Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі

Заява Высокага Прадстаўніка ЕС Федэрыкі Магерыні ад імя Еўрапейскага саюза з нагоды Міжнароднага дня ў падтрымку ахвяр катаванняў, 26 чэрвеня 2019 года

02/07/2019 - 15:04
News stories

З нагоды Міжнароднага дня ў падтрымку ахвяр катаванняў Еўрапейскі саюз зноў заяўляе аб сваiм рашучым асуджэнні любых відаў катаванняў ва ўсім свеце. Такое злачынства, як катаванні, можа быць накіравана супраць любой асобы, прымяняцца ў розных формах і абставінах, і ЕС у сваіх ініцыятывах надае першачарговую ўвагу ўсім ахвярам катаванняў, у тым ліку непрызнаным, праігнараваным альбо тым, хто не атрымаў належнай увагі.

Міжнародным правам прадугледжана безумоўная забарона катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых чалавечую годнасць відаў абыходжання. У час пастаяннага наступу на гэтую забарону па ўсім свеце Еўрапейскі саюз зноў заклікае да ратыфікацыі і эфектыўнага выканання Канвенцыі ААН супраць катаванняў і Факультатыўнага пратакола да яе ўсімі краінамі. Пазітыўнымі прыкладамі тут служаць нядаўняя ратыфікацыя Канвенцыі Багамскіміх астравамі і ратыфікацыя Факультатыўнага пратакола Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікай.

Для актывізацыі намаганняў па пазбаўленні свету ад катаванняў ЕС выкарыстоўвае ўсе свае палітычныя і фінансавыя інструменты: ад абароны ахвяр, у тым ліку найбольш уразлівых, і павышэння дасведчанасці шляхам публічнага асуджэння выпадкаў жорсткага абыходжання да настойлівых заклікаў да дзяржаў выконваць міжнародна-прававыя абавязацельствы, расследаваць паведамленні аб катаваннях і прыцягваць вінаватых да адказнасці. Найважнейшым аспектам працы з'яўляецца і забеспячэнне кампенсацыі ахвярам.

Акрамя таго, у рамках сваёй знешняй дзейнасці ЕС і яго краіны-члены пастаянна падтрымліваюць палітычны і праваабарончы дыялог з трэцімі краінамі, а таксама аказваюць фінансавую падтрымку арганізацыям грамадзянскай супольнасці ў справе барацьбы з катаваннямі. За апошнія чатыры гады ў рамках Еўрапейскага інструмента садзейнічання дэмакратыі і правам чалавека было выдзелена 23 млн еўра на падтрымку праектаў па барацьбе з катаваннямі ва ўсім свеце; у 2019 годзе плануецца выдзеліць яшчэ 8 млн еўра.

Прагрэс у выкараненні катаванняў дасягаецца нават у бягучай абстаноўцы, якая характарызуецца складанасцямі і адкатамі назад. Можна дасягнуць і большага, калі ўсе мы будзем працаваць разам, на міжнародным, нацыянальным і рэгіянальным узроўнях, рука аб руку з грамадзянскай супольнасцю, асабліва праваабаронцамі, якія адважна выступаюць супраць катаванняў ва ўсім свеце.

Глабальны альянс супраць гандлю прыладамі катаванняў, ініцыятарамі якога выступаюць ЕС, Аргенціна, Манголія і Каба-Вердэ, –  гэта міжрэгіянальная ініцыятыва, якая аб'яднала больш за 60 краін, якія прынялі на сябе абавязацельствы па выкараненні сусветнага гандлю таварамі, што выкарыстоўваюцца для катаванняў і смяротнага пакарання. ЕС заклікае дзяржавы падтрымліваць працу, якая вядзецца на ўзроўні ААН, па ўсталяванні адзіных міжнародных стандартаў у гэтай сферы.

Рэдакцыйныя раздзелы: