European Union Delegation to Singapore

Пры падтрымцы ЕС дзіцячы аздараўленчы цэнтр «Ізумрудны» займеў інклюзіўны корпус

04/08/2020 - 11:35
News stories

Кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Дзірк Шубель прыняў удзел ва ўрачыстым адкрыцці адаптаванага пад патрэбы дзяцей з інваліднасцю спальнага корпуса ў дзіцячым аздараўленчым лагеры «Ізумрудны» ў Глыбоцкім раёне.

Будынак рэканструяваны ў рамках праекта «Наваполацк – ад інклюзіўнай школы да інклюзіўнага горада», які рэалізуецца на сродкі Еўрапейскага саюза з суфінансаваннем Наваполацкага гарадскога выканаўчага камітэта. Праект накіраваны на стварэнне інклюзіўнага асяроддзя, зняцце сацыяльных і псіхалагічных бар'ераў у дачыненні да людзей з інваліднасцю.

Маштабная рэканструкцыя праведзена ў спальным корпусе №4. На першым паверсе па прынцыпе безбар'ернасці ўладкаваны 4 прасторныя і зручныя пакоі, 2 санвузлы, якімі змогуць бесперашкодна карыстацца дзеці з інваліднасцю, а таксама суправаджаючыя іх асобы. Уваход у будынак абсталяваны пандусам. Прылеглая тэрыторыя абсталявана элементамі безбар'ернага асяроддзя. Для паўнавартаснага адпачынку і развіцця дзяцей з асаблівымі патрэбамі закуплена гульнявое абсталяванне і ўстаноўлена інклюзіўная гульнявая пляцоўка.

Рэалізаваны ў «Ізумрудным» праект адпавядае прынцыпам Канвенцыі аб правах інвалідаў. Ужо ў жніўні 2020 года цэнтр упершыню прыме на аздараўленне дзяцей з інваліднасцю.

Восенню 2020 г. праект «Наваполацк – ад інклюзіўнай школы да інклюзіўнага горада», які рэалізуецца Наваполацкім гарвыканкам пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза, падвядзе вынікі. Дзякуючы інклюзіўнай ініцыятыве ў СШ №8 пабудаваны ліфт, адкрыты клас дыстанцыйнага навучання і пад патрэбы дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі адаптаваны Палац дзяцей і моладзі.

Рэдакцыйныя раздзелы: