Delegation of the European Union to Iraq

Дзень Еўропы дня 2020: салідарнасць на адлегласці

08/05/2020 - 18:42
From the blog

Аўтар – Дзірк Шубель, Пасол Еўрапейскага саюза ў Беларусі

Кожны год восьмага мая ў Еўрапейскім саюзе мы адзначаем заканчэнне Другой сусветнай вайны на нашым кантыненце. Праз семдзесят пяць гадоў мы ўспамінаем трагедыі той вайны, смуткуем аб кожнай з незлічоных ахвяр і зноў абяцаем адзін аднаму ўмацоўваць давер і захоўваць мір.

Як і большасць еўрапейцаў майго пакалення, я вырас на кнігах і апавяданнях пра Другую сусветную вайну. Гісторыі той вайны служаць вечным напамінам пра тое, як нізка можа ўпасці чалавек і якім высокім можа быць яго дух, наколькі далікатныя мір і свабода, якія ніколі нельга ўспрымаць як належнае – іх заўсёды давядзецца абараняць.

Менавіта з руін і попелу Другой сусветнай вайны паўстаў Еўрапейскі саюз. 9 мая 1950 года Рабер Шуман, тагачасны міністр замежных спраў Францыі, выказаў сваю ідэю аб новай форме палітычнага супрацоўніцтва ў Еўропе, якая зробіць немагчымай вайну паміж еўрапейскімі народамі. Для нас у Еўрапейскім саюзе 9 мая – Дзень Еўропы, дзень, калі мы зноў пацвярджаем сваю прыхільнасць міру і еднасці.

Наш саюз – жывы праект. Ён расце, прыстасоўваецца да новых рэалій і стварае іх і кожны год прымае новыя выклікі. Наш падмурак – салідарнасць, і ў гэтым годзе яна набыла новае значэнне ва ўмовах процідзеяння пандэміі COVID-19 у краінах ЕС і ва ўсім свеце. Усе нашы 27 краін прымаюць рашучыя меры для ўмацавання сваіх сістэм аховы здароўя і змякчэння сацыяльна-эканамічных наступстваў пандэміі. ЕС мабілізуе ўсе наяўныя ў сваім распараджэнні сродкі для ўзмацнення ўзаемнай падтрымкі і каардынацыі сваіх дзеянняў у адказ па ўсіх напрамках.

У гэтым годзе я і пераважная большасць маіх калег з ЕС, якія знаходзяцца ў Мінску, не можам асабіста назіраць за парадам 9 мая. Мы схіляем галовы ў памяць пра кожнага салдата і мірнага жыхара, які прынёс найвышэйшую ахвяру ў той жудаснай вайне, што скончылася 75 гадоў таму. Мы назаўжды застанемся ў даўгу перад усімі, хто дзесяцігоддзямі нястомна працавалі, каб вярнуць грамадства да нармальнага жыцця і зрабіць так, каб новым пакаленням не давялося выпрабаваць, што такое вайна.

Сёння мы сутыкаемся з іншым, нябачным ворагам – каранавірусам. Я і мае калегі, якія прадстаўляюць краіны ЕС, лічым, што ў гэты ключавы перыяд часу ўсім варта прытрымлівацца рэкамендацый Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ). Мы салідарныя з усімі беларускімі медыкамі, якія ратуюць людзей ад нябачнай, але рэальнай пагрозы. Мы застаемся дома, каб дапамагаць тым, хто сёння апрануты не ў браню, а ў медыцынскія ахоўныя касцюмы.

Для нас гонар быць карыснымі. Мы адпраўляем дэзінфікуючыя сродкі ў школы, публікуем інфармацыйныя матэрыялы для груп высокай рызыкі, у барацьбу ўступаюць і нашы партнёры па трансгранічным супрацоўніцтве. Нашы сумесныя намаганні ў галіне аховы здароўя, прынятыя за апошнія некалькі гадоў, у тым ліку ў рамках праграмы BELMED, прынеслі свой плён: супрацоўнікі бальніц і паліклінік, якія абслугоўваюць шматлікія супольнасці ў Беларусі, цяпер лепш абсталяваны і навучаны, каб супрацьстаяць выклікам – як ужо знаёмым, так і новым. Вельмі хутка мы зможам дапамагаць больш; мы з нецярпеннем чакаем паставак ахоўных сродкаў і медыцынскіх матэрыялаў, аплачаных (на ўмовах сумеснага фінансавання) Еўрапейскім саюзам і арганізаваных СААЗ. Наша «Каманда Еўропа», у якую ўваходзяць інстытуты і краіны ЕС і многія міжнародныя фінансавыя інстытуты, мабілізавала значную падтрымку для аднаўлення эканомік краін Усходняга партнёрства.

На працягу ўсёй сваёй гісторыі і ўсяго мінулага стагоддзя беларускі народ выяўляў бяспрыкладную адвагу і стойкасць. Для ЕС Беларусь важная як непасрэдны сусед, як частка еўрапейскай спадчыны і як удзельнік шырокага еўрапейскай супольнасці нацый. Са святам, Беларусь! З Днём Перамогі і з Днём Еўропы! Мы c нецярпеннем чакаем магчымасці наступнай вясной арганізаваць свята на адкрытым паветры – ажыццявіць тое, што мы планавалі зрабіць у гэтым годзе.

Рэдакцыйныя раздзелы: