Delegation of the European Union to Lebanon

Прыярытэты ЕС на 37-й сесіі Савета ААН па правах чалавека

23/02/2018 - 15:59
News stories

26 лютага ў Жэневе адкрылася сесія Савета ААН па правах чалавека, на якой міжнародная супольнасць абмяркоўвае найбольш актуальныя сусветныя пытанні, звязаныя з правамі чалавека. Сесія будзе доўжыцца да 23 сакавіка.

На гэтай 37-й сесіі Савета ААН па правах чалавека ЕС узначаліць распрацоўку чатырох рэзалюцый і прыме канструктыўны ўдзел у ініцыятывах, прадстаўленых іншымі краінамі, каб прасунуць прыярытэты ЕС у сферы правоў чалавека і прыцягнуць увагу Савета да сітуацыі ў асобных дзяржавах.

Паўночная Карэя/КНДР: Улічваючы бесперапынныя, грубыя, сістэматычныя парушэнні правоў чалавека паўночнакарэйскім рэжымам, ЕС сумесна з Японіяй зноў прадставіць рашучую рэзалюцыю, якая засяроджвае ўвагу на вельмі складанай сітуацыі з правамі чалавека ў краіне, заклікае да прыцягнення да адказнасці за гэтыя парушэнні і пашырае мандат Спецыяльнага дакладчыка.

М'янма/Бірма: ЕС працягвае надаваць вялікае значэнне сітуацыі ў галіне правоў чалавека ў М'янме. У гэтай сувязі ЕС мае намер прадставіць рэзалюцыю, якая аднаўляе мандат Спецыяльнага дакладчыка, падводзіць вынікі бягучай работы Незалежнай міжнароднай місіі па ўстанаўленні фактаў і ўказвае на такія сур'ёзныя пытанні, як беспрэцэдэнтны гвалт у дачыненні да рахінджа і, у больш шырокім сэнсе, парушэнні правоў асоб, якія належаць да этнічных і рэлігійных меншасцяў, і парушэнні свабоды слова і СМІ.

Правы дзіцяці: ЕС імкнецца ў роўнай ступені заахвочваць і абараняць усе правы, якімі валодаюць дзеці, надаючы асаблівую ўвагу сацыяльна адчужаным дзецям, у спробе не пакінуць ніводнага дзіцяці па-за ўвагай. У сувязі з гэтым на маючай адбыцца сесіі ЕС сумесна з Групай краін Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна прадставіць рэзалюцыю аб правах дзяцей у гуманітарных сітуацыях. Акрамя таго, ЕС прыме актыўны ўдзел у падрыхтоўцы штогадовага дня агульнай дыскусіі, якая будзе прысвечана гэтай тэме.

Права на свабоду рэлігіі альбо пераканання: ЕС працягвае садзейнічаць забеспячэнню свабоды рэлігіі альбо пераканання і рашуча выступае супраць рэлігійнай нецярпімасці. У сувязі з гэтым у гэтым годзе на пасяджэнні Савета ААН па правах чалавека ЕС прадставіць рэзалюцыю, накіраваную на заахвочванне і абарону свабоды рэлігіі альбо пераканання з акцэнтам на меры, якія дзяржавы павінны ўзмацніць для выканання абавязацельстваў, прынятых раней у рамках форумаў ААН па правах чалавека.

Сірыя: Савет ААН па правах чалавека павінен працягнуць вырашэнне пытанняў, звязаных з вельмі складанай сітуацыяй з правамі чалавека і гуманітарнай сітуацыяй у Сірыі, асабліва ў раёнах, якія падвергліся аблозе і цяжкім бамбардзіроўкам. У сувязі з гэтым надзвычай важна падоўжыць мандат камісіі па расследаванні. Таксама вялікае значэнне мае праца Міжнароднага бесстаронняга незалежнага механізму. ЕС зноў закліча да барацьбы з беспакаранасцю, прыцягнення да адказнасці ўсіх вінаватых, да забеспячэння доступу ў Сірыю для камісіі па расследаванні і забеспячэння бесперашкоднага гуманітарнага доступу да маючых патрэбу ў дапамозе на ўсёй тэрыторыі Сірыі, а таксама да вызвалення затрыманых. Гвалт у дачыненні да мірнага насельніцтва павінны спыніцца ва Усходняй Гуце і іншых раёнах, паколькі атакі прывялі да грубых парушэнняў асноўных правоў чалавека і забойства тысяч мірных жыхароў. У прыватнасці ЕС выступіць за абарону дзяцей і прыме ўдзел у пасяджэнні групы высокага ўзроўню па парушэннях правоў дзяцей у Сірыі.

Дадатковыя мерапрыемствы: ЕС выступіць арганізатарам і суарганізатарам некалькіх мерапрыемстваў на палях пасяджэння Савета ААН па правах чалавека. Да іх адносіцца мерапрыемства, прысвечанае ўзаемаадносінам рэлігіі і дзяржавы 5 сакавіка, і дэбаты на тэму ўплыву СМІ на свабоду рэлігіі альбо пераканання 6 сакавіка 2018 года. ЕС таксама выступіць у якасці суарганізатара тэматычнага вечара «Абарона праваабаронцаў", які адбудзецца 11 сакавіка ў рамках Міжнароднага кінафестывалю і форуму па правах чалавека. Больш падрабязную інфармацыю пра ўсе падзеі можна знайсці тут.

Спецыяльны прадстаўнік ЕС па правах чалавека Стаўрас Ламбрынідзіс прадстаўляе Еўрапейскі саюз на сегменце высокага ўзроўню Савета ААН па правах чалавека. Выступаючы 28 лютага на дадатковым мерапрыемстве высокага ўзроўню па пытанні смяротнага пакарання, якое было арганізавана пастаянным прадстаўніцтвам Бельгіі, ён падкрэсліў рашучую і непахісную пазіцыю ЕС супраць смяротнага пакарання пры любых абставінах. Ян Фігель, спецыяльны пасланнік ЕС па прасоўванні свабоды рэлігіі альбо пераканання за межамі ЕС, таксама наведае сесію Савета ААН па правах чалавека і прыме ўдзел у розных дадатковых мерапрыемствах. Больш за тое, для ўдзелу ў працы сесіі Савета ў Жэневу прыбудзе дэлегацыя членаў Еўрапейскага парламента, якую ўзначаліць Анджэй Гжыб.

Усе заявы ЕС і выступленні на сесіі Савета ААН па правах чалавека публікуюцца на сайце Прадстаўніцтва ЕС пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе.

Рэдакцыйныя раздзелы: