Delegation of the European Union to Central African Republic

Адносіны ЕС-Беларусь у фактах і лічбах

Брусэль, 10/06/2020 - 10:38, UNIQUE ID: 171114_17
Factsheets

За апошнія чатыры гады супрацоўніцтва паміж ЕС і Беларуссю ўзмацнілася. Дапамога для Беларусі з боку ЕС падвоілася і складае каля 30 мільёнаў еўра ў год. 8 студзеня 2020 года былі падпісаныя пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі. Яны ўступяць у сілу 1 ліпеня 2020 года. Беларусь актыўна ўдзельнічае ў шматбаковым фармаце Усходняга партнёрства. Двухбаковыя адносіны будуць умацоўвацца праз Прыярытэты партнёрства ЕС–Беларусь, якія ў цяперашні час абмяркоўваюцца. Яны дазволяць усталяваць стратэгічныя рамкі для супрацоўніцтва ў бліжэйшыя гады.

Заўважныя крокі, зробленыя Беларуссю ў сферы павагі ўніверсальных свабод, вяршэнства права, правоў чалавека, у тым ліку свабоды слова, выказвання і СМІ, а таксама працоўных правоў, застануцца асноватворнымі крытэрыямі пры фармаванні палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі. ЕС працягвае аказваць падтрымку Беларусі на шляху ўступлення ў Сусветную гандлёвую арганізацыю, паколькі гэта будзе спрыяць стварэнню больш прадказальнага і стабільнага бізнес-асяроддзя ў краіне.

PDF iconeap_factsheet_belarus_belarusian.pdf

 

Адносіны ЕС з Беларуссю грунтуюцца на Высновах Савета ад 15 лютага 2016 года. Еўрапейскі саюз адкрыты для далейшага развіцця адносін паміж ЕС і Беларуссю, а таксама для прыняцця далейшых крокаў па ўмацаванні палітычных адносін і галіновага супрацоўніцтва ў належным кантэксце. Адчувальныя крокі, што прымаюцца Беларуссю для забеспячэння ўніверсальных свабод, вяршэнства закона і правоў чалавека, застаюцца фундаментальнымі крытэрыямі для фармавання будучай палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі.

Вызваленне апошніх палітычных зняволеных з беларускіх турмаў 22 жніўня 2015 года стала станоўчым паваротным момантам і прывяло да таго, што ЕС прыняў рашэнне адмяніць большасць абмежавальных мер у лютым 2016 года, адначасова актываваўшы ключавы пакет эканамічных і іншых звязаных з супрацоўніцтвам мер. Дадзены пакет уключаў у сябе супрацоўніцтва з міжнароднымі фінансавымі інстытутамі, такімі як Еўрапейскі інвестыцыйны банк (ЕІБ) (link is external) і Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР), (link is external) узмоцненую падрыхтоўку да ўступлення ў Сусветную гандлёвую арганізацыю (СГА), і адмену квот на экспарт тэкстылю.

Астатнія абмежавальныя меры (эмбарга на пастаўкі зброі; забарона на экспарт тавараў для ўнутраных рэпрэсій; замарозка актываў; і забарона на ўезд у дачыненні да чатырох асоб, якія знаходзяцца пад санкцыямі ў сувязі з нераскрытымі справамі аб знікненнях двух апазіцыйных палітыкаў, аднаго бізнесмена і аднаго журналіста) у цяперашні час дзейнічаюць да 28 лютага 2021 года. Усе рашэнні, якія датычацца абмежавальных мер ЕС, патрабуюць аднадушнай згоды 28 дзяржаў-членаў ЕС.

Еўрапейскі саюз вельмі сур'ёзна ставіцца да сітуацыі ў галіне правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі, асабліва сітуацыі са свабодай сходаў і асацыяцый, асноватворнымі працоўнымі стандартамі, свабодай слова і сродкаў масавай інфармацыі. Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе, дзе ўсё яшчэ прымяняецца смяротнае пакаранне. Еўрапейскі саюз прытрымліваецца адназначнай пазіцыі ў дачыненні да смяротнага пакарання, якое парушае права на жыццё і з'яўляецца жорсткім, бесчалавечным і зняважлівым для годнасці пакараннем. Неабходна замяніць пазасталыя смяротныя прысуды на больш мяккія і ўвесці мараторый у якасці першага кроку да адмены смяротнага пакарання. ЕС неаднаразова ўздымаў пытанні правоў чалавека, у тым ліку смяротнага пакарання, перад беларускімі ўладамі на ўсіх узроўнях. ЕС гатовы падтрымліваць рэалізацыю Нацыянальнага плана дзеянняў у галіне правоў чалавека ў Беларусі на 2016-2019 гады, які ляжыць у аснове працэсу ўнутраных рэформ і змены заканадаўства, і распрацоўку новага плана па выніках праходжання Беларуссю трэцяга Універсальнага перыядычнага агляду ў 2020 годзе.

ЕС зноў і зноў падымае пытанні правоў чалавека, у тым ліку смяротнага пакарання, перад беларускімі ўладамі на ўсіх узроўнях. У ліпені 2015 года аднавілася правядзенне штогадовага Дыялогу ЕС-Беларусь па правах чалавека. Апошняе пасяджэнне ў рамках дыялогу прайшло ў чэрвені 2019 года. Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці прымаюць удзел у гэтых сустрэчах.

Беларусь актыўна ўдзельнічае ў шматбаковых фарматах Усходняга партнёрства. У 2019 года ў Беларусі адбыўся шэраг нарад на тэхнічным узроўні па пытаннях каардынацыі выкарыстання спектру, параўнальнага аналізу рынкаў тэлекамунікацый, распрацоўкі стратэгій шырокапалоснай сувязі, а таксама пасяджэнне панэлі па міграцыі і інтэграваным кіраванні межамі. У 2018 годзе ў Мінску прайшоў 10-ы раўнд нефармальных міністэрскіх дыялогаў. Перамовы аб Прыярытэтах партнёрства паміж ЕС і Беларуссю пачаліся ў 2016 годзе і блізкія да завяршэння. Пасля свайго прыняцця гэты дакумент стане важным і беспрэцэдэнтным структурным элементам у адносінах ЕС з Беларуссю, вызначыць стратэгічныя рамкі і ўзмоцніць супрацоўніцтва ва ўсіх галінах, уключаючы правы чалавека, забеспячэнне ядзернай бяспекі, належнага кіравання і вяршэнства права.

У 2016 годзе была створана Каардынацыйная група ЕС-Беларусь для таго, каб служыць пляцоўкай для палітычнага дыялогу на ўзроўні высокапастаўленых службовых асоб. Каардынацыйная група рэгулюе супрацоўніцтва паміж ЕС і Беларуссю і сочыць за далейшым развіццём адносін. Апошняе пасяджэнне Каардынацыйнай групы адбылося 17-18 снежня 2019 года. У ходзе кожнай сустрэчы ў адпаведнасці з палітыкай Еўрапейскага саюза па забеспячэнні супрацоўніцтва і ўдзелу грамадзянскай супольнасці ЕС заклікае беларускія ўлады праводзіць шырокія кансультацыі з усімі зацікаўленымі бакамі.

ЕС з'яўляецца найбуйнейшым донарам для Беларусі. Дапамога ЕС для Беларусі за кошт Еўрапейскага інструмента суседства (ENI) была запланавана на ўзроўні ад 129 да 158 мільёнаў еўра за сем гадоў (2014-2020 гады). Пасля станоўчых падзей 2016 года ЕС павялічыў больш чым удвая агульны аб'ём сваёй фінансавай дапамогі, давёўшы яго прыкладна да 30 мільёнаў еўра ў кожны з наступных гадоў. Больш за 110 мільёнаў еўра было выдзелена Беларусі за кошт Еўрапейскага інструмента суседства ў перыяд з 2014 па 2018 год.

Для атрымання дадатковай інфармацыі аб фінансавым супрацоўніцтве, калі ласка, зайдзіце на старонку Беларусі ў DG NEAR (Генеральным дырэктараце па палітыцы суседства і перамоў аб пашырэнні).

Мабільнасць і кантакты паміж Еўрапейскім саюзам і грамадзянамі Беларусі

ЕС прыхільны ўмацаванню ўзаемадзеяння з беларускім народам і грамадзянскай супольнасцю. У апошнія гады расце падтрымка Беларусі ў сферы адукацыі, мабільнасці, працы з моладдзю і спрашчэння кантактаў паміж людзьмі.

8 студзеня 2020 года былі падпісаныя Пагадненні паміж ЕС і Беларуссю аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі, якія адкрылі шлях для павышэння мабільнасці грамадзян, спрыяючы ўмацаванню сувязей паміж ЕС і яго суседзямі па Усходнім партнёрстве. Пагадненні будуць цяпер унесены ў Еўрапейскі парламент на зацвярджэнне. Пасля гэтага Савет зможа афіцыйна завяршыць ратыфікацыю абодвух пагадненняў, папярэдне атрымаўшы ацэнку Камісіі ў дачыненні бяспекі і цэласнасці дыпламатычнага біяметрычнага пашпарта Беларусі. Абодва пагадненні ўступяць у сілу ў першы дзень другога месяца пасля ратыфікацыі.

Адразу ж пасля уваходжання ў сілу пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму палегчыць для беларускіх грамадзян атрыманне кароткатэрміновых віз для ўезду ў Еўрапейскі саюз, паколькі візавы збор будзе зніжаны да 35 еўра, плата за абслугоўванне будзе абмежавана, а максімальны тэрмін для прыняцця консульствамі рашэння аб выдачы візы будзе скарочаны. Некалькі катэгорый асоб, у тым ліку журналісты, студэнты і члены афіцыйных дэлегацый, змогуць атрымліваць шматразовыя візы з усё больш працяглым тэрмінам дзеяння. Пры гэтым ім давядзецца прадстаўляць меншую колькасць дакументаў, якія пацвярджаюць мэту паездкі. Пагадненне аб рэадмісіі ўсталюе на аснове ўзаемнасці працэдуры бяспечнага і ўпарадкаванага вяртання асоб, якія незаконна пражываюць у ЕС альбо Беларусі, з поўным захаваннем іх правоў у адпаведнасці з міжнароднымі нормамі. Беларусь у аднабаковым парадку прыняла меры для палягчэння кароткатэрміновых бязвізавых паездак грамадзян ЕС, якія прыбываюць у Мінск.

Падтрымка ЕС ажыццяўляецца з выкарыстаннем розных інструментаў, такіх як Erasmus+ (Tempus), праграма даследаванняў і супрацоўніцтва (у цяперашні час Horizon 2020), EU4youth (link is external), Праграма прафесійнай адукацыі і навучання, Еўрапейская школа для Усходняга партнёрства ў Грузіі, (link is external) Стыпендыяльная схема для маладых беларусаў. У 2014 годзе была запушчана спецыяльная праграма мабільнасці MOST (link is external) для садзейнічання мабільнасці беларускіх спецыялістаў, якія жадаюць усталяваць кантакты ў краінах ЕС.

ЕС працягвае актыўна падтрымліваць грамадзянскую супольнасць, паколькі такая падтрымка з'яўляецца краевугольным каменем грамадства, якое паспяхова функцыянуе і квітнее. 11 верасня 2018 года Еўрапейскі саюз і 17 дзяржаў-членаў ЕС, якія маюць дыпламатычныя прадстаўніцтвы ў Мінску, прынялі «Дарожную карту ўзаемадзеяння ЕС з грамадзянскай супольнасцю» на перыяд з 2018 па 2020 год. Дакумент быў цёпла сустрэты арганізацыямі грамадзянскай супольнасці, асабліва ў сувязі з тым, што ён дазваляе ім далей планаваць сваю дзейнасць у адпаведнасці з заяўленымі на бліжэйшыя гады прыярытэтамі.

Еўрапейскі саюз з'яўляецца другім асноўным гандлёвым партнёрам Беларусі. На долю ЕС прыпадае амаль адна трэць ад агульнага аб'ёму гандлю краіны. Апошнія гады аб'ёмы двухбаковага гандлю таварамі паміж ЕС і Беларуссю няўхільна расце. У беларускім экспарце ў ЕС дамінуюць выкапнёвыя віды паліва, у той час як ЕС у асноўным экспартуе ў Беларусь абсталяванне, транспартныя сродкі і хімікаты.

За апошнія два гады ЕС і Беларусь наладзілі афіцыйны Дыялог па гандлі, які праводзіцца два разы на год для рэгулярнага абмену інфармацыяй, у тым ліку па ўнутраных нормах і іншых гандлёвых пытаннях. Гэты дыялог таксама прадастаўляе платформу для абмеркавання адпаведных магчымасцяў па паляпшэнню сітуацыі ва ўзаемным гандлі. ЕС падтрымлівае Беларусь у працэсе ўступлення ў СГА, якое будзе спрыяць стварэнню ў краіне больш прадказальнага і стабільнага дзелавога асяроддзя, што з'яўляецца неабходнай умовай для прыцягнення інвестараў і дыверсіфікацыі беларускай эканомікі. Еўрапейскі саюз аказвае тэхнічную дапамогу для садзейнічання гэтаму працэсу з дапамогай твіннінг-інструмента TAIEX.

У апошнія гады крэдытны мандат Еўрапейскага інвестыцыйнага банка (ЕІБ) (link is external) распаўсюдзіўся на Беларусь. Фінансавая дзейнасць Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) (link is external) у Беларусі таксама была пашырана.

Мытны дыялог ЕС-Беларусь, распачаты ў 2016 годзе, працягваецца на штогадовай аснове і накіраваны на вызначэнне магчымасцяў для супрацоўніцтва і прадастаўлення дапамогі з мэтай спрашчэння ўмоў гандлю, забеспячэння бяспекі ланцужку паставак і барацьбы з махлярствам. У снежні 2019 года Савет ЕС упаўнаважыў Камісію пачаць перамовы па Пагадненні аб мытным супрацоўніцтве і ўзаемнай адміністрацыйнай дапамозе з Беларуссю. Такое пагадненне будзе накіравана на паляпшэнне прымянення мытнага заканадаўства, зніжэнне ўзроўню мытнага махлярства, асабліва кантрабанды тытунёвых вырабаў, і, як чакаецца, будзе садзейнічаць павышэнню ўзроўню мытных і падатковых паступленняў у ЕС.

На штогадовай аснове праводзіцца некалькі галіновых дыялогаў па эканамічных і фінансавых пытаннях, а таксама па пытаннях навакольнага асяроддзя і клімату. ЕС актывізуе рэалізацыю шэрагу мер, якія будуць стымуляваць адносіны паміж ЕС і Беларуссю ў некалькіх галінах, звязаных з эканомікай, гандлем і энергетыкай. Праграма «Стымуляванне развіцця прыватнай ініцыятывы ў Беларусі» (SPRING) накіравана на падтрымку прыватных эканамічных ініцыятыў на месцах у мэтах развіцця прыватнага сектара, стымулявання намаганняў па стварэнні працоўных месцаў і садзейнічання эканамічнаму росту ў Беларусі. Падтрымка ЕС таксама ўключае ў сябе шырокамаштабную праграму дзелавога кансультавання, што рэалізуецца ЕБРР, і праект, які стымулюе распрацоўку стратэгій спрыяння занятасці і экасістэм для падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу і прадпрымальніцтва на мясцовым узроўні, якія рэалізуюцца ПРААН.

Іншыя ініцыятывы ЕС, такія як Пагадненне мэраў Усход - Этап II (link is external) і Мэры за эканамічны рост, прапануюць грантавую падтрымку мясцовым органам улады, якія найбольш актыўна ўдзельнічаюць у прыняцці пілотных мер па павышэнні энергаэфектыўнасці і стварэнні працоўных месцаў, што ўзмацняе ролю мясцовых органаў улады ў эканамічным развіцці.

19 чэрвеня 2017 года Беларусь далучылася да Усходнееўрапейскага партнёрства па энергаэфектыўнасці і навакольнага асяроддзі (E5P) (link is external). Гэты Мэтавы фонд, кіраваны ЕБРР, падтрымлівае крэдытаванне праектаў муніцыпальнага сектара па пытаннях энергаэфектыўнасці і навакольнага асяроддзя ва ўсіх краінах Усходняга партнёрства.

Беларусь мае адны з лепшых паказчыкаў сярод краін Усходняга партнёрства ў рамках праграмы Horizon 2020 у галіне даследаванняў і інавацый. У рамках Працоўнай праграмы Horizon 2020 амаль 200 млн еўра былі выдзелены на шэраг ініцыятыў, накіраваных на павелічэнне энергаэфектыўнасці і рэсурсаэфектыўнасці ў перапрацоўчай прамысловасці (SPIRE) з асаблівым геаграфічным акцэнтам на краінах Усходняга партнёрства.

З 2011 года ЕС аказвае тэхнічную дапамогу беларускаму ядзернаму рэгулюючаму органу, выкарыстоўваючы Інструмент па супрацоўніцтве ў галіне ядзернай бяспекі (INSC), на дадзены момант выдзелена больш за 8 мільёнаў еўра. Гэта супрацоўніцтва важна для атамнай электрастанцыі, якая будуецца ў Астраўцы ў Беларусі.

Захаванне найвышэйшых стандартаў у сферы ядзернай бяспекі з'яўляецца ключавым прыярытэтам для ЕС, асабліва ў сувязі з размяшчэннем новых аб'ектаў, якія будуюцца, так блізка да межаў ЕС. ЕС чакае ад Беларусі канструктыўнага супрацоўніцтва з адпаведнымі міжнароднымі органамі.