Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі

Усходняе партнёрства спрыяе развіццю больш моцнай эканомікі і больш моцнага грамадства ў шасці краінах-усходніх партнёрах ЕС

07/12/2018 - 15:48
News stories

Сёння ў Вене аўстрыйскае старшынства ў Савеце Еўрапейскага саюза сумесна з Еўрапейскай камісіяй ладзяць 5-ы бізнес-форум Усходняга партнёрства, пасля якога 7 снежня адбудзецца штогадовая канферэнцыя Усходняга партнёрства. У гэтых двух мерапрыемствах возьмуць удзел высокапастаўленыя прадстаўнікі ЕС і шасці ўсходніх партнёраў – Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Рэспублікі Малдова і Украіны – з мэтай садзейнічання сацыяльна-эканамічнаму развіццю ва ўсім рэгіёне.

Напярэдадні свайго ўдзелу Камісар ЕС па пытаннях еўрапейскай палітыкі суседства і перамовах аб пашырэнні Ёханес Хан зазначыў: «Бізнес-форум і штогадовая канферэнцыя Усходняга партнёрства – гэта выдатная магчымасць паглядзець на нашы сумесныя дасягненні на сённяшні дзень у рамках Усходняга партнёрства і рэалізацыі 20 ключавых задач да 2020 году. У гэтай сувязі, ЕС будзе прасоўваць далейшыя рэформы, каб забяспечыць належнае бізнес-асяроддзе для малых і сярэдніх прадпрыемстваў і ствараць дадатковыя магчымасці вучыцца, працаваць ды паўнавартасна ўдзельнічаць у жыцці грамадства для маладых людзей.»

Абодва мерапрыемствы стануць пляцоўкай для абмеркавання шляхоў далейшага развіцця больш моцнай эканомікі і больш моцнага грамадства, каб спрыяць павышэнню дабрабыту і стандартаў жыцця грамадзян і тым самым забяспечваць большую стабільнасць у рэгіёне. У рамках панэльных дыскусій таксама будуць абмяркоўвацца шляхі далейшага развіцця МСП і прыцягнення прамых замежных інвестыцый, стварэння і захавання магчымасцей для працаўладкавання ў краінах-партнёрах, а таксама садзейнічання развіццю прафесійных навыкаў у адпаведнасці з патрэбамі рынку.

Гэтыя два мерапрыемствы адбудуцца як раз на пярэдадні 10-й гадавіны Усходняга партнёрства ў наступным годзе і збяруць амаль 500 удзельнікаў ад урадавых структур зацікаўленых бакоў, прадстаўнікоў інстытутаў ЕС, міжнародных фінансавых інстытутаў, членаў Еўрапейскага парламента, а таксама няўрадавых прадстаўнікоў аналітычных цэнтраў, грамадзянскай супольнасці, бізнесу, моладзі і акадэмічных колаў.

Даведка:

Распачатае ў 2009 годзе ў якасці сумеснай палітычнай ініцыятывы, Усходняе партнёрства (УП) скіраванае на паглыбленне і ўмацаванне адносін паміж Еўрапейскім саюзам (ЕС), яго дзяржавамі-членамі і шасцю ўсходнімі суседзямі: Азербайджанам, Арменіяй, Беларуссю, Грузіяй, Рэспублікай Малдовай і Украінай. У рамках УП усе партнёры пагадзіліся забяспечыць рэальныя выгады для паўсядзённага жыцця сваіх грамадзян, засяродзіўшы ўвагу на дасягненні 20 ключавых вынікаў да 2020 года.

У рамках ініцыятывы EU4Business, Еўрапейскі саюз забяспечвае доступ да фінансавання, падтрымлівае экспарт на новыя рынкі і прапануе экспертныя паслугі малым прадпрыемствам ва ўсіх шасці краінах-партнёрах. Пачынаючы з 2009 года ЕС уклаў €348 млн. у падтрымку 70 000 прадпрыемстваў і паспрыяў атрыманню крэдытаў на суму ў €1,96 млрд і стварэнню 28 000 новых працоўных месцаў.

Паляпшэнне перспектыў для моладзі знаходзіцца ў цэнтры палітыкі супрацоўніцтва Еўрапейскага саюза ў рамках Усходняга партнёрства. Еўрапейскі саюз спрыяе развіццю лідэрскіх і прадпрымальніцкіх навыкаў каля 23 000 асобаў; выдзяляе сродкі, каб больш за 80 000 маладых людзей, спецыялістаў па працы з моладдзю, студэнтаў і выкладчыкаў скарысталіся магчымасцямі абмену ў рамках праграмы Erasmus+; заснаваў Еўрапейскую школу Усходняга партнёрства.

 

Дадатковая інфармацыя

Усходняе партнёрства: 20 ключавых вынікаў да 2020 году

Падтрымка бізнесу з боку ЕС у рамках Усходняга партнёрства

Падтрымка моладзі з боку ЕС у рамках Усходняга партнёрства

Languages:
Рэдакцыйныя раздзелы: