Delegation of the European Union to Peru

Дэкларацыя Высокага прадстаўніка ад імя Еўрапейскага саюза з нагоды Дня правоў чалавека

Брюссель, 09/12/2020 - 12:09, UNIQUE ID: 201209_6
Statements on behalf of the EU

10 снежня адзначаецца Дзень правоў чалавека. Ён заслугоўвае нашай увагі, паколькі ў гэты дзень у 1948 годзе была падпісана Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека. Сёння як ніколі раней важна нагадаць, што правы чалавека з’яўляюцца ўніверсальнымі і непадзельнымі і мы ніколі не павінны спыняць намаганні па іх абароне.

Пандэмія каранавіруснай інфекцыі ўзмацніла і абвастрыла некаторыя з найбольш сур'ёзных сусветных выклікаў, у тым ліку ў сферы правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства права. У многіх краінах свету адзначаюцца трывожныя тэндэнцыі: цэнзура і абмежаванне свабоды слова, дыскрымінацыя, паглыбленне няроўнасці, рост колькасці выпадкаў гвалту ў адносінах да жанчын і дзяўчынак, а таксама адвольных затрыманняў – цалкам не спрыяльных для барацьбы з каранавірусам. Але зразумела адно: Еўрапейскі саюз па-ранейшаму адданы справе забеспячэння павагі, абароны і рэалізацыі правоў чалавека для ўсіх; гэтая ўтваральная каштоўнасць будзе і надалей накіроўваць усе нашыя дзеянні. Ніхто не павінен быць пакінуты без увагі, ні адно права чалавека не павінна ігнаравацца.

Пры гэтым пандэмія каранавіруснай інфекцыі дае магчымасць для больш рашучых сумесных дзеянняў. У сучасным геапалітычным раскладзе, які змяняецца, Еўрапейскі саюз па-ранейшаму рашуча падтрымлівае прынцып шматбаковасці, у аснове якога ляжаць правы чалавека.

Сёння ёсць нагода ўспомніць, што Еўрапейскі саюз ужо зрабіў у падтрымку правоў чалавека ва ўсім свеце. У гэтым годзе былі дасягнуты прыкметныя вынікі. У разгар глабальнай пандэміі Еўрапейскі саюз прыняў План дзеянняў ЕС у падтрымку правоў чалавека і дэмакратыі, які з'яўляецца маштабнай дарожнай картай міжнароднай дзейнасці на бліжэйшыя пяць гадоў. Гэты План дзеянняў – магчымасць удыхнуць новае жыццё ў нашу дзейнасць у сферы правоў чалавека і дэмакратыі. Іншым важным крокам да далейшага ўмацавання калектыўных дзеянняў у сферы правоў чалавека стала ўсталяванне Агульнага рэжыму санкцый ЕС за парушэнне правоў чалавека, які дазваляе нам уводзіць санкцыі ў выглядзе замарожвання актываў і забароны на паездкі ў дачыненні да асобаў, датычных да сур'ёзных парушэнняў альбо злоўжыванняў у галіне правоў чалавека. На працягу ўсяго года ЕС быў у авангардзе дзейнасці шматбаковых устаноў, якія абараняюць правы чалавека. Адным з ключавых прыярытэтаў было стварэнне міжрэгіянальных кааліцый у падтрымку дзейнасці ААН. Прыклад гэтага – наша праца ў падтрымку дзеянняў ААН у Беларусі. Еўрапейскі саюз імкнецца надаць новы імпульс і стварыць альянс па ўсім спектры аспектаў правоў чалавека.

На месцах прадстаўніцтвы ЕС і пасольствы краін-членаў падтрымлівалі арганізацыі грамадзянскай супольнасці і праваабаронцаў, часам выбаўляючы іх ад небяспекі, назіраючы за судовымі разбіральніцтвамі ў многіх краінах свету – ад Расіі да Калумбіі і Ганконга – і рэалізуючы праекты, накіраваныя на заахвочванне правоў жанчын і дзяўчынак, сацыяльна неабароненых асоб, а таксама на падтрымку свабоды СМІ і грамадзянскай супольнасці. ЕС і яго краіны-члены будуць у прыярытэтным парадку садзейнічаць поўнаму ажыццяўленню жанчынамі і дзяўчынкамі правоў чалавека, а таксама гендэрнай роўнасці і пашырэнню правоў і магчымасцяў жанчын і дзяўчынак.

Тым не менш, многае яшчэ трэба будзе зрабіць. У 2021 годзе і ў наступны перыяд Еўрапейскі саюз мае намер працаваць разам з партнёрамі, дэманструючы лідарства ў пытаннях правоў чалавека і ўмацоўваючы абарону правоў чалавека ў свеце посткавіднага перыяду.

Рэдакцыйныя раздзелы: