Delegation of the European Union to Honduras

Заява Высокага прадстаўніка ЕС Жазэпа Барэля ад імя Еўрапейскага саюза з нагоды Сусветнага дня свабоды друку

Brussels, 02/05/2020 - 10:05, UNIQUE ID: 200502_6
Press releases

У Сусветны дзень свабоды друку мы ўшаноўваем журналістыку, якая адыгрывае ключавую ролю ў адстойванні свабоды выказвання ў інтэрнэце і па-за ім у дэмакратычных грамадствах, у забеспячэнні празрыстасці і падсправаздачнасці.

Крызіс, выкліканы распаўсюдам COVID-19, наглядна прадэманстраваў важнасць працы прэсы. У часы нявызначанасці доступ да дакладнай, выверанай інфармацыі, сабранай без непажаданага ўмяшання і ўплыву, важны як ніколі і спрыяе ўмацаванню жыццястойкасці грамадстваў. Выклікае занепакоенасць той факт, што ў некаторых краінах пандэмія COVID-19 выкарыстоўваецца ў якасці падставы для незаконнага абмежавання свабоды друку.

Нягледзячы на ​​дадатковыя рызыкі і выклікі ў сувязі з пандэміяй COVID-19, журналісты ды іншыя супрацоўнікі сродкаў масавай інфармацыі ва ўсім свеце па-ранейшаму выконваюць сваю важную працу, часам у складаных абставінах. Яны даюць магчымасць найбольш неабароненым групам насельніцтва распавесці сваю гісторыю і быць пачутымі. Яны перадаюць звесткі з цяжкадаступных месцаў, у тым ліку з раёнаў канфліктаў. Яны падаюць важную інфармацыю пра наступствы пандэміі, часам катастрафічныя, у розных частках свету, а таксама дзеляцца натхняльнымі гісторыямі пра ўзаемадапамогу і мужнасць.

Журналісты ў вялікай ступені спрыяюць абмеркаванню і прыняццю рашэнняў пра тое, як рыхтаваць нашыя грамадствы да выклікаў, з якімі мы сутыкаемся, дапамагаюць грамадствам дасягаць бяспекі, дабрабыту і жыццястойкасці. Журналісты павінны мець магчымасць працаваць без перашкод. Падаецца, што цяпер свабода як ніколі важная як падмурак дэмакратыі, што квітнее толькі там, дзе грамадзяне атрымліваюць надзейную інфармацыю і могуць рабіць інфармаваны выбар. Журналісты дапамагаюць выяўляць дэзінфармацыю і супрацьстаяць ёй.

У многіх краінах журналісты вымушаныя змагацца з заканадаўчымі абмежаваннямі, якія ўводзяцца ў тым ліку з нагоды надзвычайнай сітуацыі з COVID-19 і абмяжоўваюць свабоду выказвання і свабоду прэсы. Расце колькасць выпадкаў адключэння інтэрнэту і закрыцця сайтаў. Рэпарцёры, у першую чаргу жанчыны, становяцца ахвярамі кампаній па дыскрэдытацыі, фінансавага ціску і нападаў з боку ўлады і ангажаваных сродкаў масавай інфармацыі, што часта вымушае журналістаў практыкаваць самацэнзуру. Многія журналісты сутыкаюцца з пераследам, адвольнымі арыштамі і зняволеннем. Многія загінулі, выконваючы сваю працу.

Еўрапейскі саюз змагаецца з наступствамі пандэміі ў сферах аховы здароўя, правоў чалавека і сацыяльна-эканамічнай сферы, у тым ліку і ў сферы СМІ, як у сваіх межах, так і па-за імі. Бескампрамісна адстойваючы свабоду выказвання, ЕС таксама змагаецца з дэзінфармацыяй пра COVID-19.
Гэта патрабуе падтрымкі і выкарыстання вартых даверу крыніц інфармацыі, зніжэння бачнасці фальшывага або падманнага кантэнту і выдалення супрацьзаконнай інфармацыі. Паспяховасць гэтых мер залежыць ад добрасумленнай працы адданых сваёй справе, смелых журналістаў, якія сваімі штодзённымі намаганнямі робяць грамадства больш бяспечным, справядлівым і дэмакратычным.

Сёння Еўрапейскі саюз выказвае сваю рашучую падтрымку незалежным і аўтарытэтным СМІ ўсяго свету ў іх важнай працы. Свабода прэсы - гэта права не толькі журналістаў ды іншых работнікаў СМІ, але і кожнага з нас.

Рэдакцыйныя раздзелы: