European Union Delegation to Singapore

Заява Высокага прадстаўніка ЕС Жазэпа Барэля ад імя ЕС з нагоды Міжнароднага дня барацьбы з гамафобіяй, трансфобіяй і біфобіяй, 17 мая 2020 года

Брусэль, 15/05/2020 - 12:07, UNIQUE ID: 200515_17
Statements on behalf of the EU

У міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, трансфобіяй і біфобіяй Еўрапейскі саюз Еўрапейскі саюз адзначае ўсё багацце разнастайнасці людзей і сцвярджае права кожнага ганарыцца тым, хто ён ёсць, вызначаць сваю ўласную ідэнтычнасць і любіць таго, каго сам абярэ.

Калі намаганні ўсяго свету скіраваныя на спыненне пандэміі COVID-19, мы надаем увагу асаблівым выклікам, з якімі сутыкаюцца лесбіянкі, геі, бісэксуалы, трансгендэры ды інтэрсэксуальныя асобы (ЛГБТІ) у многіх частках свету. З-за дыскрымінацыйных законаў і негатыўных сацыяльных установак яны часта сутыкаюцца з сацыяльнай ізаляцыяй, дыскрымінацыяй і абмежаваннем доступу да паслуг аховы здароўя. Адсутнасць падтрымкі з боку сям'і і грамадства робіць многіх прадстаўнікоў ЛГБТІ-супольнасці больш уразлівымі да праяваў гвалту, беспрацоўя, беднасці і бяздомнага існавання. Мы вітаем заяву Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека аб неабходнасці мэтанакіраваных дзеянняў для абароны прадстаўнікоў ЛГБТІ падчас пандэміі і падкрэсліваем неабходнасць цеснага ўзаемадзеяння з ЛГБТІ-супольнасцямі пры распрацоўцы ды рэалізацыі нацыянальных стратэгій барацьбы з пандэміяй.

Непрымальна, што ва ўсім свеце па-ранейшаму беспакарана парушаюць правы чалавека па прыкмеце меркаванай або фактычнай сэксуальнай арыентацыі або гендэрнай ідэнтычнасці. Крыміналізацыя сэксуальнай арыентацыі і непрызнанне трансгендэрнай ды інтерсэксуальнай ідэнтычнасці вядуць да сацыяльнай ізаляцыі і маргіналізацыі ЛГБТІ-асобаў, узмацняючы складанасці, з якімі яны сутыкаюцца ў спробах атрымаць паслугі аховы здароўя. Акрамя таго, ЛГБТІ-асобы становяцца ахвярамі гвалту і жорсткага абыходжання, таму што падчас  самаізаляцыі колькасць выпадкаў хатняга гвалту рэзка павялічваецца. Цяпер, як ніколі, неабходна, каб міжнародная супольнасць пацвердзіла сваё абавязальніцтва процідзейнічаць усім формам гвалту, дыскрымінацыі, мовы варожасці і злачынствам на глебе нянавісці ў дачыненні да ЛГБТІ-асоб па прыкмеце сэксуальнай арыентацыі, гендэрнай ідэнтычнасці ці любых іншых прыкметах.

ЕС рашуча настроены змагацца з беспакаранасцю за парушэнні правоў чалавека, дыскрымінацыю і злоўжыванні ў дачыненні да ЛГБТІ-асоб ва ўсім свеце. Абвяшчэнне Еўрапейскай камісіяй абноўленай Стратэгіі роўнасці ЛГБТІ дазволіць ЕС спрыяць прагрэсу ў справе заахвочвання і абароны правоў ЛГБТІ-асоб. Мы будзем працаваць з усімі нашымі партнёрамі і ўнутры ЕС, і за яго межамі, аб'ядноўваючы намаганні з міжнароднымі арганізацыямі, грамадзянскай супольнасцю і праваабаронцамі для абароны правоў ЛГБТІ-асоб, заахвочвання роўнасці і павагі да разнастайнасці. У сваёй знешняй дзейнасці Еўрапейскі саюз і яго краіны будуць кіравацца абавязальніцтвамі ў рамках Кіруючых прынцыпаў ЕС па прасоўванні і абароне ажыццяўлення ўсіх правоў прадстаўнікамі ЛГБТІ-супольнасці і Праваабарончых прынцыпаў ЕС у сферы недыскрымінацыі.

Еўрапейскі саюз нагадвае, што ўсе правы чалавека носяць ўсеагульны, непадзельны, ўзаемазалежны і узаемазвязаны характар. Пра гэта варта памятаць і падчас глабальнага крызісу, і пры вяртанні да звыклага ладу жыцця. Пры прыняцці рашэнняў мы абавязаныя забяспечыць абарону годнасці і правоў усіх людзей без якой-кольвек дыскрымінацыі і заклікаем усе ўрады свету паступіць гэтак жа. Без увагі не павінен заставацца ніводзін чалавек, і ніводнае права чалавека нельга ігнараваць.

Рэдакцыйныя раздзелы: