Delegation of the European Union to Mali

Заява Вярхоўнага прадстаўніка ЕС Магерыні і Члена Еўрапейскай камісіі Стыліянідзіса з нагоды Сусветнага дня гуманітарнай дапамогі у 2018 годзе

Bruxelles, 17/08/2018 - 13:10, UNIQUE ID: 180817_6
Joint Statements

Заява Вярхоўнага прадстаўніка ЕC, намесніка Старшыні Еўрапейскай камісіі Федэрыкі Магерыні і Камісара па гуманітарнай дапамозе і ўрэгуляванні крызісаў Хрыстаса Стыліянідзіса з нагоды Сусветнага дня гуманітарнай дапамогі ў 2018 годзе.

У пятнаццатую гадавіну выбуху ля штаб-кватэры місіі ААН у Багдадзе Еўрапейскі саюз аддае даніну павагі самаахвярнасці гуманітарных работнікаў, якія дастаўляюць гуманітарную дапамогу па ўсім свеце з рызыкай для ўласнага жыцця. Еўрапейскі саюз лічыць галоўнымі задачамі безумоўнае захаванне міжнароднага права, абарону і бяспеку гуманітарных работнікаў і іх бесперашкодны доступ да людзей, якія маюць патрэбу.

Напярэдадні Сусветнага дня гуманітарнай дапамогі Вярхоўны прадстаўнік ЕC, намеснік Старшыні Еўрапейскай камісіі Федэрыка Магерыні і член Еўрапейскай камісіі  па гуманітарнай дапамозе і ўрэгуляванні крызісаў Хрыстас Стыліянідзіс зрабілі наступную заяву:

«Канфлікты часта даражэй за ўсё абыходзяцца грамадзянскаму насельніцтву; напады, у тым ліку на гуманітарных работнікаў, працягваюцца.

За мінулы год у выніку такіх нападаў загінулі цывільныя асобы і гуманітарныя работнікі ў розных краінах - ад Афганістана да Нігерыі і ад Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі да Емена. Гэтыя акты гвалту з'яўляюцца сур'ёзнымі парушэннямі міжнароднага гуманітарнага права. Выратаванне жыццяў не павінна каштаваць жыццяў.

За апошнія дваццаць гадоў ахвярамі буйных гвалтоўных актаў сталі амаль 4 400 гуманітарных работнікаў. Больш за палову з іх былі забіты. Сусветны дзень гуманітарнай дапамогі - нагода ўшаноўваць гэтых самаадданых людзей і адстойваць іх ахову і бяспеку.

Міжнароднае гуманітарнае права абавязвае ўсе бакі канфліктаў забяспечваць бяспеку гуманітарных работнікаў, а таксама бесперашкодны і пастаянны доступ людзей, якія маюць патрэбу, да гуманітарнай дапамогі.

ЕС з'яўляецца адным з асноўных донараў гуманітарнай дапамогі ў свеце. У міжнароднай сферы мы працягваем праводзіць лінію аказання гуманітарнай дапамогі з захаваннем уласных прынцыпаў і выканання патрабаванняў міжнароднага гуманітарнага права».

Дадатковая інфармацыя

У зонах канфлікту гінуць і атрымліваюць раненні цывільныя асобы; яны становяцца ахвярамі безразборлівых альбо мэтавых нападаў. Рэкордная колькасць людзей вымушана з-за канфліктаў пакідаць родныя мясціны: у свеце больш за 68,5 мільёнаў гвалтоўна перамешчаных асоб, палова з якіх - дзеці ва ўзросце да 18 гадоў.

У 2017 годзе ЕС выдзеліў больш за 2,43 мільярда еўра на гуманітарныя аперацыі ў больш чым 80 краінах свету. Значная частка гэтай сумы была накіравана на падтрымку пацярпелага ад канфлікту насельніцтва Сірыі і бежанцаў, якія знаходзяцца ў суседніх краінах і рэгіёнах. Акрамя таго, ЕС працягвае аказваць падтрымку асобам, перамешчаным у выніку працяглых канфліктаў у розных краінах, ад Афганістана да Калумбіі і рэгіёну Афрыканскага Рога, рэагуючы таксама і на такія крызісы, якія зноў узнікаюць, як крызіс бежанцаў рахінджа.

Рэзкі рост колькасці выпадкаў наўмыснага парушэння норм міжнароднага гуманітарнага права (МГП) і прынцыпаў аказання гуманітарнай дапамогі ставяць пытанне абароны ў сучасных гуманітарных сітуацыях асабліва востра. У 2017 годзе больш за 10% усяго бюджэту гуманітарнай дапамогі ЕС было накіравана на забеспячэнне бяспекі пры яе аказанні.

ЕС працягваў выступаць за ўзмацненне абароны і заклікаць да захавання норм МГП, у тым ліку праз дыялог, заявы і ініцыятывы, а таксама шляхам фiнансавання мерапрыемстваў па навучанні МГП супрацоўнікаў і партнёраў, а таксама па асвеце і распаўсюджванні інфармацыі аб МГП сярод насельніцтва.

У прыватнасці, пры падтрымцы ЕС Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа (МКЧК) падрыхтаваў кампанію «Ахова здароўя ў небяспецы», накіраваную на інфармаванне насельніцтва пра сур'ёзную шкоду, што паўсюдна наносіцца гвалтоўнымі актамі, якія перашкаджаюць аказанню медыцынскай дапамогі і ў выніку якіх пашкоджваюцца і руйнуюцца будынкі і транспартныя сродкі, атрымліваюць раненні і гінуць медыцынскія работнікі і іх пацыенты.

 

Рэдакцыйныя раздзелы: