грошы. Але гэта спосаб аддаць перавагу самым надзённым патрэбам. І мы выкарысталі ў якасці новага абрамлення назву Team Europe (Каманда Еўропы), падкрэсліваючы, што краіны-члены і еўрапейскія ўстановы працуюць разам. Гэта павінна будзе выкарыстоўвацца ў будучыні.

Больш глыбокія наступствы COVID-19

Першыя тыдні крызісу пакінулі адказных за прыняццё рашэнняў у складаным становішчы. У той час, калі ўсё было складана, неадкладна і няпэўна, ім трэба было прымаць 100 працэнтаў рашэнняў на падставе 50 працэнтаў інфармацыі. Добра тое, што мы бачым павагу да навукі і вопыту і людзей, якія імкнуцца да якаснай журналістыкі. Папулісты па-ранейшаму гуляюць на страху і праштурхоўваюць свае нацыяналістычныя лозунгі. Тым не менш, ажыццяўленне палітыкі і супрацоўніцтва на аснове фактаў – гэта дэманстравана найлепшы спосаб забяспечыць бяспеку людзей.

З кожным днём мы дазнаемся больш пра вірус і ўдасканальваем меры па рэагаванні. Людскія страты каласальныя, але нашы меры пачынаюць дзейнічаць. Колькасць прынятых у бальніцу і змешчаных у рэанімацыю змяншаецца. Павольна, але змяншаецца. Пасля непасрэднай фазы кіравання крызісам наступным пытаннем будзе тое, як мы можам выйсці з ізаляцыі і пачаць аднаўляць эканоміку. Дарога будзе доўгай і складанай, але ў нас больш ведаў, чым тады, калі крызіс пачаўся. І наступны этап патрабуе ўзгодненага рэагавання – у Еўропе і па ўсім свеце.

Барацьба з каранавірусам выклікала шмат дыскусій пра вартасці розных мадэляў у розных краінах і рэгіёнах. Дэні Родрык напісаў, што крызіс узмацняе тэндэнцыі, паводле якіх краіны і рэгіёны становяцца "перабольшанымі версіямі саміх сябе". Мы, безумоўна, бачылі, як шмат хто праектуе свае ўласныя ідэалогіі на крызіс.

Хутчэй за ўсё, крызіс паскарае гісторыю, узмацняючы ранейшыя тэндэнцыі. Гэта азначае большую геапалітычную канкурэнцыю ў цэлым і большую напружанасць паміж ЗША і Кітаем. Што, у сваю чаргу, паўплывае на тое, наколькі адказ з боку ААН і яго асновы – “Вялікай дваццаткі” – будзе заснаваны на супрацоўніцтве і прынцыпе шматбаковасці. Быць на чале гэтых намаганняў: падштурхоўваць, упрошваць і фармаваць такі неабходны шматбаковы адказ – выпадзе галоўным чынам на долю Еўропы і іншых аднадумцаў. Мабілізуючы ўсе існуючыя шматбаковыя інструменты, рэфармуючы іх па меры неабходнасці і праяўляючы гатоўнасць ствараць новыя і лепшыя інструменты.

Пераходзячы да наступнай фазы, важна ставіць больш глыбокія пытанні. Якую ролю будзе адыгрываць дзяржава ў дзеяннях па ўмяшанні і абароне ў перыяд пасля крызісу? Што азначае крызіс для мінулай сістэмы эканамічнай глабалізацыі? Поўная «дэглабалізацыя» выглядае малаверагоднай, але дакладна, што нам трэба больш увагі надаваць бяспецы (у тым ліку і ахове здароўя), што азначае стварэнне запасаў стратэгічных матэрыялаў і стварэнне больш кароткіх і дыверсіфікаваных сетак паставак. Усё гэта – новы штуршок да таго, каб сур'ёзна ставіцца да стратэгічнай аўтаноміі Еўропы.

Мы таксама павінны глыбока задумацца пра наступствы пандэміі для нашых дэмакратычных сістэм. Крызіс можна было б выкарыстаць для цэнтралізацыі паўнамоцтваў і аслаблення дэмакратычнага кантролю, і нам варта супрацьстаяць гэтаму. Нам павінна быць зразумела, што найбольш устойлівай формай кіравання з'яўляецца кіраванне, якое ўключае стрымкі і процівагі, калі грамадзянам надаюць паўнамоцтвы, а не загадваюць. Будзе патрэбна балансаваць, каб спалучыць захаванне дэмакратычных каштоўнасцей, правоў і свабод чалавека з неабходнымі мерамі па барацьбе з вірусамі і спыненні ізаляцыі. У гэтым кантэксце выклікае аптымізм тое, што еўрапейскія навукоўцы супрацоўнічаюць у распрацоўцы тэхналогій адсочвання, якія захоўваюць права на недатыкальнасць асабістага жыцця.

Цяпер Еўропа цалкам мабілізавана

Пераадоленне каранавіруснага крызісу – гэта марафон, а не спрынт. Тыя, хто спачатку выглядаў як "пераможцы", могуць страціць свае пазіцыі. Можа здарыцца і адваротнае. Пасля няўпэўненага старту ЕС сёння цалкам мабілізаваны на ўсіх трэках. Неабходнасць салідарнасці і сумесных дзеянняў прызнана па ўсім кантыненце. І наш прынцыповы выбар на карысць шматбаковасці і партнёрства знаходзіць водгук ва ўсім свеце.

Свет пасля пандэміі непазбежна стане больш раз'яднаным. З вялікай колькасцю пагроз, якія будуць заставацца. Другі месяц жыцця падчас каранавіруснага крызісу я прысвячу іх вырашэнню, спадзяюся, з аднаўленнем у нейкай ступені старамодных і добрых традыцый асабістай дыпламатыі.

 

 

 


 

Рэдакцыйныя раздзелы: